Беларус, якога правяраюць на каронавірус у Рыме: «Мае суседзі-італьянцы патрабавалі, каб у меню ўключылі віно»
Гід, які суправаджаў беларускіх турыстаў у Італіі, трапіў у бальніцу праз каранавірус.
Віктар (імя змененае па просьбе суразмоўцы, каб пра сітуацыю не даведаліся яго сваякі) працуе ў адной з беларускіх турфірмаў. У другой палове лютага ён накіраваўся з групай беларускіх турыстаў у Венецыю. Праз пару дзён зразумеў, што адчувае сябе не дужа добра.
— У мяне быў сухі кашаль і тэмпература, большая за 38 градусаў — гэта першыя сімптомы каранавіруса, — расказвае Віктар. — Я не хацеў рызыкаваць, вяртацца хворым на радзіму, ставіць пад пагрозу жыцці родных, таму адразу звярнуўся да дактароў. Мне прапанавалі легчы на каранцін».
Хлопец прыняў рашэнне не класціся ў шпіталь у Венецыі, а прыехаў у Рым, дзе меў знаёмую беларуску, якая магла б прыносіць ежу. У Рыме Віктар і лёг на каранцін. Ён кажа, што іншы ягоны калега вяртаўся з тэмпературай з Ірана праз Баку, у сталіцы Азербайджана яго таксама змясцілі на каранцін.
Фота facebook.com/andrey.plahov.7
— Была моцная стомленасць, сілаў не было ні на што. Ведаеце, гэта такі стан, калі хочацца спаць, але няма сілаў нават заснуць. Адчуванне, што ў цябе ліхаманкавае трызненне, хаця ліхаманкі і няма, вельмі складана растлумачыць».
Цяпер ён ужо пачувае сябе значна лепш, тэмпература — 37,2.
— Разам са мной у палаце цяпер чацвёра чалавек, раней было шасцёра, усе італьянцы, ніхто не ведае англійскай мовы, стасуемся пры дапамозе ГуглТранслэйта, — кажа Віктар.
Два першыя аналізы паказалі, што ў беларуса няма каранавіруса, цяпер ён з хваляваннем чакае на трэці, самы паглыблены і дасканалы.
— Іншым разам бывае, што два першыя нічога не паказваюць, а трэці кажа адваротнае. У мяне цяпер маральнае адчуванне цяжкае, як у творы «Чума» Альбера Камю. Разумееш, што, найхутчэй, усё будзе добра, але застаецца працэнт на станоўчы вынік па каранавірусе.
Хлопец кажа, што дактары вельмі ўважліва ставяцца да пацыентаў, абходы адбываюцца тройчы на суткі (9:00, 15:00 і 20:00).
— У мяне няма ніякіх нараканняў на працу медыкаў, яны спакойныя, ветлівыя, цяпер я п’ю мукаліцікі (таблеткі для адхарківання пры сухім кашлі). Мы знаходзімся ў закрытай палаце, збоку санітарны вузел, дзе можна схадзіць у прыбіральню ці душ. З намі кантактуюць праз акенца. Я размаўляў з маладой дзяўчынай, якая тут працуе, яна расказвала, што яе мама перажывае за працу дачкі з хворымі. Але на ўсё воля Божая, казала яна мне. Я так разумею, яна гарлівая каталічка.
У гэтай рымскай бальніцы на каранціне зараз знаходзіцца больш за дзвесце чалавек.
— Калі да нас нехта заходзіць у палату, то выключна ў спецкасцюмах, нібыта на нейкім заводзе хімічных рэчываў. Мы ўсе ходзім у масках. У палаце няма ніякай панікі. А вось на вуліцы, калі збіраюцца сваякі людзей, што тут знаходзяцца, бывае рознае. Вядома, гэта паўднёвыя людзі, чутныя крыкі, сваркі, спрэчкі.
Нічога плаціць за знаходжанне ў каранціне Віктар не будзе, але калі захоча застацца пад назіраннем дадатковыя некалькі дзён, то давядзецца заплаціць па 135 еўра за дзень.
— Я хачу застацца яшчэ троху, каб дакладна пераканацца, што каранавіруса ў мяне няма. А пасля спакойна вярнуся ў Беларусь і не буду баяцца, што магу заразіць кагосьці з родных ці проста выпадковых людзей. У Кіра Булычова быў твор пра мікробаў, якія сталі кіраваць чалавечым целам, я не хачу, каб такое здарылася са мной.
Віктар звязваўся з пасольствам Беларусі ў Італіі, дыпламаты сочаць за ягонай гісторыяй.
— Пакуль не патрэбная ніякая дапамога ад іх, але прыемна, што пасольства звяртае ўвагу на такія выпадкі, — кажа хлопец.
У каранціне трохразовае харчаванне.
— Я спачатку думаў, што гэта будзе дыетычнае меню, але нас кормяць лазанняй, даюць курыцу, салату, шпінат, памідоры, сокі, у абед супы. Я здзівіўся, што мае суседзі-італьянцы патрабавалі, каб у меню ўключылі віно, гэтая тэма пастаянна гучыць падчас размоў у палаце. Я казаў аднаму дзядулю, што алкаголь кепска ўплывае на дзеянне антыбіётыкаў, але ён адказаў, што я малады і не разумею, што віно — гэта лекі ад многіх хвароб.
У бальніцу ў спецыяльных пакетах прывозяць газеты, каб людзі маглі азнаёміцца з навінамі. Абыякавасці з боку персаналу Віктар не заўважаў. Ён падпісаў дакумент, што абавязуецца не фатаграфаваць іншых хворых, а таксама дактароў, за гэтым пільна сочаць.
— Калі прыходзяць лекары агучваць вынікі, то ў папках аркушы зялёнага і чырвонага колераў. Калі пацыент хворы, то аркуш чырвоны. Калі здаровы — то зялёны. Не магу дачакаць, калі ўбачу перад сабой у трэці раз зялёны аркуш, — дзеліцца Віктар.
Віктар перад паездкай аформіў страхоўку ў «Белзяржстраху». У страхавой кампаніі карэспандэнту «Нашай Нівы» паведамілі, што не аплачваюць час знаходжання іхняга кліента ў каранціне. Але калі выпадак каранавіруса пацвярджаецца, аплацяць лячэнне ў поўным памеры.
Без паники! Что нужно знать о коронавирусе, чтобы не очень бояться
Читайте еще
Избранное