Комментарии
Аляксандр Класкоўскі, «Наша Ніва»

Беларус выжывае як інфузорыя-туфлік?

Беларусы — ну абсалютна нестандартная нацыя. Сёння яны абвяргаюць увесь канцэптуальны базіс апазіцыі.

Тэорыя была простай і прыгожай: крызіс — гронкі гневу — народ на вуліцах — самі-ведаеце-які рэжым ганебна абвальваецца. А далей ужо светлая рынкава-дэмакратычная будучыня — справа тэхнікі.

Але дзе там! Наадварот, у крызіс беларусы ўзброіліся лозунгам «Хавайся ў бульбу!». У тым ліку і літаральна: ізноў надзея на соткі з бульбай, вяртанне да элементаў натуральнай гаспадаркі.

Карацей, кажучы навукова, крызіс у нашай краіне зусім не стаў стымулам да эканамічнай і палітычнай актыўнасці грамадзян. Такое рэзюме Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS, Літва) і аксіяметрычнай лабараторыі «Новак». У кастрычніку — лістападзе яны правялі даследаванні ў шасці фокус-групах. У іх увайшлі, адпаведна, працаўнікі буйных прадпрыемстваў сталіцы, горадаўтваральнага прадпрыемства (Жодзіна), прадстаўнікі бюджэтнай сферы, людзі, якія страцілі працу падчас крызісу, студэнты і апазіцыйная моладзь.

Песімістычнае рэзюме сацыёлагаў — гэта аблом не толькі для адэптаў рэвалюцыі. У прынцыпе любы крызіс добры тым жа, што і смажаны певень з прымаўкі. Ён змушае схамянуцца ды круціцца. Гэта значыць — здольны абуджаць ініцыятыву, прадпрымальнасць. Дарэчы, улады якраз-такі падмітусіліся і дзесьці нават пераступілі праз сябе. Яны знайшлі агульную мову з праклятымі буржуінамі і выратавалі фінансы ад краху за кошт «круцялёў з МВФ».

Ну, а народ? Кандыдат сацыялагічных навук Надзея Яфімава з лабараторыі «Новак» канстатуе не прагрэс, а рэгрэс ва ўстаноўках насельніцтва.

«Кожны ратуецца ад крызісу як можа, але ў асноўным архаічнымі спосабамі, — цытуе эксперта БелаПАН. — Многія гатовы рабіць на працах з ніжэйшай, чым у іх ёсць, кваліфікацыяй. Многія згодны выконваць болей працы за меншыя грошы. Многія гатовы скараціць свой узровень спажывання да мінімуму, хтосьці прадасць лецішча, хтосьці размяняе кватэру. Крызіс не стаў стымулам да актыўнасці, а стаў стымулам да дэградацыі».

Паводле даследчыкаў, людзі не вераць ні ў палітыку, ні ў прадпрымальніцтва як спосабы змяніць жыццё да лепшага. Яны не вераць таксама ў клопат дзяржавы. Але ж патэрналізм беларусаў таксама лічыцца аксіёмай! Дык вось, як ні дзіўна, цяпер, калі дабрабыт адчувальна прасеў, нашы людзі не выстаўляюць дзяржаве прэтэнзій.

Галоўная думка: як-небудзь пераседзець чорны дзень — можа, гэты крызіс і рассмокчацца!

І «тое, што ў грамадстве з’явіцца такая апатыя, было для нас шокам», прызнаецца дырэктар BISS, доктар паліталогіі Віталь Сіліцкі.

Паводле аналітыка цэнтра «Стратэгія» Валера Карбалевіча, феномен гэтага беларускага ментальнага нестандарту абумоўлены цэлым комплексам прычын. Да індывідуальнага напаўрасліннага выжывання ў ліхалецце народ прывучыла надзвычай цяжкая, жорсткая гісторыя. Калі ж узяць найноўшыя часы, то пасля распаду СССР не паспелі скласціся структуры грамадзянскай супольнасці, а хутка ўзмацнелы аўтарытарны рэжым выпаліў саму глебу для іх росту.

Вынік: беларускі соцыум атамізаваны. Няма традыцыі і мала пораху, драйву, каб разам адстойваць свае інтарэсы, трохі напружваючы дзяржаўны апарат.

«Рэжым стварыў даволі эфектыўныя механізмы, — кажа Карбалевіч. — Тую ж вертыкаль, якая жорстка кантралюе працоўныя калектывы, пры тым што ўласнасць у асноўным дзяржаўная. Апазіцыя загразла ў міжусобіцах. Найбольш незадаволеныя, у асноўным маладыя і таленавітыя, груба кажучы, проста звальваюць з краіны».

Наверсе ж, па ідэі, павінны паціраць рукі. Ніякіх гронак гневу. Піпл дэманструе цуды непераборлівасці. Сацыёлагі НІСЭПД называюць гэта «механізмам паніжальнай адаптацыі». Дарэчы, яшчэ паводле свайго вераснёўскага нацыянальнага апытання НІСЭПД адзначыў: так, нашы суайчыннікі сталі замест каньяку часцей піць «чарніла», але пры гэтым доля задаволеных жыццём пасля лёгкага дэвальвацыйнага шоку зноў стала, халера ясная, расці!

Яшчэ раней, у ліпені, гэтая сацыялагічная служба падкрэсліла тэндэнцыю: «Эканамічная маргіналізацыя асобных сацыяльных груп прымушае іх яшчэ болей гуртавацца вакол аўтарытарнай улады».

Карацей, усё добра, цудоўная маркіза! За выключэннем, як звычайна, дробязі. А менавіта: крызіс, можа, і рассмокчацца, але вяртання да «беларускага цуду» не будзе.

Пра адзін (і, магчыма, галоўны) са складнікаў гэтага цуду праінфармаваў на нядаўнай сустрэчы з беларускай прэсай Мядзведзеў: расійскія прэферэнцыі на 50 мільярдаў долараў за гады «саюзнага будаўніцтва». Канечне, у тутэйшага начальства свая бухгалтэрыя, але і яно бачыць: патрэбна тэрміновая мадэрнізацыя! Таму і пачалі гульню з Еўразвязам.

Загваздка ж у тым, што мадэрнізацыя — гэта не проста ўсунуць новыя станкі ў цэхавыя каробкі гігантаў сацыялістычнай індустрыі. Апгрэйдзіць краіну з піплам, які часткова співаецца, часткова выжывае на ўзроўні інфузорыі-туфліка — дарэмны нумар.

Так што, ўлада атрымлівае піраву перамогу. Альтэрнатыва — паволі ператвараць піпл у народ. Але гэтага «народная ўлада» і баіцца. Бо грамадзяне, чаго добрага, захочуць яе насамрэч выбіраць, а не проста апускаць паперкі ў скрыні.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)