Бахарэвіч: «Беларусам патрэбна вялікае вяртанне ў Еўропу»

Як змяніліся беларусы за апошнія два гады, ці існуе інклюзіўны нацыяналізм і што дадалося да нашай нацыянальнай ідэі пасля жніўня 2020 года?

– Апошнія 20 гадоў і, можа гэта выглядае нейкім абсурдам, але я вельмі стараўся зрабіць беларускі нацыяналізм адкрытым, – прызнаецца пісьменнік Альгерд Бахарэвіч у праграме «Ідэі Х» на ютуб-канале «Е*рарадыё». – Я заўсёды быў за інклюзіўны нацыяналізм. Для мяне беларусы – гэта ўсе, хто вызнаюць сябе беларусамі. І мне хацелася б, каб бел-чырвона-белы сцяг аб’ядноўваў гэтых людей.

Для мяне не мае значэння кроў. Калі ты лічыш сябе беларусам, гаворыш па-беларуску, калі ты цэніш гэту краіну, то ты ўжо беларус.

Але беларускі нацыяналізм розны. І я маю на ўвазе свае дыскусіі з прадстаўнікамі нацыяналізма заснаванага на крыві, якія лічаць, што мы такімі нарадзіліся і гэтым ганарымся. Я, напрыклад, не ганаруся, што я беларус. Я лічу, што беларусамі робяцца, а не нараджаюцца. Пашпарт абсалютна не паказчык, – адзначае пісьменнік.

Бахарэвіч прызнаецца, што апошнім часам даводзіцца шмат думаць пра пашпарт у сувязі з дыскусіяй пра адмены рускай культуры:

– Ніколі маё стаўленне да чалавека не будзе вызначацца тым, які ў яго пашпарт. Гэта супярэчыць маім каштоўнасцям, гэта супярэчыць еўрапейскім каштоўнасцям, – кажа пісьменнік. – Таму, калі мы кажам пра расейцаў, пра адмену ўсяго расейскага і іх ігнараванне, то мне не падаецца гэта правільным. Мы мусім глядзець на ўчынкі людзей і на іх справы.

Галоўнай тэмай размовы Бахарэвіча ў праграме «Ідэі Х» была беларуская нацыянальная ідэя. Сам пісьменнік лічыць, што яна мусіць складацца з трох элементаў. Першы – гэта мова.

– Я цяпер, у 2022 годзе, назіраю, як мае расейскамоўныя знаёмыя з 1990-х, якія ў той час смяяліся не толькі з маёй, але наогул з беларускай мовы, пішуць мне і размаўляюць са мной па-беларуску, ды яшчэ просяць іх папраўляць. Вось, што адбылося. Таму што мова – гэта магутны інструмэнт супраць каланізацыі і супраць асіміляцыі.

Другім элементам Альгерд Бахарэвіч называе свабоду.

– За апошнія два гады да беларусаў прыйшлі новыя каштоўнасці. Бачу, як для шмат якіх беларусаў проста свет перакуліўся ў 2020-м, – кажа пісьменнік. – Уявіце сабе жанчыну, якая жыве ў вёсцы, верыць Лукашэнку, верыць прапагандзе, лічыць, што яна жыве ў вельмі добрай краіне пры добрай уладзе. І тут яе сын трапляе ў турму проста ні за што. І яна ведае, што ні за што. Увесь яе свет, усё яе жыццё перакулілася, і тады чалавек упершыню задумаўся, што такое свабода.

Тое, што мы перажылі ўсе за апошнія некалькі гадоў, яны ўвялі свабоду ў наш лексiкон не проста, як слова, а як нейкую каштоўнасць. Бо толькі, калі ты маеш кагосьці, хто сядзеў у турме або ты сам быў у турме, то ты пачынаеш чуць у гэтым слове не проста гукі, а нейкі жыццявызначальны сэнс.

І чаму свабода? Таму што адной мовы мала, і я цалкам магу сабе ўявіць беларускамоўную дыктатуру. Такі вось Лукашэнка, толькі з бчб и гербам Пагоня. Я ўпэўнены, што знайшліся б людзі, якія б сказал «окэй, мова ёсць, нам больш не трэба, наша мара здзейснілася».

І я лічу, што Беларусь ніколі не будзе дзяржавай з адной мовай. Беларусь ніколі аднамоўнай не была і не будзе. Але зрабіць так, каб беларуская мова была роўнай, паважанай, дзяржаўнай – гэта магчыма, такую будучыню я магу сабе ўявіць.

Трэцім элементам нацыянальнай ідэі па Бахарэвічу з’яўляецца вяртанне Беларусі ў вялікую сям’ю Еўропы.

– Я цяпер пра гэта таксама вельмі шмат думаю і бачу, што Беларусь заслужыла і выпакутавала сваё вяртанне ў Еўропу, і беларусы гатовыя да гэтага. Я раблю ўсё, каб даказаць на Захадзе, што мы еўрапейская краіна і мы нічым у гэтым сэнсе ад іх не адрозніваемся. І што нам патрэбна вялікае вяртанне ў Еўропу.

І яшчэ мы ўвесь час мусім думаць. Ёсць нейкія каштоўнасцi, закладзеныя ў юнацтве, якія мусяць заставацца, іх трэба абараняць, але пры гэтым сумнеў – вось на чым стаіць еўрапейская цывілізацыя. На пастаянным інтэлектуальным сумневе, мы ва ўсім мусім сумнявацца, інакш гэта будуць нейкія догмы.

Пісьменнік ставіцца даволі аптымістычна да будучыні беларускай нацынальнай ідэі, якая атрымала даволі моцны імпульс у 2020-м.

– Падчас дваровых сустрэчаў беларусы пачалі цікавіцца сваёй культурай, музыкай, паэзіяй, тэатрам, філасофіяй, гісторыяй, – узгадвае Бахарэвіч. – У 2020-ым у людзей з’явілася адчуванне, што ў нас, аказваецца, ёсць столькі свайго. Столькі здабыткаў, што належаць нам, беларусам.

І гэтае адчуванне развівае ў чалавеку нацыянальную годнасць. Чалавек, можа, пра беларускую філасофію нічога і не запомніў, але ён ведае, што і ў нас жа такое ёсць.

То бок, разуменне, што мы не горшыя. А адчуванне, што мы ніхто, што мы нікому не патрэбныя і нецікавыя – сыходзiць. Ёсць адчуванне гордасці. Ад «мяне няма» да «мы ёсць». Інэрцыя 1990-х прывяла да 2020-га. А інэрцыя 2020-га яшчэ будзе працягвацца дзесяцігоддзе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(24)