БАЖ: Спыніць пераслед журналістаў
Заява Беларускай асацыяцыi журналістаў з нагоды масавых затрыманняў.
У ёй БАЖ:
Выказвае абурэнне і пратэст у сувязі з затрыманнямі журналістаў падчас выканання імі службовых абавязкаў.
Пацвярджае патрабаванні, выказаныя ў заяве ад 23.06.2020, і заклікае дзяржаўныя органы спыніць парушэнне заканадаўства Рэспублікі Беларусь з боку сілавых структур і прыцягнуць вінаватых у гэтым да адказнасці.
Яшчэ раз нагадвае пра гарантаванае права журналістаў прысутнічаць на масавых мерапрыемствах і перадаваць адтуль інфармацыю.
Заклікае ўлады Рэспублікі Беларусь прытрымлівацца міжнародных стандартаў і абавязальніцтваў у галіне свабоды выказвання.
14 і 15 ліпеня падчас масавых вулічных акцый у Беларусі зноў затрымлівалі журналістаў, якія асвятлялі падзеі, вялі прамыя трансляцыі.
БАЖ зафіксавала не менш за 15 выпадкаў затрыманняў у гэтыя дні рэпарцёраў, якія выконвалі свае прафесійныя абавязкі, у тым ліку замежных.
Некаторым з журналістаў казалі, што іх не затрымліваюць, а дастаўляюць у міліцыю для праверкі асобы — але відавочна, што гэта было звязана менавіта з наўмыснымі перашкодамі журналісцкай працы.
Карэспандэнту Радыё Свабода Антону Трафімовічу падчас брутальнага затрымання зламалі нос.
Нагадваем, яшчэ 23 чэрвеня, пасля першай хвалі затрыманняў рэпарцёраў, ГА «БАЖ» і яшчэ 57 медыяарганізацый звярнуліся да кампетэнтных дзяржаўных органаў Беларусі з патрабаваннямі спыніць пераслед журналістаў за выкананне імі сваіх прафесійных абавязкаў.
У звароце таксама патрабавалася даць прававую ацэнку дзеянням прадстаўнікоў сілавых структур, якія затрымліваюць журналістаў і перашкаджаюць іх працы, прыцягнуць вінаватых да адказнасці на падставе арт. 198 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь і МУС фактычна адмовіліся разглядаць зварот медыйнай супольнасці, што зрабіла магчымым паўтарэнне падзей і парушэння заканадаўства з боку сілавых структур у дачыненні журналістаў.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное