Беларусь зноў зацікавілася сваёй дыяспарай. Ці надоўга?

Пасля некалькіх гадоў маўчання ў Беларусі зноў аднавіліся размовы пра закон "Аб суайчынніках, якія пражываюць за мяжой". Па словах віцэ-прэм'ера Рэспублікі Беларусь Аляксандра Касінца, Савет Міністраў пачынае распрацоўку законапраекта і стварыў адмысловую рабочую групу.

Праца па такім законапраекце пачыналася яшчэ ў 2001 г. Але так і не дайшла да лагічнага завяршэння – прыняцця самога закона. І вось нарэшце падрыхтавана чарговая канцэпцыя, у адпаведнасці з якой павінен быць распрацаваны законапраект. Але яго разгляд так і не з’явіўся ў плане падрыхтоўкі законапраектаў Палаты прадстаўнікоў на 2007 г.

Ці ведаюць беларусы замежжа аб прыняцці закона? Якія нормы і паняцці закладзены ў ім? Якім чынам будуць абароненыя правы і інтарэсы нашых замежных суайчыннікаў? З гэтымі пытаннямі МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” звярнулася ў Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь і да Упаўнаважанага пра справах рэлігій і нацыянальнасцяў.

У сваіх лістах “Бацькаўшчына” прапанавала правесці шырокае абмеркаванне законапраекта ў асяродках беларускай дыяспары ў 25 краінах свету і выказала гатоўнасць арганізаваць такое абмеркаванне. Таксама Згуртаванне нагадала пра тое, што яшчэ ў 2001 г. была распрацавана канцэпцыя законапраекта, а ў 2002 г. і сам законапраект, які так і не быў прыняты па невядомых прычынах. Тады “Бацькаўшчына” была сябрам рабочай групы па распрацоўцы законапраекту і выйшла з шэрагам заўваг і прапаноў, зробленых як на падставе пажаданняў беларускай дыяспары, выказаных на трох з’ездах беларусаў свету, так і аналізе падобных законапраектаў суседніх унітарных краін. “Бацькаўшчына” прапанавала вярнуцца да гэтага пытання і ўлічыць згаданыя прапановы і заўвагі.

З пытаннямі аб тым, што чакае дыяспара ад закона, "Бацькаўшчына" звярнулася да беларусаў замежжа.

"Без мяне, мяне жанілі"

Самы вялікі непакой выклікае тое, што беларуская дыяспара фактычна пазбаўленая магчымасці ўдзельнічаць у працэсе распрацоўкі закона – закона, які тычыцца іх жыцця непасрэдна. Трэба адзначыць, што з апытаных прадстаўнікоў дыяспары праект закона не бачыў ніхто. Некаторыя зусім не ведалі пра аднаўленне працы над ім, астатнія даведаліся пра яго праз СМІ.

Алег Рудакоў з Расіі (старшыня Таварыства беларускай культуры імя Я.Чэрскага) кажа: "Мы нічога не чулі. А калі б атрымалі праект, даслалі б свае прапановы".

Пра тое ж кажа і Вячаслаў Елкановіч з Беларускага культурнага клуба ў Сіднеі (Аўстралія): “Пра законапраект, вядома, я чуў. Я чытаю ўсю прэсу, але мала падрабязнасцяў. Мы не бачылі законапраекта, не ведаем, на што ён накіраваны, ягоную мэту, і якім ён будзе".

А старшыня Саюза беларусаў ва Украіне Ірына Аржахоўская заўважае: "Калі закон, напісаны для нас, то хацелася б яго ўсё ж убачыць. А тое атрымаецца, як кажуць рускія, "без меня меня женили"".

"Мы павінны адчуваць сабе адзінай нацыяй"

Кожная паважаючая сабе краіна працуе з суайчыннікамі за мяжой. Беларусь жа, якая атрымала незалежнасць ужо 17 год таму, да гэтага часу не замацавала правілы супрацоўніцтва з дыяспарай на заканадаўчым узроўні.

Пры гэтым колькасць беларусаў за межамі Беларусі вядзецца на мільёны – па ацэнках спецыялістаў "Бацькаўшчыны" каля трох мільёнаў. Гэта фактычна траціна насельніцтва самой Беларусі. Сёння гэтыя людзі, калі і прыязджаюць у Беларусь, лічацца тут замежнікамі і не адрозніваюцца ад немца ці француза, які завітаў да нас у госці. Пры гэтым беларусы замежжа – гэта тыя людзі, якія актыўна працуюць на ніве беларушчыны за межамі Радзімы, актыўна рэпрэзентуюць саму краіну Беларусь, яе культуру і мову. І таму беларусы замежжа даўно чакаюць падобны закон.

Алег Рудакоў распавёў пра сваё бачанне: "У прэамбуле гэтага закона павінна быць напісана: "Рэспубліка Беларусь разумее, што лёс нашай краіны быў вельмі цяжкі і склаўся так, што беларусы вымушаныя былі з'ехаць пад час яшчэ сталыпінскай рэформы, потым рэпрэсіяў” і г.д. І ў законе павінна быць адлюстравана, што хай хаця і не грамадзяне, але беларусы за мяжою – сыны і дочкі, свае беларусы. Мы павінны адчуваць сабе адзінай нацыяй. Я ж з'ехаў не па сваім жаданні. Мяне накіравалі. І што я цяпер – кінуты? Не павінна быць так. І дзяржава павінна клапаціцца пра дыяспару. І праводзіць палітыку па дапамозе. Беларусь не павінна забывацца на беларусаў замежжа. Беларусы за мяжой не будуць паддавацца асіміляцыі, калі будуць ведаць і разумець, што іх краіна клапоціцца пра іх”.

Шмат хто з дыяспары марыць пра дазвол на падвоенае грамадзянства, які б быў замацаваны ў законе.

"Я лічу, што ў законе павінна быць запісанае падвоенае грамадзянства. Я нарадзіўся ў Беларусі, быў вымушаны з'ехаць. Беларусь – мая радзіма. Але зараз я маю расійскае грамадзянства, я маю тут працу, пусціў карані, але ў Беларусі ў мяне бацькі. Я б хацеў мець падвоенае грамадзянства", – кажа Алег Рудакоў.

Думку працягвае і старшыня беларускага саюза ў Эстоніі Ніна Савінава: "Калі гэта магчыма, хацелася б мець падвоенае грамадзянства. Я атрымала эстонскае за заслугі, але беларускае для мяне таксама важнае".

Пра ўмовы атрымання беларускага грамадзянства кажа старшыня Рады Нацыяна-культурнага асяродка "Беларусь" з Казахстана Леанід Піталенка: “Вельмі хацелася б бачыць у законе спрошчаную працэдуру атрымання беларускага грамадзянства для тых, хто нарадзіўся ў Беларусі альбо мае там блізкіх сваякоў, для тых, хто калісьці па волі лёсу выехаў за мяжу, але жадае вярнуцца на Радзіму”.

Натуральна, што прадстаўнікі дыяспары звяртаюць увагу і на сацыяльныя ўмовы. Алег Рудакоў хацеў бы, каб дыяспары маглі выдаваць пасведчанні сваім сябрам і банальны гатэль не каштаваў для яго ў 3-4 разы даражэй за кошт для грамадзянаў Беларусі. Таму што ён не проста грамадзянін Расіі, ён яшчэ і беларус.

"Трэба яшчэ, каб для беларусаў замежжа быў бязвізавы рэжым. А то плацім, як іншаземцы, зараз. У законе павінна быць замацавана магчымасць атрымліваць сацыяльныя паслугі, набываць маёмасць і браць удзел у палітычным жыцці краіны", – распавядае Ніна Савінава.

Леанід Піталенка кажа пра неабходнасць вярнуць квоты для моладзі замежжа – этнічных беларусаў – пры паступленні ў сярэднія спецыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы Беларусі.

Сістэмнасць ў дапамозе беларускай дыяспары ва Украіне хацела б бачыць замацаванай у законе Ірына Аржахоўская: "Нейкую дапамогу мы атрымліваем, напрыклад, ад Міністэрства культуры з касцюмамі, але гэта не сістэмна, а па нашых просьбах".

Трохі па іншаму ставяцца прадстаўнікі больш далёкіх краінаў. Вячаслаў Елкановіч кажа: "Нават калі б быў прыняты самы сучасны закон, то аўстралійская дыяспара не прыняла б дапамогу ад гэтага рэжыму. Аўстралійская дыяспара ставіцца да гэтага вельмі жорстка". А старшыня Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі Алена Міхалюк кажа пра дапамогу дыяспары Беларусі наступнае: "У Англіі ўсім забяспечаны. І мы працуем, каб нечым дапамагчы Беларусі. Нам патрэбна хіба што дапамога духоўная, натхненне да большай дэмакратызацыі ад суполак і апазіцыі".

Рэпатрыяцыя беларусаў – ці рэальна гэта?

Беларускія ўлады таксама адзначылі, што закон "Аб суайчынніках за мяжой" будзе скіраваны на вяртанне беларусаў на гістарычную радзіму. Карціна атрымліваецца амаль што ідэалістычная, але...

Шмат у якіх краінах беларусы жывуць не першае пакаленне, як кажуць, "пусцілі карані". Акрамя таго, умовы жыцця ў Беларусі па-іншаму глядзяцца з берагоў, напрыклад, Вялікабрытаніі, ЗША, Аўстраліі і інш., і нават з Прыбалтыкі. Якія ўмовы павінны быць створаныя беларускай дзяржавай, каб беларусы вярнуліся ў Беларусь – пра гэта мы запыталіся ў прадстаўнікоў дыяспары.

У дэмакратычную краіну хоча вярнуцца Алег Рудакоў: "Каб людзі пачалі вяртацца перш за ўсё Беларусь павінна стаць дэмакратычнай краінай. Выконваць асноўныя правы чалавека. Нават я б вярнуўся ў сваю краіну. Але сёння я не магу. Чалавек не можа ісці ад добрага да горшага. Вось калі можна будзе выбіраць сярод добрага і лепшага, тады шмат хто абярэ Радзіму. Мы павінны адчуць адзінства нацыі. Адчуць, што мы разам будуем Беларусь, самастойную дзяржаву, якая не падпадзе ні пад якую пяту, клапоціцца пра сваю культуру, мову, народ. На гэтым патрыятызме мы аб'яднаемся, і пытанне вяртання будзе актуальным".

Ён таксама гаворыць, што і зараз ёсць людзі, якія едуць бліжэй да сваякоў, але не ў саму Беларусь: "А едуць у Смаленск, Калінінград, Маскву і г.д. Напрыклад, ваенныя пенсіянеры, якія тут дапрацавалі, і ў Беларусь хочуць паехаць, але ці не будуць яны губляць у грашах? Акрамя таго, складная сістэма атрымання беларускага грамадзянства. Вельмі складаная. Калі б былі створаныя ільготныя ўмовы атрымання грамадзянства для беларусаў, якія вяртаюцца з-за мяжы…".

Пра неабходнасць належнага сацыяльнага забеспячэння рэпатрыянтаў кажа Ніна Савінава: "Самае галоўнае – сацыяльныя ўмовы для вяртання. Калі ехаць, дык не проста як жабракі. Мы тут нарадзіліся, і ў нас ёсць закон. Калі Беларусь запросіць і прадставіць належныя ўмовы, многія б прыехалі з постсавецкай прасторы. Вельмі многа людзей ва ўзросце, якія б хацелі памерці ў Беларусі. Але пенсіянеры не забяспечваюцца на патрэбным узроўні".

Па розных прычынах не бачаць сэнсу ў рэпатрыяцыі прадстаўнікі дыяспараў з Вялікабрытаніі і Аўстраліі.

Алена Міхалюк кажа: "З Англіі няма такіх людзей, якія б хацелі вярнуцца. Нас мала засталося са старой хвалі эміграцыі. Калі пра новую эміграцыю, то нам цяжка сказаць. А са старой эміграцыі няма ніводнага чалавека. Далёка карані пусцілі. Дзеці, унукі...".

Вячаслаў Елкановіч адзначае: "Тых, хто захацеў бы сёння паехаць у Беларусі з Аўстраліі, я не ведаю. Сёння нават размовы пра тое, каб прамяняць Аўстралію на таталітарны рэжым, ніхто не вядзе. Нават у думках такога няма".

Саму тэндэнцыю вяртання дзяржаўных органаў Беларусі да разгляду законапраекта, які датычыць беларускай дыяспары, МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” ацэньвае пазітыўна. Але вялікую занепакоенасць выклікаюць адсутнасць шырокага абмеркавання законапраекта ў асяродках беларускай дыяспары, выключэнне з гэтага працэсу тых грамадскіх арганізацый Беларусі, які непасрэдна і на працягу доўгага часу працуюць з беларусамі замежжа.

Робіцца відавочным, што згаданы законапраект носіць палітычны характар. Яго прыняцце ва ўмовах ізаляванасці ад мэтавай групы можа прывесці да павярхоўнасці, а таксама паглыблення падзелу з боку дзяржаўных органаў на “сваіх” і “чужых” у беларускай дыяспары.

Менавіта таму Згуртаванне “Бацькаўшчына” будзе і надалей інфармаваць беларускую дыяспару аб сітуацыі вакол згаданага закона. Калі адпаведныя дзяржаўныя органы не падтрымаюць прапанову “Бацькаўшчыны” правесці шырокае абмеркаванне законапраекта, мы працягнем такую працу і будзем дамагацца ад дзяржавы ўлічыць прапановы тых, каго закон будзе тычыцца непасрэдна.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)