Общество
Анастасія Зелянкова

БАЖ уганараваў журналістаў

Адбылася ўрачыстая цырымонія ўганаравання прэміяй Дзмітрыя Завадскага “За мужнасць і прафесіяналізм”, якую штогод уручаюць расійскі “Первый канал” і Беларуская асацыяцыя журналістаў. У гэтым годзе прэмію атрымалі карэспандэнт “Беларусаў і рынку” Генадзь Барбарыч, гомельскі журналіст Анатоль Гатоўчыц і радыёжурналістка Наталля Макушына. Таксама Беларуская асацыяцыя журналістаў уручыла дыплом Ігара Герменчука “За адданасць прынцыпам свабоды слова” рэдактару газеты “Народная воля” Іосіфу Сярэдзічу.

У шостай па ліку цырымоніі ўручэння прэміі Дзмітрыя Завадскага прынялі ўдзел маці і ўдава загінуўшага журналіста, ягоныя калегі, а таксама прадстаўнікі дыпламатычных місій ЗША, Швецыі, Польшчы.

— Я схіляю галаву перад мужнасцю ўсіх незалежных журналістаў, — адзначыла ў сваёй прамове Святлана Завадская. — Вялікі дзякуй вам, што ў такой складанай сітуацыі, калі паўсюдна закрываюцца незалежныя газеты, а за артыкул у Інтэрнэце запраста можна атрымаць два гады турмы, вы застаецеся вернымі сваёй прафесіі.

Цырымонія ўручэння была прымеркаваная да Міжнароднага дня салідарнасці журналістаў, які адзначаўся 8 верасня.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)