Беларус, вымушаны з’ехаць: «Упэўнены, што ў новай Беларусі «Мова Нанова» будзе ў кожнай школе»
Гісторыя пра смелых людзей, смелыя ідэі і веру ў будучыню.
Андрусь Такінданг выступае на курсах у Ваўкавыску
— Толькі цяпер, азіраючыся назад, я разумею, што гэта была вельмі рызыкоўная ідэя — у разгар такіх падзей распачаць наш праект, — кажа выкладчыца курсаў «Мова Нанова» ў Ваўкавыску Наталля Бінкевіч.
Дарэчы, з ёй цяжка не пагадзіцца. У студзені 2021 года ў краіне набірае абароты машына рэпрэсій. Збірацца суполкамі становіцца небяспечна нават у сваім двары. А ў Ваўкавыску чацвера смелых распачынаюць праект, які ўсяго за паўгады стаў самым яскравым у аднастайным жыцці невялікага беларускага гарадку.
Аб тым, як гэта было, «Салідарнасць» даведалася з першых вуснаў.
Бясплатныя курсы беларускай мовы «Мова нанова» арганізаваў у 2014 годзе актывіст, журналіст, папулярызатар беларускай культуры і гісторыі Глеб Лабадзенка. Яны пачаліся са знакамітай галерэі «Ў» у Мінску і за некалькі гадоў адкрыліся яшчэ амаль ў дваццаці гарадах Беларусі. Адным з апошніх стаў Ваўкавыск.
— Мы адкрылі іх у студзені 2021 года. Усіх людзей разагналі па дамах, а ім хацелася мець зносіны з аднадумцамі. Таму нашу ідэю сумесна вывучаць беларускую мову ў горадзе ўспрынялі вельмі добра, — расказвае адзін з арганізатараў курсаў ў Ваўкавыску Антось Клімчук. — Гэта былі не проста навучальныя курсы, гэта была суполка неабыякавых людзей, якія хацелі ведаць мову, гісторыю, культуру.
Сам Антось вярнуўся ў Беларусь у ліпені 2020 года:
— Я з’ехаў пасля выбараў 2015 года, расчараваўшыся ў тым, што адбылося. У эміграцыі я ўпершыню ўбачыў, што такое салідарнасць беларусаў, на радзіме такога не было. У 2020 годзе ў мяне, на жаль, памёр бацька, я прыехаў у Беларусь і ўбачыў такую ж салідарнасць. З’ехаць я ўжо не мог, застаўся на цэлы год.
Спачатку былі пратэсты, а потым мы стварылі курсы, і яны ўсіх вельмі натхнялі.
Каманда «Мова Нанова ў Ваўкавыску», другі злева — Антось Клімчук, другая справа — Наталля Бінкевіч
— Я хадзіла на курсы «Мова Нанова» ў Мінску з таго часу, як яны пачаліся. Былі яшчэ курсы «Мова ці кава». Мне вельмі падабаюцца падобныя імпрэзы, і я марыла, каб нешта такое з’явілася і ў маім родным горадзе, нейкія актыўнасці для людзей, якія любяць думаць.
Не важна, гэта настолкі, сацыяльныя танцы, моўныя курсы. Я нават сама хацела адкрыць такія курсы, шукала паплечнікаў, але для мяне адной такая задача аказалася цяжкай. І тут мяне знайшлі мае будучыя сябры, і прапанавалі стаць выкладчыцай на гэтых крусах. Я вельмі ўзрадавалася, што нашы мары супалі, — дзеліцца Наталля Бінкевіч.
Так выкладчыца нямецкай, англійскай і французкай моў, былая журналістка «Белтэлерадыёкампаніі», стала навучаць беларускай. Памяшкання, якое для праекта прадставілі на безвыплатнай аснове мясцовыя бізнэсоўцы, вельмі хутка стала не хапаць, бо запыт быў вялікі.
— Ішлі не толькі тыя, хто хацеў вывучыць ці аднавіць мову. Некаторыя прыйшлі толькі пацікавіцца і засталіся. Прыходзілі нават настаўнікі беларускай мовы. Людзі былі розныя і па ўзросце, і па прафесіях: студэнты мясцовага каледжа і пенсіянеры, чыгуначнікі і медыцынскія работнікі, кіраўнікі мясцовых прадпрыемстваў і бізнэсоўцы, былі людзі з Расіі і Украіны.
Увогуле пастаянна сталі прыходзіць больш за 60 чалавек. Аб'ядноўвала ўсіх адно — мы хацелі размаўляць на роднай мове. Ніхто нікога не кантраляваў, там была не такая атмасфера, але за пяць месяцаў мы заўважылі, што ўсе паміж сабой нават на перапынках размаўлялі па-беларуску.
Мне як выкладчыцы было вельмі легка з тымі людзмі, бо яны адразу ўбіралі ў сябе веды, а калі ў горадзе сустракалі, то размаўлялі, дзячылі, — кажа Наталля.
Нягледзячы на зусім невялікі час існавання, курсы ў 50-тысячным Ваўкавыску набылі функцыі сапраўднага культурнага цэнтра.
— Да нас прыязджала шмат гасцей: Зміцер Вайцюшкевіч, Іван Кірчук з «Троіцы», Алесь Дзянісаў з Dzieciuki, Піт Паўлаў з NRM, Андрусь Такінданг і іншыя музыкі. Кожны тыдзень мы стваралі крутыя імпрэзы. Такога ў Ваўкавыску дагэтуль наогул не было. Да таго ж мы яшчэ і сімвалічна знаходзіліся ў памяшканні ў гістарычным цэнтры горада.
Сярод гасцей суполкі былі Піт Палаў і Іван Кірчук
У нас з’явіўся клуб настольных гульняў і настолкі вельмі ўсім спадабаліся. На базе курсаў мы зрабілі і сваю мясцовую суполку «Цукар» (Цэнтр устойлівага культурна-асветніцкага развіцця), — дзеліцца Антось.
Безумоўна, у час жорсткіх рэпрэсій і падаўлення любога вальнадумства застацца незаўважанай такая добрая ініцыятыва не магла.
— Вядома, мы ўсе адразу сталі мішэнню для рэжыма. Азіраючыся назад, разумеем, што гэта быў вельмі рызыкоўны і смелы крок, — прызнаюцца суразмоўцы «Салiдарнасцi».
Гучнае затрыманне адразу ўсіх — і настаўнікаў, і навучэнцаў —адбылося напярэдадні Дня Волі, 22 сакавіка.
— Канешне, штосьці такое мы чакалі і хваляваліся перад кожнымі заняткамі. Хваляваліся кожны раз, ідучы на курсы, — узгадвае Наталля. — Ідзеш, баішся, але прыходзіш, — а тут столькі адкрытых, замілаваных, узрушаных людзей. Там была такая надзвычайная энергія, што на страх забываліся. На перапынкі прыносілі печыва, пірагі, тэрмасы з гарбатай, нават сала з часныком! Усе вельмі хутка раззнаёміліся і пасябравалі.
Прыйшлі да нас пасярод заняткаў — выкладчык стаяў каля дошкі, людзі запісвалі. Я упэнена, што мэта ў іх была — напалохаць.
— Асабіста сам я не спалохаўся, бо не раз быў затрымны яшчэ ў іншыя гады. Я адчуваў, што сітуацыя абсурдная. Чаму яны баяліся «Мовы»? Таму што туды сабраўся ўвесь колер горада, лідары думак, гэта значыць, што за імі маглі пайсці астатнія, — разважае Антось. — Горад у нас невялікі, усе адно аднаго ведаюць. Супрацоўнікі міліцыі хавалі вочы, бо ім было сорамна праводзіць такую «спецаперацыю».
Нас было шмат, усе людзі культурныя, паважаныя, і ўсе чыталі кнігі і вучылі словы. А яны спецыяльна замовілі аўтобус ў аўтапарку, каб усіх гэтых «злачынцаў» адвезці ў РАУС! Дарэчы, аперацыю ўзначальваў сам кіраўнік мясцовага аддзела.
— Мяне непрыемна ўразіла, як нейкі чалавек ў цывільным, калі я выйшла, груба за рукаў пацягнуў у аўтобус. Але ўжо ў аўтобусе страшна не было, мы адчувалі, што мы разам. Людзі размаўлялі, жартавалі, што гэта экскурсія такая.
У РАУС нас усіх завялі ў залю. Потым выклікалі па двое, тлумачылі сэнс новых адмістрацыйных артыкулаў, прасілі распісацца ў тым, што мы гэты праслухалі. Хтосьці падпісваў, хтосьці адмаўляўся, — успамінае Наталля.
Сілавікі праверылі дакументы арганізацыі і пераканаліся, што ўсё ў парадку, у арганізатараў знялі адбіткі пальцаў.
— Калі мы ўжо выходзілі, адзін з сурацоўнікаў сказаў нам: «Рабяты, я веру, што ў вас усё атрымаецца». І мы адразу зрамелі, што ён меў на ўвазе, — узгадвае Антось.
Цікава, што калі ўсіх затрыманых адпусцілі, яны не пабеглі са страху дамоў, а ўсе разам вярнуліся на заняткі!
— Наш спявак не дачакаўся і з’ехаў, і тады я ўзяў гітару, і мы спявалі «Тры чарапахі», потым правялі да канца заняткі, — кажа Антось. — Пасля гэтага затрымання да нас стала прыходзіць яшчэ больш людзей. Мы пратрымаліся да канца навучальнага года, завяршылі іх, як і планавалі, нягледзячы на тое, што на нас працягваўся ціск.
Арганізатараў і выкладчыкаў курсаў пачалі рэгулярна запрашаць на допыты, у іх праводзілі вобшукі. І амаль усе яны вымушаны былі пакінуць краіну.
— Мяне пастаянна выклікалі ў РАУС, пастаянна тэлефанавалі. Я баялася, што мяне затрымаюць нават у паліклініцы. Але я ўсё ж не збіралася нікуды з’язджаць, бо ведала, што нічога не парушала. Я выкладчыца замежных моваў, у мяне ёсць вучні. Я таксама займаюся перакладамі.
Але потым пачалі званіць з КДБ і настойліва запрашаць на допыты. Яны нічога не тлумачылі, але запрашалі даволі катэгарычна: «Вы же понимаете, нам все равно придется с вами встретиться», — расказвае Наталля пра тое, што стала для яе «апошняй кропкай».
Перад слухачамі вступае журналіст Алесь Залеўскі
Нядаўна ў Варшаве сустрэліся адразу некалькі актывістаў з Ваўкавыску і іншых гарадоў і вырашылі адкрыць курсы «Мова Нанова з Варшавы ў любую кропку». Цяпер курсы адбываюцца і афлайн, і анлайн.
— Мяркуючы па водгуках, нас слухаюць з розных мясцін, у тым ліку і з Ваўкавыску, і з Віцебску, і з Налібоцкай пушчы, і з іншых гарадоў і гарадкоў Беларусі. А таксама з Польшчы, Расіі, Турцыі, нават Японіі! Мы адкрылі і спецыяльныя курсы для беларускіх дзетак, якія цяпер вымушана знаходзяцца тут. Рыхтуем яшчэ гістарычны праект. Наогул адчуваем вялікі запыт на мову, людзі просяць працягваць і не спыняцца.
Я ўпэўнены, што ў новай Беларусі «Мова Нанова» будзе ў кожнай школе. Насамрэч не існуе беларуса, які не разумее беларускай мовы, проста асяроддзе рускамоўнае. А калі ў Беларусі ўсе пачнуць размаўляць па-беларускай, ведаеце, што будзе?
Мы адчуем сябе сапраўднай нацыяй. Гэтага і баіцца сённяшняя ўлада, — робіць выснову Антось.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное