Скандалы
Арцём Гарбацэвіч, «Наша Ніва»

Беларуса-стваральніка расісцкага Misantropic Division, супраць якога завялі справу ў Расіі, ужо няма ў жывых

Расійскі Следчы камітэт паведаміў, што ў Расіі заведзена крымінальная справа ў адносінах грамадзяніна Беларусі Дзмітрыя Паўлава, які лічыцца стваральнікам ультраправай арганізацыі Misantropic Division (у скарачэнні — MD).

Удзельнікі MD прапагандавалі расісцкія і неанацыскія погляды, філіі «Мізантропік дзівіжн» ёсць у многіх краінах Еўропы і гарадах Расіі. Шмат хто з шэрагаў MD браў удзел у канфлікце на ўсходзе Украіны, змагаючыся з прарасійскімі баявікамі.

Аднак цяпер гэты рух амаль што развалены.

Як стала вядома «Нашай Ніве», гэты самы Дзмітрый Паўлаў (які па версіі расійскіх сілавікоў цяпер хаваецца ў Германіі) два гады таму загінуў у зоне АТА.

«Ён бы пасмяяўся, убачыўшы, што супраць нежывога завялі крымінальную справу», — паведаміла нам адна з крыніцаў.

«Сувязі з ім няма, ён загінуў у 2014», — дадала іншая.

Таксама не трэба выключаць, што гэта можа быць адмысловая кампанія па дэзынфармацыі, каб увесці следства ў зман. Праўда, сябры MD ніколі не хаваліся і з ахвотай давалі інтэрв'ю нават расійскім СМІ, дзе даводзілі пра ідэі «чыстай белай еўропы» і г.д.

Дарэчы, сёння ідэалогію Misantropic Division перанялі іхнія фактычныя праціўнікі (але шмат у чым аднадумцы) — расійскія неанацысты, якія ваююць супраць Кіева.

Так, рух «Misantropic Division Novorossia» узначальвае Аляксей Мільчакоў — скуралуп, камандзір дыверсійнай групы ДНР «Русіч», на трэніроўкі да якога нядаўна вазілі беларускіх школьнікаў.

Пра пераслед удзельнікаў «MD Novorossia» з боку расійскіх сілавікоў нічога не паведамляецца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)