Общество
Анастасiя Зелянкова

Бел-чырвона-белая “Ідылія”

Спектаклем “Ідылія” адзначылі 200-годдзе з дня нараджэння Дуніна-Марцінкевіча ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Каго ў гэты дзень частавалі гарэлкай і як чыноўнікі павіншавалі акцёраў у рэпартажы “Салідарнасці”.

Святочнасць мерапрыемству надавалі музыканты, якія выконвалі творы XVIII-XIX ст. адразу ж у файе, каля гардэробу. У перарыве паміж ігрой яны, нават не хаваючыся, тут жа на месцы “Белай Русью” адзначалі 200-годдзе беларускага класіка.

З іншага боку быў усталяваны экран, на якім прабягалі нейкія кадры. Па задуме арганізатараў, там павінен быў дэманстравацца кінафільм “Рамантык з Люцынкі” пра жыццё і творчасць Дуніна-Марцінкевіча — прынамсі, так значылася ў анонсе. Праўда, з дакладнасцю пацвердзіць, што гэта быў менавіта той фільм, я б не ўзялася. З-за шуму і музыкі нічога не было чуваць, ды і само месца — з пастаянна расчыненымі дзвярыма і шматлікімі людзьмі ў гардэробе — не надта спрыяла ўдумліваму прагляду карціны.

Да вялікай радасці прысутных афіцыйная частка шмат часу не заняла. Старшыня рэспубліканскага аргкамітэту па падрыхтоўцы да святкавання 200-годдзя Дуніна-Марцінкевіча і адначасова віцэ-прэм’ер Аляксандр Косінец на арганізаванае ім мерапрыемства не прыехаў. Затое перадаў пісьмовае прывітанне, якое зачытаў намеснік міністра культуры Віктар Кураш — ён жа адзін з членаў аргкамітэту. Чыноўнік павітаў прысутных у залі нашчадкаў класіка і ўручыў грамату дырэктару нейкага інстытута (якога — намеснік міністра не палічыў неабходным тлумачыць).

Далей гледачоў чакала “Ідылія” ў пастаноўцы рэжысёра Мікалая Пінігіна, якая ўжо больш за 15 год ідзе на купалаўская сцэне. Што дзіва, Зоі Белахвосцік, Віктару Манаеву і Алегу Гарбузу, якіх так актыўна спрабуюць апошнім часам “спісаць на пенсію” у “Тутэйшых”, узрост зусім не перашкодзіў іграць маладых людзей у “Ідыліі”.

Выдатна справіліся са свай задачай і зоркі тэатра Генадзь Аўсяннікаў, Мікалай Кірычэнка, Арнольд Памазан... Вельмі актуальнымі, асабліва пасля апошняй сустрэчы прэзідэнтаў у Сочы, гучалі прыказкі: “Пан з панам пазнаецца, а мы ўсё роўна ў бядзе” альбо “Мы і самі з вусамі”. А вокліч “Квітней, Бацькаўшчына!” публіка ўспрыняла не горш за звычнае “Жыве Беларусь!”

Своеасаблівым акордам стаў бел-чырвона-белы ручнік, раскінуты накшталт нацыянальнага полотнішча ў “Тутэйшых”.

Пасля бурных авацый гледачы пачалі ўжо было цягнуцца да выхаду. Аднак руплівыя службоўцы тэатру ўсаджвалі нецярплівых на свае месцы.

Неўзабаве з’явіліся дзяўчыны ў народных строях. Яны праз увесь зал пранеслі кошык гваздзікоў і паставілі яго пад ногі артыстам. Так гледачы, нарэшце даведаліся, куды пайшлі грошы, выдаткаваныя аркамітэту на святкаванне 200-годдзя пісьменніка. Бел-чырвона-белы колер гваздзікоў здрадліва выдаваў, што нават гэтую справу чыноўнікі камусьці перадаручылі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)