Общество
Валер Каліноўскі, Радыё Свабода

Барыса Кіта пахавалі ў Вісбадэне пад бел-чырвона-белым сьцягам

15 лютага ў нямецкім горадзе Вісбадэне на могілках праваслаўнай царквы Сьвятой Елізаветы пахавалі беларускага асьветніка і навукоўца, грамадзяніна ЗША Барыса Кіта, які памёр 1 лютага ў Франкфурце-на-Майне на 108-м годзе жыцьця.

Жонка Барыса Кіта Тамара Казевіч першая зьлева

«Барыс прасіў, каб пахаваньне было ціхім і спакойным, — сказала Свабодзе жонка Кіта Тамара Казевіч. — Слава Богу, што ўсё так і прайшло, спакойна і годна».

На памінальную службу ў царкве і разьвітаньне з Барысам Кітом прыехала каля 30 чалавек, у тым ліку яго жонка Тамара, яе дачка Ірына і ўнук Аляксандар, які ў дзяцінстве часта бываў у Барыса Кіта.

Мірон Крывіч з Антвэрпэна ўзьняў сьцяг

З бэльгійскага Антвэрпэна прыехалі беларусы Мірон Крывіч і Мікола Раманаў. Падчас службы ў царкве Мірон Крывіч прасьпяваў па-беларуску псалом, дапамагаў сьвятару айцу Аляксандру. А на могілках Мірон узьняў бел-чырвона-белы сьцяг.

28-гадовы беларускі студэнт з Майнца Аляксей, які быў знаёмы і сябраваў з Барысам Кітом апошнія 4 гады, пакрыў ягоную труну бел-чырвона-белым сьцягам. Былі таксама беларусы зь іншых нямецкіх гарадоў.

Супрацоўніца Дому састарэлых Ірына ў магілу высыпала Наваградзкую зямлю

Прыехалі супрацоўнікі дома састарэлых, дзе Барыс Кіт правёў апошнія 5 гадоў жыцьця.

Зь Менску на пахаваньне прыехалі сябры Барыса Кіта. Адзін зь іх, Юры Пашык, прывёз беларускую зямлю і высыпаў на труну. Ён жа прывёз бохан беларускага хлеба і стужку з нацыянальным арнамэнтам. Прысутным раздалі асобнікі газэты «Народная Воля» з артыкуламі памяці Барыса Кіта.

«Гэта была глыба, а не чалавек. Ягоны характар, ягоны інтэлект выклікалі захапленьне. Я меў гонар быць знаёмым зь ім з 1990-х гадоў, мы разам арганізоўвалі міжнародны навуковы кангрэс у Менску», — сказаў Свабодзе Юры Пашык.

Юры Пашык сыпле зямлю зь Менску

З амэрыканскай сям’і Барыса Кіта на пахаваньне ніхто прыехаць ня змог. Старэйшы сын Барыса Кіта ўжо памёр, а ў малодшага, 68-гадовага Віктара, днямі была апэрацыя на назе, ён абяцаў прыехаць на магілу бацькі пазьней. Апошні раз Віктар наведваў Барыса Кіта летась.

Тры арышты, настаўніцтва, астранаўтыка: успаміны Барыса Кіта

Пахаваньне адклалася амаль на два тыдні, бо шукалі дакумэнты на ўчастак па праваслаўных могілках, які Барыс Кіт выкупіў яшчэ ў 70-х гадах XX стагодзьдзя. Сьвятары ў царкве Сьвятой Елізаветы ўжо некалькі разоў памяняліся, таму адразу дакумэнты знайсьці не ўдалося.

Пасьля сьмерці Барыса Кіта застаўся архіў ягоных дакумэнтаў. Часткова гэтыя дакумэнты перададуць у Наваградзкі музэй, а часткова — у Менск, дзе сябры Барыса Кіта хочуць арганізаваць прысьвечаную яму музэйную экспазыцыю.

«Не здавацца, а рабіць сваю справу незалежнасці!» Як Барыс Кіт прымаў нас у гасцях

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)