Общество
Кася Вітушэвіч

БАЖ накіраваў заяву ў пракуратуру і МУС

23 лістапада – Міжнародны дзень барацьбы з беспакаранасцю злачынстваў супраць журналістаў. З гэтай нагоды прадстаўнікі Беларускай асацыяцыі журналістаў чарговы раз звярнулі ўвагу галоўнага пракурора Беларусі і міністра ўнутраных спраў да праблемы знікнення і забойства калегаў.

«За апошнія 10 гадоў мы маем як нераскрытыя справы аб забойствах журналістаў, так і справы, у якіх нібыта пастаўлена кропка, але якія пакідаюць шмат пытанняў без адказаў», – сказана ў заяве БАЖ, паведамляе baj.by.

І сапраўды, нежаданне праводзіць незалежнае раследаванне, адсутнасць інфармавання сваякоў пра ход следства, спрэчныя дэталі справаў зніклага Дзмітрыя Завадскага і памерлых Веранікі Чаркасавай, Васіля Гроднікава ды Алега Бябеніна, даюць падставу непакоіцца, што да злачынстваў маглі спрычыніцца ў тым ліку і вышэйшыя службовыя асобы.

БАЖ звярнулася да Генеральнай пракуратуры і МУС з патрабаваннямі аднавіць расследаванне крымінальных справаў па фактах забойства Дзмітрыя Завадскага і Веранікі Чаркасавай і даць сваякам, калегам і грамадству адказы на пытанні – хто забіў журналістаў і хто з’яўляецца заказчыкамі гэтых злачынстваў. Акрамя таго, сябры БАЖ патрабуюць правесці дадатковае празрыстае расследванне абставін смерці Алега Бябеніна і Васіля Гроднікава.

***

7 ліпеня 2000 года знік аператар ОРТ Дзмітры Завадскі. Даследаванні спецдакладчыка ПАСЕ Хрыстаса Пургурыдэса далі падставу падазраваць «вышэйшыя службовыя асобы дзяржавы ў спрычыненасці да гэтых знікненняў». Аднак, незалежнага расследавання так і ня было праведзена.

***

20 кастрычніка 2004 года ў асабістай кватэры была забітая карэспандэнтка «Салідарнасці» Вераніка Чаркасава. Ніякія матэрыяльныя каштоўнасці з кватэры не зніклі — знайшліся, аднак, сляды крыві ў тэлефонным нататніку журналісткі. У выніку журналісцкага расследавання, была здабытая інфармацыя, якая дае падставы меркаваць, што забойства журналісткі здзейсніў прафесійны кілер, які інсцэніраваў забойства на бытавой глебе. Магчымымі матывамі забойства, паводле калег, магла стаць збіраная Веранікай інфармацыя пра «Інфабанк», які абвінавачвалі ў адмыванні грошай для продажу зброі Іраку. Аднак следства было прыпынена.

***

У кастрычніку 2005 года ў сваім доме ў Заслаўі быў знойдзены мёртвым пазаштатны журналіст «Народнай волі» Васіль Гроднікаў. На галаве ў забітага была кроў, крывавыя плямы былі таксама на сценах і зламаным зэдліку. Паводле следства, смерць журналіста была негвалтоўнай. Аднак, сваякі і калегі Гроднікава не выключаюць, што смерць была звязана са зборам матэрыялу для публікацыі з серыі «Кідалы», дзе не ў лепшым святле фігуравалі такія ведамствы, як КДБ і МУС.

***

У верасні 2010 года пры падазроных абставінах загінуў заснавальнік і галоўны рэдактар сайта Charter97.org Алег Бябенін. Яго цела знайшлі павешаным ў загарадным доме непадалёк ад Мінска. Следчыя пракуратуры Мінскай вобласці заявілі, што на целе журналіста не было знойдзена ніякіх слядоў гвалту. Аднак, многія калегі і сябры Бябеніна, якія былі на месцы здарэння з версіяй самагубства не згодныя. Некалькі журналістаў, якія публічна выказвалі сумневы ў афіцыйнай версіі, атрымалі пагрозы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)