Политика
Анастасія Зелянкова

Баршчэўскі будзе бараніць БНФ ад Мілінкевіча?

Як паведамілі «Салідарнасці» крыніцы ў Партыі БНФ, старшыня Лявон Баршчэўскі заявіў пра сваё жаданне балатавацца на другі тэрмін. Маўляў, такім чынам ён збіраецца «бараніць партыю ад Мілінкевіча». Мы паспрабавалі высветліць, наколькі сур’ёзны намер Лявона Баршчэўскага?

Гэтую заяву кіраўнік БНФ зрабіў у панядзелак падчас нарады Управы, дзе абмяркоўвалася сітуацыя вакол чэрвеньскага сходу, на якім плануецца абраць кандыдата ад партыі на прэзідэнцкія выбары. Адначасова Баршчэўскі прапанаваў разгледзець на сходзе і кандыдатуру новага старшыні, заявіўшы, што, калі спатрэбіцца бараніць партыю ад Мілінкевіча, згодны і сам пайсці на другі тэрмін. Так, прынамсі, нам распавёў чалавек, які прысутнічаў на нарадзе.

Высветліць, наколькі сур’ёзны гэты намер, “Салідарнасць” паспрабавала ў самога Лявона Баршчэўскага.

— Калі я гаварыў, што буду балатавацца, я меў на ўвазе, што ўсё можа здарыцца. Напрыклад, узнікне такая сітуацыя, як на мінулым з’ездзе і старшыню зноў не выберуць, — патлумачыў Лявон Баршчэўскі. — Не ўсе з тых, каго я ведаю і хто збіраецца ісці на старшыню, маглі б выйграць у першым туры, і ў гэтым выпадку мы акажамся ў падвешаным стане. Тады ўсякае можа быць. Але думаю, што да гэтага не дойдзе і абярэцца старшыня нармальна, у першым галасаванні. Пакуль намеру ў мяне такога няма, ёсць іншыя планы.

Між тым вядома, што афіцыйна пра сваё жаданне вылучацца на пасаду кіраўніка партыі заявіў толькі намеснік старшыні Аляксей Янукевіч. Але, па словах Лявона Баршчэўскага, такі ж намер пацвердзілі і яшчэ некалькі фронтаўцаў.

— Афіцыйна ніхто не абвяшчаў, але ў прыватных размовах некалькі чалавек гаварылі, што яны гатовыя. Без іхняй згоды прозвішчы я пакуль не магу агучваць, — адзначыў палітык.

Разам з тым ён абмовіўся, што выбары старшыні будуць залежаць ад таго, як пройдуць выбары партыйнага кандыдата ў прэзідэнты.

— Усё будзе залежыць ад таго, што вырашыць сход, бо, не сакрэт, гэта вельмі важна — звязка кандыдата ў прэзідэнты і будучы старшыня. Яны павінны быць у адной звязцы, — заявіў Баршчэўкі.

Пакуль сітуацыя з перастаноўкамі ў партыі выглядае досыць туманна. Так, паводле меркавання некаторых фронтаўцаў, вышэйзгаданы сход цяперашні старшыня рыхтуе пад сябе і пытанне з выбарам кандыдата ў прэзідэнты ад партыі – толькі чыстая фармальнасць. Тады можна меркаваць, што на пасаду старшыні цяперашні кіраўнік паспрабуе правесці свайго пераемніка.

Адзначым, што Лявон Баршчэўскі яшчэ падчас абрання кіраўніком заявіў, што прыйшоў на гэтую пасаду як “антыкрызісны старшыня” з мэтай навесці парадак ў партыі і не збіраецца тут доўга затрымлівацца. Ужо праз пяць месяцаў пасля выбрання ён сцвярджаў, што ўважліва прыглядаецца да магчымых кандыдатаў на яго пост. Аднак ішоў час, а Лявон Баршчэўскі так і заставаўся старшынёй партыі.

Паўгода таму ён заявіў пра сваё жаданне пакінуць пасаду у сувязі з жаданнем вылучыцца ў якасці кандыдата ад БНФ на прэзідэнцкія выбары. І зноў перадумаў, палічыўшы лепшым змяніць працэдуру абрання кандыдата, склікаўшы для гэтага адмысловы сход. Праўда, вышэй названае мерапрыемства ўжо на стадыі падрыхтоўкі выклікала ў партыйцаў сур’ёзныя рознагалоссіі. Частка фронтаўцаў ва Управе абвінаваціла старшыню ва ўзурпацыі ўлады, той назваў гэтыя дзеянні сабатажам.

Днямі група вядомых актывістаў ПБНФ, у тым ліку пісьменьнік Уладзімер Арлоў, дэпутаты Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня Валянцін Голубеў, Пётра Садоўскі, Галіна Сямдзянава, Лявон Баршчэўскі, мастак Аляксей Марачкін ды іншыя, зьвярнулася да фронтаўцаў з заклікам “падтрымаць маральную нацыянальна-дэмакратычную пазыцыю”. У лісьце адзначаецца, што “некаторыя дзеячы палітычнай сцэны Беларусі ўжо фактычна пайшлі па сьлізкай дарожцы прыслугоўваньня ўладзе”.

На маючым адбыцца сходзе, верагодна, будуць прадстаўлены праграмы прэтэндэнтаў на пасаду старшыні партыі. Афіцыйна ж зацвердзіць кандыдатуру будучага кіраўніка павінен з’езд, які прызначаны на 5-6 верасня.

Адзінае, што пакуль не выклікае сумненняў, гэта сур’ёзнасць намеру цяперашняга старшыні ў дачыненні да Аляксандра Мілінкевіча. На пытанне, ці сапраўды ён збіраецца ісці на другі тэрмін, каб бараніць партыю ад Мілінкевіча, Баршчэўскі зазначыў:

— Я і без гэтага абараню партыю. У мяне выйсця няма. Мілінкевіч разаслаў усім пісьмы, дзе заявіў, што ёсць людзі супраць Лукашэнкі, а ёсць людзі, якія павядуць усіх ў Еўропу, як я разумею, разам з Лукашэнкам. А мы якраз належым да першых.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)