Общество
Валер Каліноўскі, Радыё Свабода

Беларусь разьвіталася зь Янкам Брылём

Некалькі соцень чалавек у чацьвер прыехалі ў двор дому 8 па вуліцы Дразда ў Менску — дому, дзе жыў Янка Брыль, і на могілкі ў Калодзішчах, дзе народнага пісьменьніка пахавалі побач з жонкай Нінай Міхайлаўнай, — згодна зь ягонай просьбай.

Першы жалобны мітынг прайшоў у двары дому Янкі Брыля. Сотні людзей — пісьменьнікаў, грамадзкіх дзеячоў, палітыкаў, музыкаў, звычайных грамадзян — прыйшлі сюды зь вянкамі, кветкамі, сьвечкамі. Прынесьлі на расстаньне з творцам і колькі вялікіх ды малых бела-чырвона-белых сьцягоў з чорнымі стужкамі.

Са словамі на разьвітаньне са слынным пісьменьнікам выступілі ягоныя сябры, калегі. Гаворыць народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч.

(Гілевіч: ) “Мы разьвітваемся зь вялікім чалавекам, зь вялікім грамадзянінам, зь вялікім пісьменьнікам, зь вялікім беларусам. Пісьменьнік і чалавек рэдкай чалавечай і пісьменьніцкай годнасьці. Скажу, як ёсьць: зусім нямнога ў гісторыі літаратуры 20-га стагодзьдзя такіх постацей”.

Празаік Генрых Далідовіч назваў сябе вучнем Янкі Брыля: ён нарадзіўся ў той год, калі Брыль апублікаваў сваю першую кніжку.

(Далідовіч: ) “Што й як ён гаварыў і пісаў — ўсё было ярка, таленавіта. Бо быў шчодра адораны матухнай-прыродай. Ад таго й боль велізарны, што яго ўжо няма, што ад нас адышла яшчэ адна магутная постаць”.

Паводле Адама Мальдзіса, Янка Брыль асабіста шмат зрабіў, каб у сьвеце пачалі больш актыўна перакладаць творы беларускай літаратруры.

Сяргей Законьнікаў зазначыў: са сьмерцю Брыля адыходзіць эпоха волатаў беларускай літаратуры. І пашкадаваў, што Янка Брыль не дачакаўся сьветлага дня Беларусі.

(Законьнікаў: ) “Але гэты сьветлы дзень абавязкова ўбачаць нашы дзеці, і зарукаю таму — Ваша слова, зарукаю таму, што мы Вас праводзім у апошні шлях пад вось гэтым прыгожым нашым беларускім сьцягам, які будзе лунаць над вольнай Беларусьсю”.

Лідэр БНФ Вінуцук Вячока казаў пра грамадзянскую пазыцыю Янкі Брыля, які пасылаў добры сыгнал народу:

(Вячорка: ) “Ён сказаў: калі мы жадаем жыць у прыгожай Беларусі, мы павінны за яе змагацца, змагацца так, як кожны можа”.

На могілках выступілі й землякі пісьменьніка, прадстаўнікі Карэлічаў. Вольга Іпатава назвала магілу Янкі Брыля валатоўкай, духоўным курганам, зь якога бачна ўся Беларусь. Гаворыць Лідзія Нагорная, старшыня Карэліцкага раённага савету дэпутатаў.

(Нагорная: ) “Ён быў ганаровым грамадзянінам нашага Карэліцкага раёну, удзельнікам нашых раённых сьвятаў. І вось учора на раённым сьвяце падыходзілі камбайнэры, мэханізатары й пыталіся, ці праўда гэта... Ніхто ня мог паверыць у тое, што ўжо ня стала Івана Антонавіча”.

Маленьне над труной Янкі Брыля справіў уніяцкі сьвятар Андрэй Абламейка.

Як паведаміў старшыня СБП Алесь Пашкевіч, на адрас Саюзу пісьменьнікаў і сям’і прыйшлі тэлеграмы са спачуваньнямі ад арганізацый украінскіх, расейскіх і польскіх пісьменьнікаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)