Филин

Яна Сакалова

Баркоўскі: «Калі прапановы іерарха праваслаўнай царквы будуць прынятыя, Беларусь будзе ў мяккай версіі інтэграваная ў расійскую дзяржаву»

Былы выкладчык БДУ — пра рэформы беларускай адукацыі, прапанаваныя духаўніком Лукашэнкі.

Праваслаўны святар Фёдар Поўны, якога называюць духаўніком Аляксандра Лукашэнкі, прапанаваў рэфармаваць беларускую адукацыю.

Ён выказаў незадаволенасць падручнікамі па грамадазнаўству, дзе чалавек, паводле ягоных слоў, разглядаецца як істота выключна біялагічная і сацыяльная.

Таксама Фёдара Поўнага абурае выкладанне гісторыі ў беларускіх школах: мала рэлігіі і зусім няма славянства.

— Гісторыя нашага народа падаецца ў адрыве ад славянскага адзінства. Але нашыя землі на працягу стагоддзяў з’яўляюцца арэнай барацьбы Захаду і Усходу. І як можна выкідваць рэлігійны фактар з гісторыі, калі менавіта рэлігія была ідэалогіяй дзяржаў да XVІІІ стагоддзя? — заявіў святар у інтэрв’ю газеце Звязда.

Паводле Поўнага, улады ўспрынялі ягоныя ідэі сур’ёзна і ўжо абмяркоўваюць неабходныя змены.

Да якіх наступстваў гэта можа прывесці ў нашай краіне, дзе царква аддзеленая ад дзяржавы — у інтэрв’ю Филину тлумачыць Павел Баркоўскі, філосаф, спікер кампаніі «Рэфармуем сістэму адукацыі разам», былы выкладчык факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ, які звольніўся ў 2020 годзе.

Павел Баркоўскі

— Фармальна Беларусь — свецкая дзяржава, і ў ёй царква цалкам павінна быць аддзеленая ад любых дзяржаўных служб, у тым ліку ад адукацыі. Збольшага гэты прынцып больш-менш выконваўся, хаця ўжо апошнія некалькі гадоў пачалі ўводзіць так званыя курсы духоўна-маральнага выхавання — хай сабе і факультатыўна, пад патранажам праваслаўнай царквы.

І гэта ў свой час таксама выклікала абурэнне ў шэрагу бацькоў — з аднаго боку тых, хто не хацеў, каб іх дзецям прасоўвалі рэлігійны светапогляд праз уласныя перакананні, альбо прадстаўнікоў іншых рэлігій, якія звярталі ўвагу, што выкладанне вядзецца выключна з пазіцыі адной канфесіі, у той час, як Беларусь — гэта шматканфесійная дзяржава. І з якой такой нагоды адна канфесія бярэ на сябе права весці ад свайго імя і ад імя сваёй веры прапаганду ўласных ідэй? Таму гэтае пытанне ўзнікла не сёння. Дзяржава трымала пэўную паўзу.

Калі раптам прапановы іерарха праваслаўнай царквы будуць прынятыя, то фактычна што мы будзем мець? Па-першае, варыянт не зусім свецкай дзяржавы, а такой напаўтэакратычнай — напалову зрошчанай з царквой.

Прычым, калі гэта будзе адукацыя менавіта ў праваслаўным духу, адбудзецца моцнае прыцясненне ўсіх іншых канфесій, якія прысутнічаюць у Беларусі: каталіцызму, пратэстанцтва, мусульманства.

Трэба прызнаць, што на сёння Руская праваслаўная царква ў Беларусі — гэта праваднік ідэй «рускага міру». Адсюль гэтыя ідэі панславянства, пра барацьбу цывілізацыйную Захаду і Усходу, пра тое, што толькі руская цывілізацыя мае нейкае месіянскае значэнне і павінна быць правадніком ідэй сапраўднай духоўнасці. Гэта ўсё тыя ж ідэі, якія ідуць з Масквы.

І што на тэрыторыі Беларусі, што на тэрыторыі Украіны Руская праваслаўная царква проста транслюе, як рэпрадуктар, гэтыя ідэі. Яны маюць мала агульнага з уласна рэлігіяй і хутчэй з’яўляюцца якраз прыкладам візантыйства — зрашчэння дзяржавы і нейкіх калярэлігійных поглядаў. Адсюль вера ў тое, што Бог — праваслаўны, і ён апякуецца Расіяй.

Гэта ніяк не павязана з кананічным правам ці нават з Бібліяй, але тое ніяк не засмучае ідэолагаў Рускай праваслаўнай царквы, якія транслююць падобныя выказванні.

Калі гэтая тэма будзе далей працягвацца, мы будзем назіраць далейшае ўцягненне Беларусі ў арбіту «рускага міру», далейшую ідэалагізацыю адукацыйнай прасторы, нарастанне рускай прапаганды і яшчэ большае ўцягванне Беларусі ў арбіту расійскай дзяржаўнасці. Нават да страты фармальных прыкмет незалежнасці.

Таму калі гэта ўжо пачынаецца на ўзроўні школы, вышэйшай адукацыі — гэта не адзіны званок, ёсць і іншыя прыклады ўніфікацыі беларускіх і расійскіх стандартаў і методык навучання, пераходу на некаторыя расійскія праграмы і сродкі навучання.

Калі ўсё гэта будзе адбывацца, Беларусь будзе ў мяккай версіі інтэграваная ўжо непасрэдна ў расійскую дзяржаву, то бок адбудзецца так званы мяккі аншлюс.

Фёдар Поўны з’яўляецца правадніком ідэі мяккай русіфікацыі ці мяккага паглынання Расіяй суседніх народаў. Таму ўсё ўпісваецца ў ягоную логіку —месіянскага «рускага міру», які павінен пашырацца навокал, несці праваслаўе, весці праваслаўны джыхад з усімі народамі свету, вяртаць людзей да нейкай яму зразумелай духоўнасці, яму зразумелага ўяўлення пра чалавека, якое павінна абапірацца не на навуку, а на мікс рэлігійных і каляпсіхалагічных ідэй.

Гэта тое, да чаго нас сёння цягнуць адэпты «рускага міру», і дзяржаўная палітыка, якая не пакідае нам іншай магчымасці як толькі супрацоўнічаць з адэптамі гэтай ідэалогіі і з расійскай уладай, якая зараз падтрымлівае падобныя погляды ў сваім грамадстве.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.4(12)