Беларус на Тур-дэ-Франс — пад бел-чырвона-белым сцягам

Двое беларусаў упершыню стартавалі на "Тур-дэ-Франс". Праўда, яны не прадстаўляюць нашу краіну. І тым не менш тэлеканал “Еўраспорт” дэманструе бел-чырвона-белы сцяг побач з прозвішчам аднаго з беларускіх велагоншчыкаў.

27-гадовы Аляксандр Кучынскі выступае за італьянскую каманду “Ліквігас” (у яе, дарэчы, ён быў уключаны ў апошні момант). Ён ураджэнец Аршанскага раёна. У траўні сёлета выйграў велагонку "Пяць кольцаў Масквы" (там ён выступаў за зборную Беларусі). Днямі Кучынскі ледзь паспеў аформіць брытанскую візу.

24-гадовы Канстанцін Сіўцоў выступае за дружыну “Барлаворд”, якая базуецца ў Італіі і ўтрымліваецца за грошы спонсараў з Паўднёва-афрыканскай рэспублікі. Сіўцова, дарэчы, называюць лідэрам у сваёй камандзе.

Самая прэстыжная шматдзённая велагонка ў свеце стартавала 7 ліпеня ў Лондане. Пасля пралогу беларусы аказаліся за межамі першай сотні: Кучынскі — 123-ці (ён саступіў пераможцу швейцарцу Фабіяну Канчэларэ 1 хвіліну 3 секунды), а Сіўцоў — 184-ы.

8 ліпеня, на першым этапе "Тур-дэ-Франс" беларускія дэбютанты праявілі сябе актыўна. Сайт pressball.by паведамляе, што Аляксандр Кучынскі большую частку этапа правёў у адрыве, зарабіў 2 ачкі ў горны залік і 10 — у спрынтарскі.

Аднак за 20 км да фінішу яго дагналі, на фініш гоншчык прыйшоў толькі праз 8 хвілін пасля пелетона. У выніку Кучынскі ў агульным заліку займае толькі 188-е месца.

Канстанцін Сіўцоў патрапіў у завал незадоўга да фінішу, але здолеў вярнуцца ў асноўную групу. У агульным заліку ён 178-ы.

Расійскія каментатары “Еўраспорта” былі азадачаныя з’яўленнем бел-чырвона-белага сцягу побач з прозвішчам беларуса Кучынскага. Зараз гэтая падзея актыўна абмяркоўваецца беларускай інтэрнэт-супольнасцю.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)