Беседка
Руслан Гарбачоў, Аляксандр Старыкевіч

«Барыс Пуга яшчэ ў 1987-м прадчуваў распад СССР»

У рамках спецпраекта «СССР: як гэта было насамрэч» былы сакратар Віцебскага абкама партыі па ідэалогіі Іосіф Навумчык распавёў «Салідарнасці», як прадстаўніка ЦК КПБ усхвалявала эмблема завода «Віцязь», і чым былі незадаволеныя ўскраіны Саюзу.

Фота westki.info

– Іосіф Адамавіч, калі вы ўпершыню, задумаліся, што «Союз нерушимый» можа ляснуцца?

– У маёй памяці ўсплывае паездка ў Рыгу ў верасні 1987 года. Я быў уключаны ў склад брыгады ЦК КПСС па вывучэнні грамадска-палітычнай сітуацыі ў Латвіі. Нас было пяць чалавек: адзін з Узбекістана, я з Беларусі, астатнія – супрацоўнікі ЦК КПСС.

У Латвіі толькі пачаліся першыя дэманстрацыі, нешматлюдныя мітынгі. Але гэта ўсхвалявала кіраўніцтва ЦК КПСС. Перада мною стаяла задача скласці сваё ўражанне пра працу Рыжскага гарвыканкама, гаркама, Міністэрства адукацыі, ЦК касамола і іншых установаў.

З Барысам Карлавічам Пуга, першым сакратаром ЦК кампартыі Латвіі, мы былі знаёмыя, але пабачыліся толькі ў апошнія дні нашага візіту. Калі ён вярнуўся з камандзіроўкі ў Італію, то заўважыў мяне падчас абеду у сталоўцы і запрасіў да сябе ў кабінет паразмаўляць сам на сам.

Разважанні Пуга для мяне былі вельмі цікавымі. Ён, у прыватнасці, адзначыў: «Крэмль не хоча нас зразумець. Ідзе перабудова, а нам як і раней дасылаюць другімі сакратарамі ЦК чужых. Быццам бы ў нас сваіх рускіх няма. Людзі не ведаюць ні нашай мовы, ні гісторыі, ні культуры, але камандуюць намі».

Па-другое, ён быў абураны, што Масква не дае рэспубліцы элементарнай эканамічнай самастойнасці. Пуга сказаў: я ўтрырую, але калькуляцыю торта прыходзіцца ўзгадняць у Маскве.

І далей яго думка: «Калі так далей пойдзе справа, Савецкі Саюз распадзецца». Гэта было выказана ў верасні 1987 года…

Пасля Барыс Пуга, як вядома, у якасці міністра унутраных спраў СССР трапіў у склад кіраўніцтва ГКЧП і застрэліўся разам з жонкай пасля яго правалу. Але мне здаецца, што хоць Пуга і быў зацятым камуністам, але трапіў ў склад путчыстаў даволі выпадкова.

…У сваёй даведцы, падрыхтаванай па выніках паездкі ў Латвію, я, у прыватнасці, выказаў меркаванне, што правільна зрабіў гарвыканкам, па рашэнні якога кожная масавая акцыя павінна ўзгадняцца з ім. На гэта ад работнікаў ЦК КПСС я атрымаў паказальны адказ: «Як гэта так, што партыя будзе ўзгадняць нешта з выканкамам?! Для іншых няхай будзе так, а для нас гэта немагчыма».

Іосіф Навумчык з Пятром Машэравым на шэсці, прысвечаным тысячагоддзю горада Віцебска. 1974 год

– Як вы ацэньваеце зробленае падчас перабудовы?

– Калі я вярнуўся з Афганістану перад самым новым 1987 годам, то перабудова быццам бы ўжо актыўна ішла. Столькі з’явілася інфармацыі – толькі паспявай чытаць. І быццам бы ўсё правільна рабілі: дазволілі і галоснасць, і дэмакратычнасць. Але сама камуністычная партыя не мянялася, значная яе частка і кіраўнікі партыйных камітэтаў не разумелі, што галоўнае, як трэба дзейнічаць.

Прыступіў я да працы ў абкаме, а нашыя супрацоўнікі мне кажуць: Іосіф Адамавіч, у нас тут такія змены! А насамрэч многае было фармальнасцю. Ну назвалі прапагандыста палітінфарматарам. Што змянілася? Нічога.

Ці скажам, калі раней у абкаме партыі слухалі справаздачу аб працы Браслаўскага райвыканкама, то цяпер сталі называць яе справаздачай аб працы камуніста-старшыні райвыканкама.

Партыя не адышла ад прамога адміністрацыйнага кіравання ўсімі сферамі жыцця. Не было магчымасцей выказацца і ў самой партыі. «А як гэта ён на партыйнай канферэнцыі сказаў такія словы?». Хаця чалавек не выказваў ніякіх антыдзяржаўных думак, яго меркаванне ўсяго толькі разыходзілася з лініяй першага сакратара.

Насамрэч у нас была не дыктатура пралетарыяту, а дыктатура партыі. І нават не партыі, а яе кіраўніцтва.

Не было свабоды грамадскіх арганізацый. Аб’яднанні, якія пачалі ўзнікаць у Віцебску, Воршы, Полацку, дзе моладзь вывучала гісторыю, сустракаліся партыйнымі камітэтамі ў штыкі. Як гэта акрамя партыйнай думкі можа быць іншая?

Помню, як у Віцебску завод тэлевізараў «Віцязь» зрабіў сваім сімвалам выяву, што паўтарае герб «Пагоня». Дык мне пазваніў загадчык аддзела прапаганды і агітацыі ЦК КПБ Савелій Ефімавіч Паўлаў: «Што там у вас робіцца? Гэта не наш герб! Вы што паўплываць на завод не можаце?».

Аб тым, у якім стане была кампартыя Беларусі, добра гаворыць яе апошні з’езд, які адбыўся ў снежні 1990 года. Я ў ліку іншых прымаў удзел у спробе абраць першым сакратаром партыі Уладзіміра Бровікава. Гэта быў разумны чалавек, які калісьці ўзначальваў Савет Міністраў, а затым працаваў паслом у Польшчы і крытыкаваў ЦК КПСС за невыразныя дзеянні ў рамках перабудовы. Ён мог нешта змяніць да лепшага.

Аднак большая і кансерватыўная частка дэлегатаў з’езда кампартыі настаяла на абранні Анатоля Малафеева. Хаця было відавочна, што гэты чалавек не здольны ў 90-я гады весці партыю да зменаў.

– Гісторыя не трывае ўмоўнага ладу, але ўсё ж такі пытанне. Калі б камуністычная партыя працягвала рабіць стаўку на гвалт – не абвяшчала галоснасці, душыла любыя спробы пратэсту – ці дапамагло б гэта Саюзу захавацца?

– Цяжка сказаць, але думаю, усё роўна ў тым выглядзе, у якім Саюз існаваў, ён не змог бы захавацца. Гэта магло б прывесці яшчэ да большага збяднення людзей. Калісьці на семінары член Палітбюро ЦК КПСС Ягор Лігачоў даў нам лічбу: 60% нацыяльнага даходу ішло на абарончы комплекс…

Мы значна адставалі ад заходніх краін. У 1975 годзе я быў у паездцы па скандынаўскіх краінах (Данія, Нарвегія, Швецыя, Фінляндыя). Мы знаёміліся з інфраструктурай, аглядалі дзіцячыя садкі, школы, прадпрыемствы, сустракаліся з людзьмі. Нас вельмі здзівіў узровень іх развіцця, амаль усе паслоугі – бясплатныя. Я тады падумаў пра сябе: калі б мы мелі такі ўзровень сацыяльнай абароны у Савецкім Саюзе, то маглі б заявіць аб наступленні эры развітога сацыялізму.

У параўнанні з жыхарамі Скандынавіі савецкія грамадзяне, канешне, былі беднымі.

Туалетная бумага как диагноз СССР

– Чаму беларусы, якія перабіраліся з вёскі ў горад, вельмі хутка пераходзілі на рускую мову?

– Бо пазіцыя ўлады такой была. Да прыкладу, яшчэ на пачатку 60-х гадоў у кожным райцэнтры як правіла была школа не толькі з рускай мовай навучання, але і з беларускай. А ў канцы 60-х практычна ўсе беларускія школы закрыліся. Маскоўскае кіраўніцтва актыўна вяло палітыку па пераводу сярэдняй і вышэйшай адукацыі на рускую мову.

Улады БССР можа актыўна і не спрыялі русіфікацыі, але і не перашкаджалі. Трэба да таго ж помніць, што ў 30-я гады пры змаганні з так званай нацдэмаўшчынай былі рэпрэсаваны сотні і тысячы выкладчыкаў і настаўнікаў, якія выкладалі па-беларуску. Гэта не магло прайсці бясследна.

З Васілём Быкавым, Сяргеем Законнікавым і Генадзем Бураўкіным у часе Дзён беларускай літаратуры на Віцебшчыне, 1984 год

– Калі вы зразумелі, што Савецкі Саюз ужо не выратаваць?

– Распад СССР паскорыў жнівенскі путч 1991 года ў Маскве. І калі Вярхоўны Савет БССР надаў Дэкларацыі аб суверэнітэце статус канстытуцыйнага закону, то я ўспрыняў гэта з радасным пачуццём. З пачуццём адкрыцця новых магчымасцей развіцця Беларусі як дзяржавы, нашай беларускай нацыі, яе мовы і культуры.

У гэтыя дні з душэўнымі мукамі ішло асэнсаваннне маіх поглядаў. Прысутнічала і пачуццё горачы за агульныя і несправядлівыя абвіначванні усіх камуністаў у той сітуацыі.

– Як вы ставіцеся да меркавання, што Савецкі Саюз развалілі – ці то здраднікі (як варыянт – канкрэтна Міхаіл Гарбачоў) ці то Захад?

– На мой погляд, да распаду Савецкага саюза прывяла тая палітычная сістэма, якая культывавалася многія дзесягоддзі ў нашай дзяржаве.

Што датычыцца асабіста Міхаіла Гарбачова, то ён, на маю думку, казаў правільныя рэчы, але аказаўся няздольным і непаслядоўным у сваіх дзеяннях.

І сёння здзіўляюся, калі людзі зноў вяртаюцца да тэорыі змовы, узгадваюць выдуманы «план Далеса». Нядаўна наша абласная газета надрукавала некалькі матэрыялаў, звязаных з путчам жніўня 1991 года. Сярод многіх падзей і фактаў палітычнага і эканамічнага жыцця 80-х-90-х гадоў, прывядзеных у гэтых артыкулах, выказваецца думка, што распад СССР – гэта рэалізацыя плана Захаду.

Чытаеш такое і думаеш: як яшчэ далёка знаходзяцца некаторыя нашыя ідэолагі ад аб’ектыўнага аналізу і ацэнкі гістарычных падзей.

Бывший контрразведчик: «Во времена СССР, чтобы купить мясо, мы проводили спецоперацию»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)