БАЖ уганараваў пераможцаў конкурсу «Вольнае слова»

14 сакавіка ГА «БАЖ» уганараваў пераможцаў творчага конкурсу «Вольнае слова», які ладзіўся напрацягу ўсяго 2007 года. 11 лаўрэатаў у намінацыях «Найлепшы інфармацыйны матэрыял», «Найлепшая аналітычная публікацыя», «Лепшая публікацыя літаратурна-мастацкага жанру», «Дэбют» атрымалі памятныя дыпломы і грашовыя прэміі.

«Мэта гэтага конкурсу — павышэнне прафесійнага ўзроўню беларускіх журналістаў, — зазначыў старшыня журы Юрась Карманаў. — Асабліва гэта важна ва ўмовах, калі мы назіраем дэвальвацыю паняцця «журналістыка». Ва ўсім цывілізаваным свеце яна закліканая інфармаваць грамадства і кантраляваць уладу. У Беларусі ж журналісты выступаюць у якасці прапагандыстаў, піяршчыкаў, агітатараў, але не выконваюць сваіх асноўных функцый», — канстатаваў Ю. Карманаў.

Па словах Ю. Карманава, тэксты — пераможцы конкурсу якраз з’яўляюцца яскравымі прыкладамі якаснай журналістыкі.

Журналісту ўсё часцей даводзіцца балансаваць паміж аб’ектыўнай журналістыкай і інфармацый, якая «не пашкодзіць» яго выданню. Такім назіраннем падзяліўся ўладальнік другой прэміі ў намінацыі «Найлепшы інфармацыйны матэрыял» Руслан Гарбачоў («Intex-press», Баранавічы).

«Адзнака калегаў-прафесіяналаў — вельмі важная, бо яны ацэньваюць нашы артыкулы кіруючыся не эмоцыямі, а ведамі, прафесіяналізмам, карпаратыўнай этыкай і г.д.», — зазначыў яшчэ адзін уладальнік другой прэміі ў «інфармацыйнай» намінацыі Глеб Лабадзенка («Комсомольская правда» в Белоруссии»).

«Тое, што ў межах конкурсу «Вольнае слова» прэмію атрымаў эканамічны матэрыял, — гэта вялікая перамога беларускай эканомікі», — пажартавала Алена Наважылава («Белорусские новости», БелаПАН), якая заняла трэцяе месца ў намінацыі «Найлепшы інфармацыйны матэрыял». «Палітычная і сацыяльная тэматыка больш прывабная для чытача. Цешыць тое, што на старонках «Белорусских новостей» эканоміка набывае дастаткова шарму, каб прыцягнуць і захапіць не толькі чытача, але і журы», — рэзюмавала А. Наважылава.

Пераможца намінацыі «Найлепшая аналітычная публікацыя» Валеры Карбалевіч («СНплюс. Свободные новости плюс») пажадаў усім калегам «дажыць да таго часу, калі журналісты не будуць змагацца за свабоду, а будуць проста журналістамі».

Уладальнік другой прэміі ў «аналітычнай» намінацыі Віталь Тарас («Наша Ніва») прызнаўся, што разглядае журналістыку не як прафесію, а як «хобі на ўсё жыццё». «Мне з юнацтва здавалася: як гэта здорава — збіраць інфармацыю, аналізаваць яе… А калі за гэта яшчэ і грошы плацяць, а часам яшчэ і прэміі даюць — гэта проста найшчаслівейшыя моманты жыцця!».

«Радасна, што з’явіліся ў беларускай журналістыцы новыя імёны, але цешыць і тое, што «старыя байцы» таксама не губляюць «формы», — канстатаваў Віталь Цыганкоў (Радыё «Свабода»), які заняў трэцяе месца ў намінацыі ««Найлепшая аналітычная публікацыя». «Спадзяюся зноў праз год сустрэцца тут з вамі», — дадаў журналіст, маючы на ўвазе намер ўдзельнічаць у наступным этапе конкурсу.

Сапраўды, ў 2008 годзе конкурс «Вольнае слова» будзе працягвацца. Пра гэта нагадала калегам старшыня БАЖ Жанна Літвіна, заклікаўшы ўсіх гасцей запусціць у паветра папяровыя самалёцікі — сімвал конкурсу.

Пасля гэтага перад журналістамі выступіў знакаміты беларускі бард Алесь Камоцкі.

Нагадаем поўны спіс намінацый і пераможцаў конкурсу «Вольнае слова»:

Найлепшы інфармацыйны матэрыял

1 месца:

АЎТАР: Зміцер ПАНЯМОНАЎ («Еўрапейскае радыё для Беларусі»)

ТЭКСТ: «На плошчы Незалежнасці паклалі радыёактыўную плітку»

2 месца:

АЎТАР: Руслан ГАРБАЧОЎ («Іntex-press», Баранавічы)

ТЭКСТ: «Как я был инвалидом»

АЎТАР: Глеб ЛАБАДЗЕНКА («Комсомольская правда» в Белоруссии»)

ТЭКСТ: «Белорусское молоко разошлось в Смоленске за 15 минут»

3 месца:

АЎТАР: Алена НАВАЖЫЛАВА («Белорусские новости», БелаПАН)

ТЭКСТ: «С новым газом, Беларусь!»

Найлепшая аналітычная публікацыя

1 месца:

АЎТАР: Валеры КАРБАЛЕВІЧ («СНплюс. Свободные новости плюс»)

ТЭКСТ: «Инфляция оптимизма»

2 месца:

АЎТАР: Віталь ТАРАС ( «Наша Ніва»)

ТЭКСТ: «Данайскія дары»

3 месца:

АЎТАР: Сяргей ЗАКОННІКАЎ («СНплюс. Свободные новости плюс»)

ТЭКСТ: «Здаровы сэнс падказвае»

Лепшая публікацыя літаратурна-мастацкага жанру

1 месца:

АЎТАР: Сямён ПЕЧАНКО («Наша Ніва»)

ТЭКСТ: «Дзікар і Джулія»

2 месца:

АЎТАР: Алена ЧЭБ («Брестский курьер»)

ТЭКСТ: «Мелочи семейной жизни, или Уикенд без права на отдых»

3 месца:

АЎТАР: Віталь ЦЫГАНКОЎ ( Радыё «Свабода»)

ТЭКСТ: «Нацыянальная ідэя ўлады — «жывіце і ня думайце»

Намінацыя ДЭБЮТ

АЎТАР: Зміцер ПАНКАВЕЦ («Наша Ніва»)

ТЭКСТ: Міхаіл Герчык: «Не спадзяваўся выбрацца адтуль» (Быхаў-Менск)

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)