Лучшее из архива
Анастасія ЗЕЛЯНКОВА

Беларус, які падмануў свет

Яго ведаюць ва ўсім свеце. Яго карціны каштуюць мільёны долараў. Казімір Малевіч — майстар эпатажу, які прымусіў чалавецтва паверыць у тое, чаго ўвогуле не існуе. Яго знакаміты “Чорны квадрат” амаль стагоддзе не дае крытыкам спакойна спаць. Адны вішчаць ад захаплення, абвясціўшы яго новай эрай у мастацтве, другія здзекліва называюць “чорнай дзіркай унітаза”.

І тым не менш знаходзяцца людзі, згодныя плаціць за гэтую (язык неяк не паварочваецца вымавіць слова “карціна”)… мільён долараў. Менавіта за такую суму ў мінулым годзе «Квадрат» быў выкуплены ў збанкрутаваўшага “Інкамбанка” расійскім алігархам Патаніным, які затым шырокім мецэнацкім жэстам падараваў карцiну Эрмітажу. Калі б яна трапіла на аўкцыён, адным мільёнам тут бы не абышлося. Паказальна, што цэны на Шышкіна і Левітана ў дзесяткі, а то і сотні разоў ніжэйшыя. Карціны ж Малевіча ідуць з-пад малатка, як Пікасо і Ван Гог.

Чорным па беламу

А што наcамрэч зрабіў наш зямляк? Узяў палатно 80х80 см і густа замаляваў яго чорнай фарбай, пакінуўшы па краях белыя палі. І ўсё. І назву даў нечаканую — “Чорны квадрат”. Проста і з густам. “Малюнак гэты бу-дзе мець вялікае значэнне. Тое, што было зроблена несвядома, зараз дае плён”, — пісаў мастак пра адзін з эскізаў (ён яшчэ рабіў і эскізы!).

І сапраўды, пра “Чорны квадрат” загаварылі ўсе. Гэта было нова, незвычайна, такога нахабства адназначна ніхто яшчэ не бачыў. Але прыпаднесці і так ужо шакіраванай публіцы яшчэ “Чорны круг” і “Чорны крыж”?! На такое мог пайсці толькі чалавек з сапраўды авантурнай натурай. Калі геаметрычныя фігуры ім былі вычарпаны, у ход пайшлі розныя колеры — “Белы квадрат”, “Чырвоны квадрат”, “Сіні круг”.

Аднак мастак і на гэтым не спыніўся: ён пачаў спалучаць фігуры розных колераў і памераў. Варыянтаў хапіла б на ўсё астатняе жыццё! Тут вельмі дапамагла мастаку прафесія чарцёжніка. Ён абазваў свой жывапіс «супрэматызмам» і стаў працаваць у гэтым кірунку.

Цікава, колькі часу займала ў мастака стварэнне чарговага “шэдэўра”? Калі б мне раптам прыйшлося зарабляць на жыццё падробкай карцін, я выбрала б менавіта Малевіча. Але, як высвятляецца, і гэтыя работы можна назваць прыкладам выключнай працаздольнасці мастака. На адной з яго выстаў у Маскве экспазіцыю ўвогуле завяршалі пустыя белыя падрамнікі.

Спярша мастак сіліўся выдумляць сваім творам мудрагелістыя назвы: “Жывапісны рэалізм хлопчыка з ранцам — Маляўнічыя масы ў чацвёртым вымярэнні”, “Жывапісны рэалізм сялянкі ў двух вымярэннях” (так гучала першапачатковая назва “Чырвонага квадрата”). Аднак пасля Малевіч перастаў губляць на гэта час і падпісваў арыгінальна і вытанчана: “Сіні трохвугольнік і чорны прамавугольнік”, “Восем чырвоных прамавугольнікаў”. І паспрабуй тут паспрачацца.

Даходзіла да кур’ёзаў: у адным выданні карціна называлася “Чорны квадрат, сіняя трапецыя і чырвоны круг”, у другім — ішла як “Аўтапартрэт у трох вымярэннях”, праўда, была перавернутая дагары нагамі. Ну нельга ж так з класікамі!

Халтуршчык стагоддзя

У цэлым карціны Малевіча нечым нагадваюць сучасныя шпалеры. Нездарма пазней ягоны паплечнік Лісіцкі перайшоў ад выяўленчага мастацтва да дызайнерскіх распрацовак. Дарэчы, і сам Малевіч некалі супрацоўнічаў з трэстам парфумна-касметычных вырабаў “Жиркость”, які выпускаў прадукцыю для савецкіх грамадзян і замежжа з экспартна-прапагандысцкімі мэтамі. Сцвярджаюць, што менавіта ён афармляў адэкалон “Север”, які выпускаецца да нашага часу. “Падазраюць” мастака і ў афармленні зубнога парашку “Піянер” з выявай бойскаўта на скрынцы — вельмі ўжо яна падобная на яго карціну “Змычка”.

Тады мастак не ўпускаў любога шанцу падхалтурыць. Мільёны долараў яго карціны сталі каштаваць ўжо пасля смерці, а грошы, як вядома, патрэбны пры жыцці.

Часам з яго палотнаў праступала нават нешта зразумелае звычайнаму чалавечаму воку — сяляне ў полі з аваламі замест твараў, фігура рабочага, сабраная нібыта з мазаікі, купальшчыкі. Праўда, гледзячы на апошніх, здаецца, што мастак адчувае нянавісць да ўсіх купальшчыкаў у свеце. А ад яго жанчын хочацца бегчы на край зямлі.

Тым не менш Малевіч усё ж такі грашыў рэалістычнымі выявамі. Так, напрыклад, ён адлюстраваў сябе, любімага. Пашанцавала тут і яго жонцы — яна б ужо не даравала, калі б ён намаляваў яе з дапамогай трохвугольнікаў і кляксаў.

Малевіч удзельнічаў у выставах з эпатажнымі назвамі: “Званковы валет”, “Асліны хвост”, “Футурызм 0,10”. На выставе “Трамвай В” супраць нумароў 21-25, якія заканчвалі спіс яго работ, у каталогу было пазначана: “Змест карцін аўтару невядомы”. Геніяльна! Нават не трэба ламаць галаву, спрабуючы зразумець, што ж ты насамрэч там такое намаляваў.

Была ў яго вялікая карціна, якая ўся складалася з рознакаляровых гарызантальных палос. Сказалі: “Нешта ў вас не адлюстраваны гераізм грамадзянскай вайны”. Лягчэй няма куды! На адной з гарызантальных палос гэтай карціны адным махам намаляваў чырвоную хвалістую лінію. Атрымлівайце — “Конніца Будзённага на маршы”. І ўсе зноў у захапленні.

Нават са сваёй смерці мастак здолеў зрабіць шоу. На адкрытай платформе грузаві-ка з чорным квадратам на капоце была размешчана супрэматычная труна, зробленая па ўласным эскізе Малевіча. І помнік паставiлi адпаведны — куб з чорным квадратам.

Міфы пра Малевіча

Першым ствараў небыліцы пра сябе сам Казімір Малевіч.

  • Малевіч скончыў Маскоўскае вучылішча скульптуры і жывапісу.

Ён тройчы (у 1905, 1906 і 1907 гадах) паступаў у гэтую навучальную ўстанову і тройчы правальваўся на экзаменах. Як лічаць даследчыкі, з прычыны недастатковай падрыхтоўкі ў галіне акадэмічнага малюнка. Яму дазволілі наведваць лекцыі на правах вольнаслухача.

  • “Чорны квадрат” — адзінкавы ў свеце.

Карціна існуе ў чатырох варыянтах. Два з іх знаходзяцца ў Траццякоўцы, яшчэ адзін — у Рускім музеі. Чацвёрты быў набыты ў сваякоў мастака “Інкамбанкам”, затым выкуплены ў яго і перададзены Эрмітажу. Не такі быў чалавек Казімір Малевіч, каб пакідаць свой шэдэўр у адзінкавым варыянце.

  • Пад чорнай фарбай “Квадрата” мастак схаваў іншую выяву.

Гэтыя чуткі ўзніклі пасля шматлікіх дарэмных спроб знайсцi ў карціне глыбакадумны сэнс. Насамрэч Малевіч хацеў намаляваць чорны квадрат і намаляваў яго.

Артыкул надрукаваны ў штотыднёвіку "Салідарнасць" ад 4 снежня 2003 году

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)