Бел-чырвона-белыя сцягі на Новы год (фота)

31 снежня ў Віцебску дах дома №47 у канцы Маскоўскага праспекта ўпрыгожылі пяць бел-чырвона-белых сцягоў.

Увагу мінакоў і фатографа “ННВ” прыцягнулі гучныя хлапкі ракет, хтосьці нават заўважыў: “Штосьці ранавата пачалі”. Але потым усе звярнулі ўвагу, што агеньчыкі салюта разлятаюцца над пяццю палотнішчамі нацыянальных сцягоў, замацаваных на даху дзевяціпавярховіка праз пэўная прамежкі.

Чаму сцягоў было менавіта пяць, сказаць цяжка — магчыма яны сімвалізавалі пяцёра былых кандыдатаў у прэзідэнты, якія зараз знаходзяцца ў зняволенні.

Як пазней стала вядома карэспандэнтам “Народных навінаў Віцебска”, у гэтым доме жыве вядомы віцебскі актывіст Сяргей Каваленка. Яго жонка паведаміла, што спадара Каваленку ў 16.00 забрала міліцыя, і, хутчэй за ўсё, гэта звязана са з’яўленнем сцягоў на іх доме. Нагадаем, што зараз Сяргей адбывае пакаранне за тое, што 7 студзеня 2010 года павесіў бел-чырвона-белы сцяг на галоўнай ёлцы горада.

Каваленку выпусцілі з пастарунка ў 19.10.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)