Беларусь прыраўнялі да Паўночнай Карэі і Кубы
З 2 па 4 ліпеня ў Кракаве адбылася сустрэча дэмакратаў з усяго свету: «HIGH LEVEL DEMOCRACY MEETING» з удзелам высокіх чыноўнікаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці амаль усіх «праблемных» краін свету. Афіцыйны Мінск на сустрэчу не запрасілі, затое ў Кракаў ад Беларусі прыехалі прадстаўнікі розных недзяржаўных арганізацый ― каля 10 чалавек.
Падчас урачыстай сустрэчы ў Славацкім тэатры 3 ліпеня выступала шмат знакамітых высокапастаўленых чыноўнікаў, такіх як Хілары Клінтан, Мадлен Олбрайт, Лех Валенса, а таксама міністры замежных спраў розных краін. Але распачынаў сустрэчу міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі, які ўзгадаў у сваёй прамове ў тым ліку і Беларусь, і пажадаў, каб нашы наступныя выбары былі больш сумленныя і адкрытыя, чым папярэднія:
Радаслаў Сікорскі: "А цяпер я прашу павітаць беларускую дэлегацыю апладысментамі!"
Выступ Хілары Клінтан прыцягнуў увагу ўсёй залі на паўгадзіны. Фактычна, яна агучыла палітыку новага ўраду ЗША у дачыненні да развіцця сусветнай дэмакратыі. Беларусь была ўзгаданая ў першым эшалоне, разам з Паўночнай Карэяй і Кубай:
Хілары Клінтан: "Паўночная Карэя, краін, якая нават не можа пракарміць свой народ, душыць грамадзянскую супольнасць. У Кубе і Беларусі грамадзянская супольнасць дзейнічае пад найвышэйшым ціскам з боку ўлад".
Ірыну Віданаву, галоўнага рэдактара мультымедыя часопіса “34” першапачаткова запрасілі на дыскусію пра новыя медыі ў дэмакратыі, але нечакана яе папрасілі яшчэ і на агульную дыскусію “Актывісты для дэмакратыі”, дзе Ірына адзначыла ў сваім выступу некаторыя яскравыя паспяховыя грамадскія кампаніі Беларусі, такія як “За свабоду” і “Стоп 193.1”.
Ірына кажа, што наўрад ці ў гэтай гутарцы яны знайшлі адказы на ўсе пытанні, але дыскусія была вельмі цікавай, канкрэтнай, і спадарыня Мэндэльс, мадэратар сустрэчы, прадстаўнік USAID, з’ехала ў ЗША з цэлым наборам вельмі практычных, месцамі крытычных рэкамендацый.
Ірына Віданава: "Я думаю, што нейкія канкрэтныя зрухі будуць, можа, не адразу яны будуць заўважныя, але кожны працэс пачынаецца з чагосьці. Я не думаю, што тыя, хто падпісваў Дэкларацыю Незалежнасці ЗША маглі пабачыць тое, што мы маем цяпер у ХХІ стагоддзі, таму можа быць тая дэкларацыя, што была прынятая моладдзю ў Вільні можа мець такі ж гістарычны шлях, прынамсі, мне б хацелася ў гэта верыць".
Лідэр грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду” Уладзімір Някляеў прыняў ўдзел у форуме, каб пазнаёміцца з уплывовымі людзьмі, якія прымаюць рашэнні ў дачыненні да Беларусі. Напрыклад, пытанне з крэдытамі і візамі. Вядома, асноўныя гутаркі ішлі па-за афіцыйнымі сустрэчамі, у кулуарах, і некаторыя важныя сустрэчы адбыліся, напрыклад, з Хілары Клінтан.
Уладзімір Някляеў: "Уся нашая філасофія, стратэгія скіраваная да канкрэтных дзеянняў. І тут, на гэтым высокім форуме, дзе можна было балбатаць пра дэмакратыю ды нейкія там правы, мы займаемся тым, што вырашаем канкрэтныя пытанні".
Дырэктар сусветнай кампаніі за свабоду слова “ARTICLE 19” Агнэс Каламар адзначыла, што сітуацыя ў Беларусі выклікае занепакоенасць, асабліва ў галіне свабоды слова і самавыражэння. “Напрыклад, апошні закон па абмежаванні інтэрнэта – гэта чарговы стрымліваючы фактар прасторы для самавыражэння” – лічыць Агнэс.
ARTICLE 19 заклікае ўлады, каб яны далі магчымасць працаваць, гаварыць, камунікаваць паміж сабой актыўным разумным маладым людзям, якія робяць Беларусь “насамрэч цудоўнай краінай”.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное