Бел-чырвона-белы сьцяг сьцеражэ ратвэйлер
У Клецку ў міліцэйскую аблогу ўзялі сядзібу мясцовага актывіста дэмакратычнага руху Сяргея Панамарова, над якой лунае бел-чырвона-белы сьцяг. Гаспадар дому лічыць сваю ініцыятыву законнай; улады вырашаюць, што рабіць далей.
(Панамароў: ) “Тры тыдні таму я павесіў на сваёй тэрыторыі, на сваім асабістым участку сьцяг — бел-чырвона-белы. Там лазьня такая, я зрабіў адмысловае гняздо, на жалезным стрыжні на самым версе вісіць сьцяг. Трапечацца такое палотнішча, якога чамусьці вельмі баіцца дзейная ўлада”.
Сяргей Панамароў жыве ў самым цэнтры Клецку — па вуліцы Савецкай. Побач зь ягонай сядзібай уваход у гарадзкі парк, недалёка клецкі рынак, прадпрымальніцкія крамы. І таму вывешаны ім бел-чырвона-белы сьцяг штодня бачаць дзясяткі, калі ня сотні мясцовых жыхароў. Сьцеражэ сьцяг ратвэйлер Році, вальер якога знаходзіцца паблізу. Паводле спадара Панамарова, калі б ня Році, то міліцыянты б сьцяг ужо зьнялі.
Між тым, улады Клецку вырашаюць лёс бел-чырвона-белага палотнішча — вызначаюць прававы характар ініцыятывы спадара Панамарова. Вось што патлумачыў Радыё Свабода намесьнік начальніка раённай міліцыі Іван Майсейчык:
(Майсейчык: ) “Тут праходзяць масавыя мерапрыемствы, набліжаецца 9 траўня. Да нас зьвярнуліся вэтэраны, што яны змагаліся пад іншым сьцягам, а пад бел-чырвона-белым паліцаі расстрэльвалі мірных грамадзянаў. Таму мы праводзім праверку і будзем даваць прававую ацэнку, ёсьць там нейкі склад правапарушэньня альбо няма”.
Читайте еще
Избранное