В мире

Беларус у Вэнэсуэле пра пратэсты: «З нашай апазыцыяй такое і ня сьнілася»

Сяргей пераехаў зь Беларусі ў Вэнэсуэлу восем гадоў таму. Працаваў у будаўніцтве, ажаніўся зь мясцовай жанчынай, нарадзіліся дзеці, і ён вырашыў застацца. Радыё Свабода пагаварыла зь ім пра тое, што цяпер адбываецца ў краіне.

Пратэсты ў Вэнэсуэле, 23 студзеня 2019 году

Сьцісла:

Краіне патрэбны рэформы, бо ўсё ўвязла ў карупцыі.

Гэтыя пратэсты больш арганізаваныя, чым у 2014 годзе.

Twitter, Instagram, Facebook і WhatsApp дапамагаюць людзям скаапэравацца падчас акцый.

Бюджэтнікаў зь дзяржаўных арганізацый адправілі на марш у падтрымку Мадура.

На 15 студзеня афіцыйны мінімальны заробак быў крыху меншы за 10 даляраў.

Вэнэсуэльцы зьяжджаюць у Калюмбію, Эквадор, Чылі, Пэру і Аргентыну.

Кожны шосты вэнэсуэлец эміграваў.

Амбасада Беларусі ніякіх паведамленьняў беларускім грамадзянам не рассылала.

Зь беларусаў мала хто застаўся ў Вэнэсуэле на пастаяннае жыхарства.

Пратэсты ў Вэнэсуэле, 23 студзеня 2019 году

Мадура далёка ня Чавэс

У пратэстах я ня ўдзельнічаю. Аднак відавочна, што краіне патрэбны рэформы. Станоўчыя рэчы, створаныя пры Уга Чавэсу, кшталту бясплатнай мэдыцыны і адукацыі, ужо страчаныя. Цяпер тут усё ўвязла ў карупцыі. Мадура далёка не Чавэс.

Мяркую, палітычны рэжым у Вэнэсуэле зьменіцца, калі пераможа праамэрыканскі кандыдат у прэзыдэнты Хуан Гуайдо. Тады прыйдуць праамэрыканскія сілы і амэрыканскі капітал, але ня ведаю, ці прынясе гэта шчасьце. Вэнэсуэльскія кампаніі, экспрапрыяваныя дзяржавай, адыдуць у прыватныя рукі.

За Мадура стаіць расейскі капітал, кітайская і расейская пазыкі. І калі кітайцы занялі такую гібкую пазыцыю, гэта значыць, што яны падтрымаюць і аднаго, і другога прэзыдэнта, то расейцы будуць за свае грошы змагацца і дапамагаць да апошняга.

Людзі зачакаліся пераменаў і стаміліся ад сацыялізму. Ім ужо бяз розьніцы, хто прыйдзе: хоць амэрыканцы, хоць кітайцы, хоць іншаплянэцяне высадзяцца — але хочацца, каб адбылося нешта канкрэтнае. Фінансавы крызіс цяжэйшы за палітычны: цяпер ніхто не шыкуе, пакутуюць усе.

Ужо ніхто нічога не баіцца

У параўнаньні з пратэстамі 2014 году, калі людзі падпальвалі машыны, кідалі камяні і бутэлькі, гэтым разам усё больш цывілізавана і арганізавана. Twitter, Instagram, Facebook і WhatsApp дапамагаюць людзям скаапэравацца.

Тыя, хто раней выходзіў у падтрымку Чавэса, учора выйшлі на акцыю ў падтрымку часовага прэзыдэнта ад вэнэсуэльскай апазыцыі Хуана Гуайдо.

Паліцыя падчас пратэстаў у Вэнэсуэле

Бюджэтнікаў зь дзяржарганізацый прымусілі надзець чырвоныя кашулі, пасадзілі ў службовы аўтобус і павезьлі на марш у падтрымку Мадура 23 студзеня. Такі фэйк, каб паказаць альтэрнатыўную карцінку для тэлевізіі. Калі на акцыі супраць Мадура былі мільёны людзей, то на акцыі ў яго падтрымку — на парадак ніжэй.

Такога натоўпу людзей на вуліцах я не чакаў. Не выйшлі хіба толькі зусім пажылыя людзі і дзеці. Беларусі з нашай апазыцыяй такое і не сьнілася. Думаў, што людзей будзе менш, бо самая актыўная частка насельніцтва — студэнты, маладыя — зьехала. Засталіся людзі сярэдняга, перадпэнсійнага і пэнсійнага ўзросту. Тут ужо ніхто нічога не баіцца.

Амбасада Беларусі ніякіх паведамленьняў мне не прысылала, але я не знаходжуся на консульскім уліку.

Пратэсты ў Вэнэсуэле, 23 студзеня 2019 году

Як у савецкія часы

Я 1982 году нараджэньня. Памятаю, як у савецкія часы маці гадзінамі стаяла ў чэргах па, напрыклад, дзьве шапкі са штучнага футра. У Вэнэсуэле цяпер тое ж самае. Там, дзе танна, велізарныя чэргі.

На рынку можна набыць мяса і іншыя прадукты, але цэны на іх вышэйшыя, чым у Маямі. Напрыклад, 2 літры марозіва ў вядзерцы каштуюць па актуальным курсе 25 $, а ў Маямі — 5 $.

Цэны падымаюць у пяць разоў вышэй, каб перастрахавацца і ня страціць праз розьніцу ў курсе. Даляр цягам паўгадзіны расьце вельмі хутка.

Цяжка памерці ад голаду

На 15 студзеня афіцыйны мінімальны заробак быў крыху меншы за 10 даляраў. І гэта за пяцідзённы працоўны тыдзень па восем гадзін на дзень. Выжыць на яго амаль нерэальна, але ніхто не галадае. У краіне з трапічным кліматам, дзе на кожным дрэве нешта расьце, даволі складана памерці ад голаду, асабліва ў сельскай мясцовасьці.

Паўпустыя паліцы ў супэрмаркеце ў Каракасе, 2017 год

Для найбяднейшых людзей у Вэнэсуэле дзейнічала сыстэма разьмеркаваньня выгод. Раз на пятнаццаць дзён або раз на месяц ім выдавалі скрынку з прадметамі першай неабходнасьці: туалетнай паперай, рысам, макаронай, маслам і кансэрвамі. На сям’ю з чатырох чалавек гэтага было дастаткова. Добра, што праблема вопраткі не стаіць так востра, бо клімат тут выдатны. У адных шортах можна хадзіць круглы год.

Кожны шосты эміграваў

Людзі жывуць на тыя грошы, якія дасылаюць ім родныя з эміграцыі. У асноўным зьяжджаюць у Калюмбію, Эквадор, Чылі, Пэру і Аргентыну. У Маямі вялікая дыяспара вэнэсуэльцаў. З Вэнэсуэлы эміграваў кожны шосты.

Каб наскрэбці якіх 200 даляраў на квіток да Эквадора і ўжо там спрабаваць зарабіць, людзі часам прадаюць мэблю і апошнія ўласныя рэчы. Зь мінімалкай у 10 $ трэба працаваць, пэўна, гадоў дваццаць, каб зарабіць на квіток, а яшчэ трэба чымсьці і харчавацца.

Мая знаёмая паехала ў Маямі на два гады нелегалкай. Мыла там посуд. Аднак яна інжынэрка, таму палічыла за лепшае пераехаць у Аргентыну і працаваць там па спэцыяльнасьці. Атрымлівае тыя ж грошы, што і ў Штатах пасудамыйкай, але расьце прафэсійна і вучыцца.

Зьехалі ня толькі «вяршкі грамадзтва», але і «бандыты»

Па маіх адчуваньнях​ на вуліцах Вэнэсуэлы стала бясьпечней. Па лепшае жыцьцё зьехалі ня толькі «вяршкі грамадзтва», але і «бандыты». Аднак у краінах Лацінскай Амэрыкі менавіта вэнэсуэльцы ўчыняюць найбольш злачынстваў, іх часта затрымліваюць за рабаваньні. Таму ў іншых краінах вэнэсуэльцы могуць асацыявацца з нэгатывам.

Беларусаў у Вэнэсуэле засталося мала

Беларусаў у Венесуэле значна менш, чым раней. Раней прыяжджала шмат будаўнікоў з Беларусі. Прыкладна з 2008 года арганізацыя «Белзамежбуд» накіроўвала беларускіх рабочых у Венесуэлу на будаўніцтва сацыяльнага жытла. Работнікі зь Беларусі прыяжджалі па кантракце на 11 месяцаў, маглі падоўжыць кантракт, але потым зьяжджалі.

 «БЗБ» шукала людзей розных профіляў пад канкрэтныя спэцыяльнасьці. Да канца 2018-га ў Каракасе заставаліся будаўнікі зь Беларусі, але ў канцы году іх адправілі на радзіму да лепшых часоў.

Адзінкавыя людзі зь Беларусі засталіся цяпер на місіі сацыяльнага жытла ад «БЗБ» на аб'ектах ў штатах Арагуа, Ла-Вікторыя, Барынас і на будаўніцтве заводу па вытворчасьці аўтаматаў Калашнікава у горадзе Маракаі на поўначы Вэнэсуэлы. На пастаяннае жыхарства ў Вэнэсуэле з беларусаў мала хто застаўся.

Washington Post: «В Венесуэле на улицы вышли люди из самых надежных проправительственных районов»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(23)