Комментарии
Радзім Гарэцкі

Беларус усё праспаў у шапку. Але шанцы на лепшае яшчэ ёсць

Што перашкаджае нам жыць добра, хто ў гэтым вінаваты і як тое можна змяніць.

Фота Радыё Свабода

«Вось гэты анекдот пра беларуса, якога саджалі на цвік, а ён усё цярпеў – гэта дакладна пра нас»

Я ўжо і сам не ведаю, у якім мы стане. Здавалася б, і дзяржаўнасць наша сягае некуды ў стагоддзі туды, але ўсе ніяк сябе не адчуем паўнавартаснымі. Да гэтага часу многія лічаць, што мы ледзь не з савецкай улады сталі дзяржавай. I нават сам народ прызвычаіўся, што ён такі забіты. I гэтая непаўнавартаснасць сядзіць у нас увесь час.

Анекдот пра беларуса, якога саджалі на цвік, а ён усё маўчаў і цярпеў, бо думаў, што так і трэба – гэта дакладна пра нас. Гэта выпрацоўвалася ў нас стагоддзямі, як адна магчымасць выжыць.

«Нашы далёкія продкі былі зусім іншымі»

З боку Славеніі і Славакіі па рэках на нашы землі прыйшлі славяне, якія ўжо ў VIII стагоддзі стварылі плямёны: крывічы на Падзвінні і Верхнім Прыдняпроўі, дрыгавічы – на правабярэжжы Прыпяці, радзімічы – у басэйне ракі Сож. Назовы гэтыя – патранімічныя, ад першапродкаў: Радзіма, Драгавіта, Крыва. Як і вяцічы – ад Вяткі. Плямёны славян складалі смелыя, упэўненыя ў сабе людзі.

Ужо ў канцы Х стагоддзя крывічы стварылі нашу першую дзяржаву – Полацкае княства, якое найвышэйшай магутнасці дасягнула ў часы кіравання Усяслава Чарадзея (1044–1101 гг.). Тады ў Полацку быў збудаваны Сафійскі сабор, які падкрэсліваў яго роўнасць з Ноўгарадам і Кіевам.

Каралеўства Літовія з цэнтрам у Наваградку ўзнікла пры карале Міндоўга, які быў каранаваны ў 1253 г. Да сучаснасці ідзе спрэчка пра паходжанне назвы Літва. Яшчэ ў ХІІІ ст. у Хроніцы Прускага біскупа Хрысціяна гаворыцца, што яно ідзе ад імя старэйшага сына прускага караля Вудавута Літво, які атрымаў ва ўладанне зямлю над Нёманам і Бугам, прычым аўтар Хронікі лічыў першапачатковую Літву славянскай краінаю. Такой думкі прытрымліваецца шэраг гісторыкаў.

Усе валадары Літоўскай дзяржавы былі славянскага роду. Ад імя легендарнага прашчура люцічаў падтрымлівае назву Літоўскай дзяржавы Язэп Лёсік, які лічыў, што племя люцічы, люцікі – ад слова люты, што значыць смелы, храбры, а да ворага – жорсткі, люты. Таму нярэдка і празывалі Вількамі, або Ваўкамі, а пазней так узгадвалі дзеянні Усяслава Чарадзея. У Беларусі шмат месцаў з назвамі, блізкімі да гэтых слоў.

Вацлаў Ластоўскі пісаў: «Край, заняты люцічамі, сьпершпачатку зваўся Лютвай, а пазней Літвой». У той час сучасныя літоўцы туліліся ў Жмудзі, якая была нявольнічай правінцыяй Літоўскай дзяржавы. Цікава адзначыць, што Жамойць не раз паўставала супраць Літвы. У час паўстання ў 1263 г. загінуў сам заснавальнік Літоўскага княства Міндоўг.

Калі да Літоўскай дзяржавы з поўдня далучылася тэрыторыя каралеўства Русія на чале з каралём Данілам Галіцкім, яе назва змянілася на Вялікае Літоўска-Рускае, а Жамойць Міндоўг нават аддаў нямецкаму ордэну. Таксама паступілі Гедзімін і Ягайла, што сведчыць аб тым, што валадары Вялікім княствам Літоўска-Рускім не былі жмудзінамі і таму не вельмі шанавалі сваю Жамойцкую зямлю. Толькі пасля адабрання Жамойці ад немцаў Вітаўтам княства атрымала поўнае імя – Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае (ВКЛ).

У 1295 г. дзяржаўным гербам ВКЛ стала «Пагоня», якая была ва ўсіх ваяводствах, што падкрэслівала магутнасць і сутнасць нашай сярэднявечнай дзяржавы і яе жыхароў – «ліцвінаў». Жамойць мела свой герб у выглядзе чорнага мядзведзя.

У 1323 г. сталіцай дзяржавы ВКЛ стала Вільня, якая ўжо ў 1387 г. атрымала Магдэбургскае права. ВКЛ вылучалася адсутнасцю жорсткай тыраніі, набліжэннем да рэлігійнай і этнічна-культурнай талерантнасці, адносна дэмакратычным ладам і г.д.

Менавіта ў ВКЛ Францішак Скарына надрукаваў першую кнігу на «літоўскай» (старабеларускай) мове (500-годдзе беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання будзем адзначаць 6 жніўня 2017 г). Вялікае значэнне мелі вядомыя тры Статуты ВКЛ – вяршыні заканадаўчых актаў таго часу, напісаныя на дзяржаўнай старабеларускай мове.

Магутная дзяржава ВКЛ дазволіла нашаму народу вытрымаць двухсотгадовую крыжацкую экспансію (спынена ў 1410 г. перамогаю пад Грунвальдам) і небяспечную мангола-татарскую навалу.

«Ва ўкраінскіх вёсках дагэтуль завуць нас «ліцвінамі». I гэта сядзіць у іх галовах! А ў нас не сядзіць»

Беларус усё праспаў у шапку. Увесь час, што б ні здарылася, мы пакуль прачнёмся, ужо нехта ў нас нешта перахапіў. Як з той жа назвай «ліцвіны», «Літва».

Памятаю, я яшчэ калі геолагам гадоў 10-20 таму ездзіў па ўкраінскіх вёсках, што на мяжы Беларусі, простыя людзі, пачуўшы, адкуль я, казалі: «А-а, дык вы ліцвіны. Раз вы з таго боку Прыпяці». Да гэтага часу яны нас лічаць ліцвінамі. I гэта сядзіць у іх галовах! А ў нас чамусьці не сядзіць.

Мы так легка пра ўсё гэта забываемся. I пра ВКЛ, і пра тое, што Статут быў напісаны на старабеларускай мове, і пра БНР. Мы з гэтага боку нейкія вельмі сціплыя. Я б нават сказаў занадта сціплыя.

У самым пачатку 1990-х гадоў я і шэраг пісьменнікаў і гісторыкаў разам надрукавалі заяву пра гвалтоўную перадачу Вільні і Віленскага краю па дагавору паміж Расіей і Літвой без удзелу беларусаў, і таму прапанавалі гэтую спрэчную  нацыянальна-тэрытарыальную  праблему вырашыць такім чынам: зрабіць Вільню свабодным горадам (літоўска-беларускім) – агульным і адкрытым для ўсіх.

«Далейшыя падзеі гісторыі прывялі да значнай згубы самасвядомасці, мовы, дзяржаўнасці…»

Калі Масковія вызвалілася ад мангола-татарскага іга, маскоўскія князі (пачынаючы ад Івана ІІІ) пачалі збіраць усе праваслаўныя землі. Многія гарады і воласці ўсхода і поўначы ВКЛ былі акупаваны, там рабавалі захопленыя землі, насельніцтва бралі ў палон. Іван IV Жахлівы спусташыў Мсціслаўшчыну, Магілёў, Віцебск, спаліў Тураў і нават захапіў Полацк.

Перыядычна войска ВКЛ атрымлівала перамогі (як у бітве пад Воршай у 1514 г. на чале з гетманам Астрожскім; бітве на рацэ Вуля). Агрэсія маскоўцаў прымусіла ВКЛ аб’яднацца з Польскім Каралеўствам – у 1569 г. была падпісана Люблінская унія, у выніку якой была створана новая дзяржава – Рэч Паспалітая, а частка зямель ВКЛ адышла да Польшчы.

Пазней адбылося заключэнне Бярасцейскай царкоўнай уніі – адбылося аб’яднанне праваслаўя і каталіцтва ў адну канфесію (грэка-каталіцкую, або уніяцкую). У набажэнстве ўніяты выкарыстоўвалі беларускую мову, што прывяло да яе пашырэння – у XVIII ст. уніятамі сталі 75% насельніцтва Беларусі.

Канфедэрацыя ВКЛ і Польшчы ўмацавала іх абароназдольнасць, але войны працягваліся – і з Масковіяй, і Швецыяй. Пры маскоўскім цары Аляксеі Міхайлавічы з 1654 да 1667 г. без перапынку ішла агрэсія, у выніку якой зусім сціраліся беларускія гарады, вёскі разам з насельніцтвам (53% жыхароў страціла Беларусь). У час Паўночнай вайны (1700–1721) паміж Расеяй і Швецыяй, якая праходзіла на тэрыторыі Беларусі, загінуў кожны трэці беларус.

Стварэнне Рэчы Паспалітай спрыяла польскаму ўплыву – паланізацыі, якой у першую чаргу паддаліся беларускія магнаты і шляхта, шмат з якіх перайшлі ў каталіцкую веру. А ў 1696 г. сойм Рэчы Паспалітай прыняў пастанову, што дзяржаўныя дакументы ў ВКЛ павінны складацца не на беларускай, а на польскай мове.

Несупадзенне інтарэсаў ВКЛ і Польшчы прывяло да крызісу і аслабленню дзяржавы Рэчы Паспалітай. Расея, Прусія і Аўстрыя правялі тры падзелы Рэчы Паспалітай, у выніку якіх спачатку ўсходняя частка Беларусі, потым – цэнтральная, а нарэшце – уся тэрыторыя была захоплена Расейскай імперыей. Дзяржаўная незалежнасць беларусаў была страчана.

Да паланізацыі беларусаў далучылася моцная русіфікацыя. Патрыёты Бацькаўшчыны змагаліся за незалежнасць, але паўстанні былі жорстка задушаны (з дапамогай А.Суворава ў 1794 г. на чале з Тадэвушам Касцюшкам; вызвольнае паўстанне 1830–1831 гг.; 1863–1864 гг. на чале з Кастусём Каліноўскім).

Беларуская зямля стала «Северо-западным краем» з рускім чынавенствам, рускай школай, праваслаўнай царквой. Унію гвалтоўна скасавалі расейскія ўлады ў 1839 г. Беларусь ператварылася ў калонію царскай імперыі. Беларусы вымушаны былі шукаць лепшае жыццё на чужыне – не менш паўмільёна сялян ад’ехалі ў Сібір.

«Імкненне да нацыянальнага адраджэння, незалежнасці, не знікла ў беларускага народа і на мяжы ХІХ–ХХ стст. Рэвалюцыйна-дэмакратычны і нацыянальны адраджэнскі рух набраў сілы»

У сувязі з падзеямі рэвалюцыі 1905–1907 гг. была створана першая беларуская палітычная партыя – Беларуская сацыялістычная грамада, пачала выдавацца газета «Наша ніва» – сімвал беларускага нацыянальнага адраджэння. Гэта быў час станаўлення сучаснай беларускай нацыянальнай ідэі, новай беларускай літаратуры, сучаснай беларускай мовы.

У першай сусветнай вайне 1914–1918 гг. на беларускай зямлі загінуў кожны пяты жыхар, больш за 1,5 млн сталі бежанцамі. Крах Расейскай імперыі адкрыў перспектыву адраджэння дзяржаўнасці ў Беларусі.

У снежні 1917 г. у Менску адбыўся Усебеларускі з’езд, у працы якога ўдзельнічалі 1872 дэлегата з усіх рэгіёнаў Беларусі. Лінія бальшавікоў на раскол правалілася, тады ноччу з 17 на 18 снежня ўзброенымі салдатамі на чале з п’яным начальнікам Мінскага гарнізона М.Крывашэіным гвалтоўна разагналі з’езд.

Але з’езд паспеў абраць Раду з’езда і Выканаўчы камітэт, якія ў сакавіку 1918 г. Раду з’езда пераўтварылі ў Раду Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). 25 сакавіка Рада БНР выдала 3-ю Устаноўчую грамату, дзе БНР была абвешчана незалежнай дзяржавай у межах зямлі, дзе жыве і мае лічбенную перавагу беларускі народ. Больш 10 краін прызналі БНР. Былі зацверджаны ў якасці дзяржаўных беларуская мова, герб «Пагоня», бел-чырвона-белы сцяг, гімн, часовая Канстытуцыя БНР і інш.

Усебеларускі з’езд 1917 года – першы ў гісторыі агульнанацыянальны форум беларусаў, які дазволіў атрымаць аўтаномную сістэму кіравання краям. Ён стаў падмуркам абвяшчэння 25 сакавіка 1918 года нацыянальнымі дэмакратамі-адраджэнцамі аб утварэнні Беларускай Народнай Рэспублікі як вольнай і незалежнай дзяржавы.

Стварэнне ў 1918 годзе БНР – першай незалежнай беларускай дзяржавы – вялікае свята беларусаў усяго свету, якому на наступны год будзе 100 гадоў. Калі б не адбыўся Усебеларускі  з’езд  1917  года,  не  была  б  абвешчана  БНР. Толькі  дзякуючы  апошняй,  1 студзеня 1919 года ўзнікла БССР, на базе якой у 1991 годзе была створана суверэнная Рэспубліка Беларусь.

Улічваючы вялікае значэнне ўсіх пералічаных падзей, беларуская грамадскасць адзначае іх, асабліва стварэнне незалежнай БНР і яе 100-годдзе, таму гэтую дату як вялікае свята павінна падтрымаць і кіраўніцтва дзяржавы РБ, якое ўвесь час падкрэслівае, што яно змагаецца за незалежнасць Беларусі, бо сапраўдным падмуркам гэтаму з’яўляецца БНР.

Прадбачанне Максіма Гарэцкага пра будучыню Беларусі, свой асабісты лёс у сувязі з рэвалюцыяй і бальшавіцкім рэжымам

З лістапада 1917 года М.Гарэцкі ў Смаленску працаваў у газеце «Известия Смоленского Совета депутатов». У сувязі з Кастрычніцкай рэвалюцыяй вучылішча ў Горках закрылі, і Гаўрыла Гарэцкі прыехаў да брата. Тут яны склалі «Руска-беларускі слоўнік», які ўлетку 1918 года выйшаў з друку.

Тады ў Смаленску жыў Янка Купала з жонкаю, якія часта сустракаліся з братамі Гарэцкімі. Яны былі сведкамі страшэнных людскіх пакутаў, якія прынесла рэвалюцыя і бальшавіцкі рэжым: массавыя расстрэлы «представителей имущих классов» – бязвінных урачоў, настаўнікаў, гарадавых, студэнтаў, фінансістаў, афіцэраў і інш. (іх спісы друкаваліся ў смаленскіх газетах), бясчынства ў вёсках, дэмагогія, хлусня, хамства, страх…

Разабрацца ва ўсёй гэтай блытаніне было цяжка, у многіх прадстаўнікоў інтэлігенцыі «душа дваілася»… Менавіта тут, у Смаленску, М.Гарэцкі па свежых уражаннях ад тых трагічных падзей задумаў, а хутчэй за ўсё, і пачаў пісаць аповесць «Дзве душы».

У 1919 годзе М.Гарэцкі пераехаў у Вільню, дзе ў 13 нумарах «Беларускай думкі» з 20 чэрвеня па 24 ліпеня была надруукавана аповесць «Дзве душы», а троху пазней, у тым жа годзе, яна выйшла асобным выданнем.

Нягледзячы на тое, што аповесць «Дзве душы» напісана на аснове падзей вельмі кароткага часу рэвалюцыі і бальшавіцкага рэжыму і надрукавана ў 1919 годзе, у ёй надзіва выразна, дасканала, прадбачліва апісана найбольш магчымая будучыня Беларусі, лёс яе народа, культуры, мовы. Нават адзначана верагодная часовая падтрымка нацыянальнаму адраджэнню ад кіраўнікоў бальшавіцкага ўладу, што пазней адбылося ў час «беларусізацыі» у пачатку 20-х гадоў мінулага стагоддзя на чале з нацыянал-камуністамі А.Чарвяковым і М.Галадзедам.

Аўтар нават даў назву гэтай з’яве – «нацыянальны бальшавізм». Але ён толькі невялічкая адліга для супакаення адраджэнцаў, бо галоўная сутнасць рэжыму – рэпрэсіі, гвалт, «чразвычайка», ГУЛАГ, а каб троху упрыгожыць дзейнічае дэмагогія ў выглядзе двудушша: з аднаго боку, ідэі камунізма (роўнасць, братэрства – як у хрысціянстве), а з другога – хлусня, тэрор, сілавыя структуры. Цікава, што пісьменнік, які меў правідчы дар, прыводзіць выраз «вінцік» (пазней ім карыстаўся »правадыр усіх народаў» у СССР).

У «Дзвюх душах» Максім Гарэцкі прадбачыў не толькі свой асабісты лёс, але і будучыню Беларусі, нават усёй Расіі і падначаленых ёй рэспублік. У гэтым сэнсе яго твор можна параўнаць з раманам «Бесы» Фёдара Дастаеўскага, які накіраваны супраць сацыялістычных, атэістычных поглядаў.

Вельмі важна падкрэсліць актуальнасць «Дзвюх душ», бо сучаснасць у многіх галоўных момантах мае шматагульнага з той былой сітуацыяй, асабліва ў сувязі з праблемамі незалежнасці Беларусі, пабудовай еўрапейскай дэмакратычнай дзяржавы з моцнай эканомікай і вольным, нацыянальна свядомым грамадствам.

Пік бальшавіцкага тэрора супраць уласнага народа прыйшоўся на 1937-1938 гады, таму ўсім трэба падтрымаць ініцыятыву гісторыка Ігара Кузняцова і яго аднадумцаў  – абвесціць 2017 год Годам памяці ахвяр бальшавізму

Вядомы гісторык Ігар Кузняцоў у двух нумарах газеты «Народная Воля» (31 студзеня і 1 лютага 2017 г.) надрукаваў артыкул «Большевиcтский террор (забвению не подлежит…)». Ён у чарговы раз нагадаў пра масавае знішчэнне «контррэвалюцыйных элементаў», якое прывяло да стварэння расстрэльнай «прамысловасці», калі смяротная казнь стала бытавой з’явай.

Скарочаныя назвы карных органаў – ОГПУ–НКВД–МГБ–КГБ – прыводзілі мільёны людзей у жах, а прозвішчы іх карнікаў (Дзяржынскі, Ягода, Яжоў, Берыя і многіх іншых) выклікалі страх і нянавісць. Кожны савецкі грамадзянін з непакоем чакаў начны стук у дзверы, бо ведаў, што могуць прыйсці «кампетэнтныя» людзі, зрабіць ператрус і забраць у «чорны воран».

Мне давялося ў дзіцячыя і школьныя гады быць сведкам такіх начных наведвальнікаў тры разы: калі арыштоўвалі майго бацьку ў Менску і Мядзведжай Гары (Карэлія), а таксама роднага дзядзьку Сяргея Восіпавіча Парфяновіча ў Запарожжы. Нягледзячы на тое, што я меў зусім мала гадоў, тыя падзеі нанеслі маёй душы моцную рану, якую я адчуваў усё жыццё, і нават цяпер, у свае 88 гадоў, шрам ад яе не дае мне спакою.

Мой Тата, які трапіў у 1930годзе ў «ворагі народа», але цудам застаўся жывы, амаль усё далейшае адчуваў гэтую «пляму», а я – «сына ворага народа». Таму нават пасля поўнай рэабілітацыі «за отсутствием состава преступления» Тату дазволілі вярнуцца ў Беларусь толькі праз 8 гадоў, а пасля яго гвалтоўнага выгнання з Бацькаўшчыны – амаль праз 40 гадоў. Троху пазней і я змог назаўсёды пераехаць у горад, дзе нарадзіўся.

Крывавы тэрор супраць уласнага народу проводзіўся пад кіраўніцтвам бальшавіцкай зграі на чале з Леніным і Сталіным, якія, дзякуючы спрытнай дэмагогіі і хлусні, доўгі час умудраліся хаваць праўду ад грамадства. Толькі ў час «хрушчоўскай адлігі» і асабліва ў час «перабудовы» сталі вядомы многія факты бальшавіцкага тэрору, хаця шмат якіх застаюцца яшчэ сакрэтнымі.

Ігар Кузняцоў паведамляе, што паводле афіцыйных даных у БССР у 1920–1940-я гады было рэпрэсіравана больш за 600 тысяч чалавек (а паводле падлікаў незалежных даследчыкаў – звыш паўтара мільёна). Як цяпер вядома, у тыя гады толькі ў Менску было больш за дзесяць месц масавых расстрэлаў (Курапаты, раёны Камароўскага рынку, Лошыцы, Дражні, Сляпянкі, Масюкоўшчыны і інш.), а па ўсёй рэспубліцы іх налічвалася не менш за сорак.

1937 год – пік бальшавіцкага тэрору. Асабліва трагічны дзень у гісторыі беларускага народа – 29 кастрычніка 1937 году, калі за адну ноч сталінскія каты расстралялі больш за сто выдатных прадстаўнікоў творчай, тэхнічнай і дзяржаўнай інтэлігенцыі.

За ўвесь час існавання БССР да 1953 года ў Беларусі было знішчана звыш паловы прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі. А колькі яшчэ раней рэпрэсавана і выслана за межы Беларусі – у тым ліку і мой родны дзядзька – класік беларускай літаратуры Максім Гарэцкі, якога расстралялі 10 лютага 1938 года ў Вязьме. Безумоўна, каб не гэтыя згубы, цяпер мы жылі б ў іншай, больш багатай, цывілізаванай, беларускай Беларусі.

З 1937 года прайшло 80 гадоў. Ігар Кузняцоў і яго калегі справядліва прапануюць 2017 год абвесціць Годам памяці ахвяр бальшавіцкага тэрору, а таксама спецыяльна адзначыць памяць ахвяр 29 кастрычніка 1937 года. Я поўнасцю падтрымліваю гэтую вельмі своечасовую ініцыятыву. Патрэбны помнікі ўзгаданым суайчынікам у месцах іх масавых расстрэлаў, як гэта зроблена ахвярам Другой сусветнай вайны; ва імя будучага неабходна асэнсаваць трагічнае мінулае, усім адчуць за гэта адказнасць; на дзяржаўным узроўні асудзіць бальшавіцкі тэрор, правесці грамадзянскае пакаянне і іншыя дзеянні, каб такая з’ява больш ніколі не пасцігла народ.

Свой вялікі артыкул Ігар Кузняцоў заканчвае вельмі правільнымі словамі: «…без принятия на себя этого в самом деле тяжелейшего груза ответственности за прошлое у нас не будет никакой национальной консолидации и никакого возрождения».

Зорка раўняецца свастыцы

У 1973 г. з нагоды навуковай канферэнцыі я ўпершыню трапіў у Парыж. У той час там праходзілі выбары ў Нацыянальны Сход Францыі. Парыж быў аблеплены партрэтамі кандыдатаў у дэпутаты і сярод іх я з гонарам убачыў знаёмы твар Жоржа Маршэ – генеральнага сакратара Камуністычнай партыі Францыі.

Але разам з тым на многіх сценах будынкаў, метро, плакатах былі намалёваны знакі: зорка раўняецца свастыцы. Мяне гэта тады вельмі ўразіла. Я пачаў думаць: чаму так?

Ужо ў той час і асабліва пазней, у перабудову, калі мы сталі больш адкрытымі, а галоснасць і праўда прабілі маўклівасць і хлусню, я зразумеў, што і такія знакі маюць сэнс. У нас не было ні сацыялізму, ні тым больш камунізму, а быў ленінізм-сталінізм, была бальшавіцкая ўлада. Па сутнасці, і фашызм, і бальшавізм – блізкія сістэмы таталітарызму, дыктатура адной партыі і асабліва яе вярхушкі.

Ужо ў 1918 г. адным з першых актаў бальшавікоў быў акт аб чырвоным тэроры, дзе ўпершьшю сцвярджалася нсабходнасць аріанізацыі канцэнтрацыйных лагераў. 3 тых часоў пачалі ўжывацца пазасудовыя рэпрэсіі.

Сталін пазней пісаў: «Рэпрэсіі ў галіне сацыялістычнага будаўніцтва з’яўляюцца неабходным элементам наступлення». Быў створаны карны «ордэн мечаносцаў» (ЧК) унутры Савецкай дзяржавы. Да людзей ставіліся не з пункту гледжання Чалавека, а толькі як да «вінціка».

Абодва дыктатарскія рэжымы, па сутнасці, былі блізкія, а па колькасці знішчаных людзей (асабліва сваіх найлепшых) сталінскі значна перавысіў гітлераўскі. Падыход да войнаў таксама быў блізкі – захопніцкі. Была ганебная фінская, а потым зусім не «нечаканая» другая сусветная войны. Блізкасць рэжымаў спарадзіла і вялікае перадваеннае сяброўства – дастаткова прыгадаць пакт Молатава–Рыбентропа, сумесны парад войскаў у Брэсце напярэдадні вайны.

Бальшавіцкія кіраўнікі з Маскоўскага Крамля гандлявалі беларускімі землямі, зыходзячы са сваіх палітычных сітуацый

У 1918 г. бальшавіцкая Расея і Нямеччына дзялілі беларускую тэрыторыю пры падпісанні Брэсцкай дамовы. Вынікі Рыжскай мірнай дамовы 1921 г. Савецкай Расеі і Польшчы прывялі да ўключэння Заходняй Беларусі ў склад Польшчы. Беларускае насельніцтва зноў патрапіла пад моцную паланізацыю.

У Савецкай Беларусі засталося толькі шэсць паветаў былой Менскай губерніі. У 1924 г. Масква вярнула ў БССР шэраг паветаў Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губерняў са складу РСФСР, у якую яшчэ ў 1919 г. вайшла велізарная этнічнабеларуская тэрыторыя. У 1926 г. Масква часткова вярнула ў БССР некалькі паветаў Пскоўскай і Гомельскай губерняў.

Пасля падпісання ў Маскве пакта Молатава-Рыбентропа – савецка-нямецкая дамова пра ненападзенне і сакрэтныя пратаколы пра падзел сфераў уплыву (жнівень 1939 г.) – 1 верасня 1939 г. пачалася Другая сусветная вайна: фашысцкая Германія напала на Польшчу, а савецкія войскі захапілі тэрыторыю Заходняй Беларусі (у тым ліку Вільню і Беласток). Але ўжо ў кастрычніку 1939 г. Сталін перадаў Вільню і Віленскі край Літве.

14 лістапада 1939 г. у склад БССР вайшла Заходняя Беларусь, а беларускія змагары за нацыянальнае вызваленне (Браніслаў Тарашкевіч, Антон Луцкевіч і інш.), якія сядзелі ў польскіх турмах, потым трапілі ў савецкія турмы і былі расстраляны. У час вайны Беларусь стала закладніцай дзвюх таталітарных сістэм – сталінскай бальшавіцкай і гітлераўскай фашысцкай. У Другую сусветную вайну загінуў кожны трэці жыхар Беларусі.

У апошнія месяцы перад сканчэннем вайны ішлі спрэчкі пра мяжу паміж Польшчай і БССР у Беласточчыне, прычым вайскоўцы Арміі Краёвай, часта пераапранутыя пад партызан, хадзілі па вёсках з пытаннем «хто вы – беларусы ці палякі?» Калі адказ быў «беларусы», забівалі цэлымі сем’ямі. Іх мэта – паказаць, што на Беласточчыне зусім мала беларусаў і таму яна польская.

Каб супакоіць польскі ўрад, створаны ў Лондане, і падтрымліваючых іх Велікабрытанію і ЗША, у жніўні 1945 г. СССР перадаў Польшчы са складу БССР 17 раёнаў Беларускай вобласці разам з Беластокам і 2 раёны Брэсцкай вобласці.

Беларусь – адзіная краіна-пераможца, якая ў выніку вайны панесла тэрытарыяльныя страты.

Пасля вайны да беларусаў адносіліся, як да чукчаў

Я дагэтуль месцам свайго нараджэння пішу «Менск» – так па-беларуску напісана ў мяне ў пасведчанні. Калі я ўжо ў Маскве атрымліваў свой пашпарт, пашпартыстка маё прозвішча перапісала адтуль. У выніку ў мяне і маіх бацькоў і брата розныя прозвішчы – яны па-руску «Горецкие», а я «Гарецкий».

Я, калі потым з Расіі прыехаў сюды жыць, заўважыў, што ў вельмі многіх беларусаў, якім пасля вайны сталі выдаваць пашпарты, дата нараджэння ў дакуменце не супадала з рэальнай датай. Запісвалі, як хацелі. Мяне гэта вельмі здзівіла.

Пасля вайны да нас адносіліся, як да чукчаў. Для расійскіх чыноўнікаў тыя ўсе былі на адзін твар. I каб зэканоміць час і грошы, чукчаў нават не фатаграфавалі, а ўклейвалі ім у пашпарт адзін і той жа фотаздымак – «все равно одна морда».

Прыкладна тое ж было і з беларусамі тут. I гэта беларусы зноў спакойна праглынулі.

Бальшавіцкая палітыка, скіраваная на зліццё нацый у «адзіны савецкі народ», прывяла да страшэннай русіфікацыі. Беларуская мова ўжо трапіла ў Чырвоную кнігу. Разам з моваю туды трапілі і беларусы, бо без мовы няма і народа.

Рэспубліка інтэнсіўна губляла нацыянальныя людскія рэсурсы: моладзь адпраўлялі на лесанарыхтоўкі ў Карэлію і Комі, на асваенне цылінных земляў Казахстана, будаўніцтва Байкала-Амурскай магістралі і іншыя сібірскія будоўлі, выпускнікі беларускіх ВНУ накіроўваліся ў розныя раёны Саюза, шмат трапіла і нават загінула ў Афганістане і г.д.

***

Трэба адзначыць: гістарычна склалаўся такі лёс, што беларускаму народу наканавана быць аднаму з самых раскіданых па ўсім свеце. Кожны трэці беларус (а можа і нават і больш) жыве па-за межамі сваёй Бацькаўшчыны.

Цяпер беларусы рассеяны па ўсіх кантынентах Зямлі. Калі б беларусы натуральна жылі на сваёй этнічнай тэрыторыі, ды не разбуральныя войны, у выніку якіх загінуў кожны чацвёрты, трэці, а то і другі чалавек, ды не падзелы тэрыторыі, то цяпер было б не менш 30 млн. беларусаў.

Перабудова прывяла да развалу СССР, кароткаму па часе, інтэнсіўнаму нацыянальнаму адраджэнню, стварэнню незалежнай Рэспублікі Беларусь, якая стала прэзідэнтскай з аўтарытарным рэжымам

Бальшавіцкая савецкая сістэма прывяла да глыбокага гаспадарчага крызісу. Апошні прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў (з сакавіка 1985 г.) вымушаны быў пачаць перабудову камандна-адміністрацыйнай эканомікі і савецкага грамадства, каб выратаваць Саюз. Але «працэс пайшоў…»

Змяньшэнне бальшавіцкага дэспатызму выклікала нацыянальную самасвядомасць народаў СССР, у тым ліку і беларускага. Чарнобыльская катастрофа, якая паставіла на парадак дня выжыванне беларускай нацыі, яшчэ больш раскрыла заганы бальшавіцкай ўлады, поўнай залежнасці ад кіраўніцтва Масквы.

Узніклі нефармальныя аб’яднанні моладзі («Талака» і інш.), сталі вядомымі злачынствы ў Курапатах, былі створаны «Мартыролаг Беларусі», Аргкамітэт БНФ. У чэрвені 1989 г. у Вільні адбыўся ўстаноўчы з’езд БНФ, на чале якога стаў Зянон Пазняк (з вялікай падтрымкай Васіля Быкава), і інш.

Беларускі рух пашыраўся, але і камуністычныя ўлады ўсяляка праследавалі ўдзельнікаў руху. Пачалася барацьба дзвюх плыняў – нацыянальна адраджэнскай і бальшавіцкай, прычым у абедзьвух былі свае дадатковыя напрамкі і змены.

У 1989 г. утворана Таварыства беларускай мовы (ТБМ) на чале з Нілам Гілевічам. Абставіны прымусілі Вярхоўны Савет (ВС) рэспублікі 26 студзеня 1990 г. прыняць закон «Аб мовах БССР», а 1 верасня 1990 г. дзяржаўнай мовай Беларусі стала беларуская.

У 1990 г. створана Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» (прэзідэнт Васіль Быкаў). На выбарах у Вярхоўны Савет 1990 г. народнымі дэпутатамі сталі прадстаўнікі БНФ на чале з Пазняком і Дэмакратычны клуб на чале з Шушкевічам, але 86% дэпутатаў складалі камуністы. Старшынёй ВС абралі сакратара Палітбюро ЦК КПБ Мікалая Дземянцея, яго намеснікам – Станіслава Шушкевіча, а старшынёй Савета Міністраў БССР стаў член Палітбюро ЦК КПБ Вячаслаў Кебіч.

Пад уплывам збаўлення ад камуністычных рэжымаў суседніх краін БНФ узяў накірунак на дзяржаўную незалежнасць Беларусі. 12 чэрвеня 1990 г. у Маскве абвешчана Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце РСФСР, а 27 ліпеня ВС у Мінску прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце БССР у складзе савецкай федэрацыі.

Шматлікія члены КПСС пакінулі яе рады. Узнікаюць новыя партыі: у 1990 г. – Нацыянальна-дэмакратычная партыя Беларусі (НДПБ), Аб’яднаная дэмакратычная партыя Беларусі (АДПБ), у 1991 г. – Беларуская сацыал-дэмакратычная партыя (БСДП), Беларуская сялянская партыя (БСП), Беларуская хрысціянска-дэмакратычная злучнасць.

Гарбачоў у 1991 г. спрабаваў уратаваць СССР, агітуючы падпісаць новае саюзнае пагадненне. 19 жніўня 1991 г. частка бальшавіцкага кіраўніцтва ў Маскве (ГКЧП) абвясцілі захоп улады. Кіраўніцтва КПБ (у тым ліку і М.Дземянцей) падтрымалі путчыстаў, БНФ актыўна выступіў супраць. 21 жніўня дэмакратычныя сілы Расіі на чале з Барысам Ельцыным перамаглі путчыстаў.

25 жніўня Надзвычайная сэсія ВС БССР дала сілу закона Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР і прыпыніла дзейнасць КПБ–КПСС на тэрыторыі Беларусі; Дземянцей падаў у адстаўку, а 17 верасня новым старшынёй ВС БССР абралі Шушкевіча, замест БССР дзяржава атрымала новую назву – Рэспубліка Беларусь (РБ), абвешчаны дзяржаўным нацыянальным бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня».

8 снежня 1991 г. кіраўнікі Беларусі, Расіі і Украіны ў Белавежы падпісалі пагадненне аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД), каб замест СССР, які зусім ліквідуецца, падтрымаць агульную сувязь, а ў Беларусі нават засталося расійскае войска, ВС РБ дэнансаваў Саюзны дагавор 1922 года – СССР знік з палітычнай карты свету.

Беларусь стала парламенцкай рэспублікай; нас, прыхільнікаў незалежнасці дзяржавы, ахапіла эйфарыя і ўпэўненасць у яе беспаваротнае дэмакратычнае развіццё. Але ўлада ў Беларусі заставалася ў руках Кебіча і былой партыйнай наменклатуры, якія былі ў разгубленасці, бо не ведалі, як самастойна весці палітыку і гаспадарку, і таму цягнуліся да цеснага супрацоўніцтва з Расіей.

Я, добра адчуўшы ў сваім жыцці жорсткасць і моц бальшавіцкай сістэмы і КПСС, ніяк не чакаў, што яны могуць так проста знікнуць. Але ўзгадваючы шматпакутную гісторыю нашага народа, я, хоць таксама быў у захапленні ад пачуцця волі і новага стану незалежнасці краіны, чамусьці хваляваўся за тое, каб не страціць дасягнутага становішча і зноў не трапіць у савецкае мінулае.

Таму ў сваіх выступленнях таго часу (на ўстаноўчай канферэнцыі Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» 10 верасня 1990 г.; на сходзе, прысвечаным Дню абвяшчэння Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР 26 ліпеня 1991 г.; Выступленне на сходзе, прысвечаным 3-й гадавіне Дня незалежнасці Рэспублікі 24 ліпеня 1993 г. і інш.) я падкрэсліваў: «Мы павінны ўсвядоміць, што гэта, магчыма, апошняе адраджэнне – ці яно будзе, ці змарнее зусім, а з ім загіне беларушчына. […] Адраджэнне павінна быць інтэгральным: яно датычыцца не толькі роднай мовы, нацыянальнай культуры, навукі і адукацыі, але вымагае аднаўлення эканомікі і палітыкі. […] На аснове сусветнага вопыту неабходна распрацаваць эканамічную мадэль развіцця Беларусі, патрэбна весці сваю больш незалежную эканамічную палітыку. У кіруючых уладах павінны працаваць сапраўдныя прафесіяналы – патрыёты Бацькаўшчыны, а не былыя і сучасныя наменклатуршчыкі».

З другога выступа: «І вось цяпер зноў гісторыя дала нам шанец рэальна стварыць незалежную беларускую дзяржаву.

Першыя нясмелыя крокі да яе мы ўжо зрабілі, але гэта толькі пачатак. Я мару і спадзяюся, што не толькі нашы ўнукі і праўнукі, але, можа, і мы самі, калі прыкладзем адпаведныя намаганні, дажывем да вольнай, дэмакратычнай, самастойнай, магутнай і багатай беларускай Беларусі».

БНФ быў незадаволены прарасійскай палітыкай беларускага кіраўніцтва і таму патрабаваў адстаўкі Кебіча і прыняцця новага выбарчага закона, але гэта патрабаванне не прынялі. БНФ прапанаваў правесці па гэтых пытаннях рэферэндум, што падтрымалі ўсе апазіцыйныя партыі, апрача Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады, якая старалася быць у згодзе з пракамуністычнымі сіламі. Каб абараніць суверэнітэт Беларусі ад Расіі была спроба амаль усіх палітычных партый і рухаў аб’яднацца ў Антыкрызісны камітэт, але ён хутка распаўся.

У сакавіку 1992 г. была створана Партыя нацыянальнай згоды на чале з Генадзем Карпенка, якая падтрымлівала беларусізацыю і незалежнасць дзяржавы.

У той час важныя падзеі адбываліся і ў Акадэміі навук. Апошнім прэзідэнтам Акадэміі навук, які быў абраны пры надзвычайным ціскам ЦК КПБ на членаў акадэміі быў акадэмік У.П.Платонаў, які змяніў М.А.Барысевіча. Але ён не вытрымаў цяжкасці часу станаўлення незалежнасці Беларусі, нечакана ў 1991 годзе з’ехаў за мяжу ў ЗША і Канаду. Акадэміяй кіраваў віцэ-прэзідэнт акадэмік А.В.Сцепаненка.

У канцы красавіка 1992 года падышоў час выбараў новага прэзідэнта і ўсяго кіраўніцтва Акадэміі навук Беларусі, што, як і раней, адбывалася на сесіі Агульнага схода Акадэміі. Перад тым, як абвесціць пра выбары кіраўніцтва АН Беларусі па звычцы ўзгадняць тэрмін, колькасць прэтэндэнтаў і кандыдатуры з ЦК КПБ і Савета Міністраў звярнулася да тагачаснага кіраўніка дзяржавы Станіслава Шушкевіча і прэм’ер-міністра Вячаслава Кебіча. Тыя нечакана адказалі, што гэта справа Акадэміі навук калі і каго выбіраць.

Таму тыя выбары былі першыя і, як пазней аказалася, адзіныя на гэты момант поўнасцю вольныя і дэмакратычныя. Л.М.Сушчэню абралі Прэзідэнтам АН Беларусі. Ён быў не толькі выдатным вучоным, але спакойным, вытрыманым, асцярожным, здольным да кампрамісаў, разумным у вырашэннях арганізатарам навукі.

На наступны дзень Л.М.Сушчэня ў віцэ-прэзідэнты прапанаваў мяне, у галоўнага вучонага сакратара – А.М.Ганчарэнку, які добра выконваў гэтую пасаду ў мінулым складзе Прэзідыума АНБ, што вельмі важна было і дзеля пераемнасці.

Не хапала спецыяліста ў галіне фізіка-тэхнічных навук. Тады прапанавалі заняць пасаду віцэ-прэзідэнта А.В.Сцепаненку, тым больш, што ён меў такі значны вопыт у папярэднім Прэзідыуме акадэміі. Але ён катэгарычна адмовіўся, сказаўшы, што не хоча быць на такой пасадзе ў той час, калі, безумоўна, Акадэмія навук Беларусі будзе ліквідавана.

Такія думкі зразумець было лёгка, бо сітуацыя ў краіне была вельмі цяжкая. Распад Савецкага Саюза прывёў да значных эканамічных і палітычных праблем. Суверэнная Беларусь мела процьму разнастайных праблем, яе стварэнне шло нялёгка.

Шмат разбуральных працэсаў наляцела і на Акадэмію навук. Сістэма фінансавання абрушылася. Навуковыя распрацоўкі згубілі заказчыкаў. Пачалася «уцечка мазгоў». Шмат навуковых супрацоўнікаў мянялі сферу дзейнасці, моладзь не ішла ў навуку. Многія лепшыя спецыялісты мігрыравалі за мяжу. Цяжка было набываць навуковае абсталяванне, кнігі, часопісы. Другім віцэ-прэзідэнтам стаў генеральны канструктар па аўтамабільнай тэхніке РБ М.С.Высоцкі.

Нам давялося працаваць у кіраўніцтве АН Беларусі ў часы двух перыядаў у жыцці краіны: прыблізна 2,5 гады (04.1992–07.1994) у дапрэзідэнтскай дзяржаве і амаль 3 гады (07.1994–05.1997) – пры першым Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Калі ў першы перыяд мы былі ў значнай ступені свабоднымі ў сваёй дзейнасці, дык у другі трапілі ў звычайны стан пільнага нагляду ад кіраўніцтва дзяржавы. Але мы з нашымі куратарамі ад Адміністрацыі Прэзідэнта РБ (А.М.Данілаў – пазней член-карэспандэнт АН Беларусі) і ад Савета Міністраў РБ (У.Русакевіч) заўсёды былі ў добрых адносінах і знаходзілі дастаткова нармальныя вырашэнні розных пытанняў.

У час нашага кіраўніцтва АН Беларусі была даволі моцная небяспека ліквідацыі АН Беларусі: спачатку ад дзеячоў перабудовы, а пазней – ад першага Прэзідэнта РБ. З’явілася не зусім праўдзівая думка, што ў краінах Захаду няма дзяржаўных акадэмій навук, таму і ў Беларусі трэба ліквідаваць акадэмію, а яе інстытуты раздаць універсітэтам, ВНУ і міністэрствам.

Асабліва падтрымлівалі такую ідэю многія прадстаўнікі і выхадцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Сярод іх былі С.С.Шушкевіч – кіраўнік дзяржавы, М.І.Дзямчук – віцэ-прэм’ер Савета Міністраў, В.А.Гайсёнак – старшыня Дзяржаўнага Камітэта па навуцы і тэхналогіях РБ і інш. Прыйшлося праводзіць шматлікія асабістыя размовы, пасяджэнні, спрэчкі і г.д. Нарэшце, усё ж задалося неяк адбіцца.

А.Р.Лукашэнка таксама хістаўся ў неабходнасці захавання Акадэміі навук. Да таго ж у Беларусь прыехаў Прэзідэнт Казахстана Н.А.Назарбаеў, які выступіў на Агульным сходзе АН Беларусі ў прысутнасці Прэзідэнта РБ і паведаміў, што ён ліквідаваў АН Казахстана, аб’яднаў яе з Міністэрствам адукацыі і г.д. А.Р.Лукашэнку такія дзеяння свайго калегі здаліся цікавымі і патрэбнымі.

Усім нам, членам Прэзідыума АН Беларусі, і асабліва Л.М.Сушчэні прыйшлося прыкласці ўсе намаганні, каб такія падзеі не адбыліся ў Беларусі. Таксама з вялікімі цяжкасцямі нам задалося захаваць АН Беларусі.

У справе аб’яднання беларусаў свету і незалежнасці Беларусі вялікае значэнне меў Першы з’езд беларусаў свету, які ў ліпені 1993 г. наладзіла ЗБС «Бацькаўшчына» разам з урадавымі арганізацыямі. Галоўная тэма з’езду гучала ў агульным дакладзе «Нацыянальная ідэя і адбудова беларускай дзяржаўнасці», які давялося зрабіць мне. Упершыню беларусам усяго свету задалося сабрацца разам, каб асэнсаваць сябе ў кантэксце сваёй прысутнасці ў свеце, абмеркаваць шляхі да сапраўднай незалежнасці, дзяржаўнага будаўніцтва і нацыянальнага адраджэння. Тады мы з надзеяй глядзелі ў будучыню і нам здавалася, што гэты з’езд толькі пачатак магутнага адраджэння, але ў хуткім часе ўбачылі, што гэта яго апагей, бо далей падняліся сілы, якія пачалі рухаць краіну ў савецкае мінулае.

4 лютага 1993 г. ВС Беларусі ратыфікаваў дагавор аб скарачэнні стратэгічных узбраенняў і вывазу ядзернай зброі ў Расію. Беларусь станавілась нейтральнай дзяржавай. ВС РБ не даў згоду на рэферэндум, а посткамуністычны блок аб’яднаўся ў «Народны рух Беларусі», які падтрымліваў і ўрад Кебіча; пачалася шалёная кампанія супраць БНФ і далучэнне да Расіі.

ВС РБ 26 студзеня 1994 г. значнай большасцю галасоў зняў з пасады старшыні Шушкевіча, чаму вельмі паўплывала яго абвінавачванне ў прыватызацыі дзяржаўных сродкаў на суму 100 даляраў дзеля пакупкі «скрынкі цвікоў» для будаўніцтва сваёй дачы. З гэтым дасягненнем працы Камісіі па выкрыцці злачынстваў выступіў яе старшыня Аляксандр Лукашэнка. Новым старшынёй ВС РБ абралі генерала міліцыі Мячаслава Грыба.

Візіт у Менск прэзідэнта ЗША Біла Клінтана ў студзені 1994 г. падтрымаў незалежнасць Беларусі сваім выступам у зале АН Беларусі, сустрэчамі з Шушкевічам, Пазняком, наведваннем Курапат. У сакавіку 1994 г. была прынята новая Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, у якой краіна абвяшчалася дэмакратычнай, прававой і суверэннай дзяржавай, але прэзідэнтскай (прэзідэнт мае поўны кантроль за выканаўчай уладай).

Перад гэтым прайшлі спрэчкі пра ўвядзенне пасады прэзідэнта. Да прэзідэнцкай дзяржавы вельмі імкнуліся прасавецкія сілы, якія былі ўпэўнены, што В.Кебіч пры падтрымцы камуністычнай большасці і Расіі, атрымае гэтую пасаду.

Дэмакратычная апазіцыя лічыла лепшым пакінуць парламентскую дзяржаву, а калі не атрымаецца, вылучыць толькі адзінага кандыдата. Як быццам, той жа думкі прытрымліваўся і БНФ. Аднак яшчэ ў сярэдзіне 1993 г. БНФ арганізаваў сярод сваіх сяброў палітычную партыю з той жа назвай і з тым жа кіраўніком З.Пазняком і вырашыў весці перадвыбарную кампанію самастойна. 1 сакавіка 1994 г. ВС РБ прагаласаваў за прэзідэнцкую дзяржаву.

15 сакавіка 1994 г. пачалася прэзідэнцкая перадвыбарчая кампанія, у якую ўключыліся В.Кебіч, А.Лукашэнка, С.Шушкевіч, З.Пазняк, В.Новікаў (ад камуністаў), Г.Карпенка, А.Дубко (старшыня калгасу і Савета калгасаў Беларусі). Кебіч і Лукашэнка выступалі за саюз з Расіей і змаганне паміж сабой, каб даказаць, хто большы «інтэгратар». Першы актыўна выкарыстоўваў «дзяржаўны рэсурс». Другога («змагара з карупцыяй») падтрымлівалі так званыя «маладыя ваўкі» (Д.Булахаў, В.Ганчар, А.Лебедзька і інш), якія спадзяваліся, што Лукашэнка зможа скінуць Кебіча і даць ім высокія пасады ў дзяржаве. Выбаршчыкам так надакучыў камуніст і кіраўнік Кебіч, што яны галасавалі за іншага, абы толькі «супраць Кебіча». На жаль, дэмакратычныя сілы не аб’ядналіся.

Карпенка, як вядомы вучоны, выдатны кіраўнік гарвыканкама Маладзечна, стаў папулярным палітыкам і меў шматлікіх прыхільнікаў. Але Карпенка ў час рэгістрацыі меў толькі 108354 подпісаў грамадзян, з якіх сапраўднымі палічылі 93472. Адначасова з 78 дэпутатаў ВС РБ, якія падпісаліся за яго, 14 дэпутатаў адклікалі свае подпісы, і ён не меў патрэбных 70.

Справа ў тым, што Карпенка, калі даведаўся аб малай колькасці подпісаў выбаршчыкаў за яго ўключэнне ў спіс кандыдатаў, быў упэўнены, што яго падтрымалі дэпутаты (тым больш, што ў Законе не прапісана магчымасць адклікаць подпіс). Таму на ўгаворы нашага Бюро Прэзідыума АН Беларусі (мы з ім сябравалі як з членам-карэспандэнтам АН Беларусі) парупіцца па збору подпісаў грамадзян, ён нічога не рабіў.

Тым часам дэпутаты БСДГ на чале з Алегам Трусавым адклікалі свае подпісы за Карпенку. Апошні напісаў заяву на пасяджэнні Цэнтральнай выбарчай камісіі аб тым, што здымае сваю кандыдатуру («… трэба падлічваць і карыстацца толькі чыстымі галасамі. Брудныя ж выкідаюць на сметнік»). Шушкевіча падтрымлівала якраз БСДГ, а Алег Трусаў быў кіраўніком яго ініцыятыўнай групы.

Пазняк яшчэ з 1990 г. меў моцны ценявы кабінет, які актыўна працаваў у розных напрамках нацыянальнага адраджэння, у тым ліку эканамічных (быў распрацаваны шэраг законаў; я разам з В.Масквічом прадставілі «Закон аб нетрах»). Сярод 20 давераных асобаў на выбарах былі Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Радзім Гарэцкі (ужо віцэ-прэзідэнт АН Беларусі) і інш.

23 чэрвеня 1994 г. прайшлі выбары першага прэзідэнта РБ. Прыняла ўдзел каля 79% выбаршчыкаў. Ні адзін з кандыдатаў не набраў больш за палову галасоў. Таму быў прызначаны другі тур, дзе перамогу атрымаў А.Лукашэнка, які і стаў першым прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Такім чынам, зноў быў згублен шанец, аб якім мы марылі, і ў гэтым самі былі вінаватыя. За Пазняка і Шушкевіча разам было аддана больш галасоў, чым за Кебіча, і пры адзіным кандыдаце ў другі тур прайшоў бы дэмакратычны кандыдат. Мне, як і многім, думаецца, што самую большую магчымасць як адзіны прэтындэнт меў Карпенка. Але, як ужо шмат разоў было, у палітыкаў перамаглі амбіцыі…

Беларусь, як і большасць іншых рэспублік СССР, стала прэзідэнтскай дзяржавай. Амаль усе новыя прэзідэнты, якія былі ўзгадаваны бальшавіцкай сістэмай, адчулі сябе «малымі Сталінымі» і пачалі будаваць «вертыкальную структуру», набліжаную да савецкай, на вяршыні піраміды якой знаходзіцца прэзідэнт і адзінаначальна кіруе аўтарытарным рэжымам. Метады такога дасягнення самыя разнастайныя, але большасць з іх нелігітымныя і нават злачынныя, гэта –дэмагогія, фальсіфікацыя, карупцыя, выхаванне падначаленых, якія абараняюць улады, і г.д.

Канстытуцыя Беларусі 1994 г. па словах Лукашэнкі давала яму «царские полномочия». Праз два гады шляхам рэферэндума была прынята новая Канстытуцыя (1996 г.), якая перадала прэзідэнту ўсю ўладу ў дзяржаве. Нарэшце, яшчэ адзін рэферэндум (17.Х.2004) зняў пункт пра выбары прэзідэнта не больш, чым на два тэрміны, дазволіўшы балатавацца неабмежаваную колькасць разоў. Фактычна ні адзін Закон без згоды прэзідэнта не можа быць прыняты, а яго ўказы абавязковыя для дзяржавы нават тады, калі яны не адпавядаюць Канстытуцыі.

Такім чынам А.Лукашэнка ўжо 25 гадоў, як адзіны гаспадар, кіруе Рэспублікай Беларусь. Да канца мінулага стагоддзя ён цвёрда трымаў курс на інтэграцыю з Расіей, нават заключыў Саюз Беларусі і Расіі, падпісаў «Дэкларацыю аб яднанні двух народаў», гатоў быў адразу гэта выканаць, калі Б.Ельцын зробіць яго «віцэ-прэзідэнтам» агульнай дзяржавы. У той час тых апазіцыянераў, якія стаялі за незалежнасць Беларусі лічыў «ворагамі народа». Але небяспека згубы незалежнасці была настолькі рэальнай, што грамадства правяло «Усебеларускі з’езд за незалежнасць».

Калі прэзідэнтам Расіі стаў У.Пуцін, ён прапанаваў А.Лукашэнку ўваходжанне Беларусі ў Расійскую Федэрацыю цалкам ці асабнымі абласцямі. Перспектыва страты ўлады настолькі напалохала нашага прэзідэнта, што ён часткова загаварыў словамі апазіцыі, у прыватнасці наконт незалежнасці дзяржавы. Але іншыя моманты яго кіраўніцтва засталіся тымі ж.

Што пераможа – поўны песімізм ці асцярожны аптымізм у далейшым развіцці Беларусі?

Сучасны стан спраў у Беларусі выклікае вялікі сум і песімізм. Перш-наперш гэта тычыцца беларускай мовы, якую ўлады амаль поўнасцю ігнаруюць.

Яшчэ Якуб Колас казаў, што калі кіраўніцтва рэспублікі загаворыць на роднай мове, дык і насельніцтва будзе ёй карыстацца. І прэзідэнт, і яго вертыкаль (нават міністры культуры, інфармацыі, адукацыі) выступаюць звычайна (ці больш) па-руску.

СМІ Беларусі, што асабліва важна тэлебачанне – таксама збольшага рускамоўныя. Па віне ўладных структур родная мова даведзена амаль да поўнага заняпаду. Без роднай мовы не можа існаваць і тым больш развівацца нацыянальная культура, адукацыя, многія напрамкі навукі. Без мовы гіне нацыя, а з ёй дзяржаўнасць і суверэнітэт.

Каб з беларускай краінай не здарылася такая катастрофа, кіраўніцтва дзяржавы на чале з Прэзідэнтам павінны звярнуць сваю галоўную ўвагу на родную мову – карыстацца ёй хаця б на 50% (калі у нас «двухмоўе») і абявазкова шырока укараняць беларускую мову ва ўсе сферы жыццядзейнасці краіны. Праблема роднай мовы вельмі важна ў сувязі з сучаснымі імперскімі амбіцыямі Расіі. У.Пуцін не здарма сказаў, што дзе руская мова, там Расія, там «рускі мір». Прыклад не толькі слоў, але і дзеянняў мы ўсе ўжо ўбачылі па Крыму, па Усходняй Украіне. Толькі мова можа захаваць нашу дзяржаву суверэннай.

Я ўспамінаю размову наконт мовы з Васілём Быкавым, які ўжо тады быў поўным песімістам пра захаванне і тым больш пашырэнне беларускай мовы, аб чым гаварыў з такім хваляваннем, страшэнным сумам і гаркотай.

У апошні час радуе пашырэнне розных грамадскіх арганізацый і значнага кола беларусаў (асабліва моладзі) па зацікаўленасці і карыстанню беларускай мовай: ТБМ з многімі раённымі і абласнымі суполкамі, ЗБС «Бацькаўшчына», якія стварылі праекты «Будзьма беларусамі», «Не маўчы па-беларуску», «Мова нанова», «Чытаем па-беларуску з Welcom» і інш. Вялікую справу па тлумачэнню важнасці роднага слова ва ўсіх напрамках працягваюць недзяржаўныя газеты: «Народная Воля», «Наша слова», «Наша ніва», «Свободные новости плюс», «Новы час» і інш. Вось гэтыя падзеі моцна змяншаюць песімізм і пераконваюць не толькі сэрца і душу, але нават і розум на карысць асцярожнага аптымізму.

Ужо 25 гадоў кіраўнік нашай дзяржавы, а за ім яго чынавенства (пад уздзеяннем страха) з гонарам кожны год паўтараюць, як заклінанне – у нас стабільнасць. На самай справе гэтая аснова эканомікі дзяржавы ператварылася ў сапраўдны застой. Але жыццё прымушае рабіць рэформы як палітычныя, так і эканамічныя, хоць і слабыя і часцей няўдалыя, але з часам да іх выканання вымушаны будуць прыцягнуты новыя лепшыя спецыялісты, і таму ёсць надзея на нейкую сапраўдную мадэрнізацыю.

Нягледзячы на шматлікія адмоўныя падзеі ў нашай краіне, цяжкі стан жыцця, на расслаенне насельніцтва на малую колькасць багатых і шматлікіх бедных, я ўспамінаю апошнія выказванні Ніла Гілевіча. Ужо зусім хворы ён як запавет казаў Анатолю Вярцінскаму і мне: «Дарагія сябры, працягвайце той шлях, на якім вы так падтрымлівалі мяне, рабіце ўсё магчымае для беларушчыны, дэмакратыі, незалежнасці і не губляйце аптымізму. Будзем аптымістамі, іншага не дадзена. Будзем верыць у нашу праўду, у нашу перамогу. І ўсё ж мы дойдзем, дойдзем мы да Беларусі!»

Радзім Гарэцкі: «Як збілі мяне ля пад`езда, Мальдзіс смяяўся: і вы ў нашу кампанію недабіткаў трапілі»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)