Бангладэшцам, якіх запрасілі на працу, абяцалі 1000 долараў, а плацяць «амаль нічога»
Бангладэшскія гастарбайтары, якія прыехалі працаваць на баваўнянае аб’яднанне ў Баранавічах, паскардзіліся на ўмовы жыцця. Сярод агучаных праблем – мізэрныя заробкі і адхіленасць кіраўніцтва ад іх праблем.
Версія падзей паводле ткачоў
Натоўп з дзясятка цёмнаскурых чалавек, якія прагнуць справядлівасці, сустрэў карэспандэнта "ІР" недалёка ад месца "расквартыроўкі" прыезджых.
”Я хоць сюды працаваць прыехаў, але не тое што не зарабляю – нават грошы, якія мне з дому дасылаюць, зняць не магу, бо няма пашпарта”, – абурана распавядае Шамір. Побач з ім яшчэ некалькі чалавек крычаць наперабой: маўляў, дакументаў няма – адабралі, а намагаемся вярнуць – адказваюць нешта незразумелае.
Са слоў замежных ткачоў, умовы працы ім падабаюцца, вось толькі хацелася б мець і большы заробак – у месяц ім плацяць крыху больш за мільён.
Дэталі ўдакладняе Махамад:
– Калі нас сюды на працу запрашалі, то фірма 1000 долараў абяцала! Ужо пасля прыезду сказалі, што плаціць будуць толькі 500, а на самой справе – амаль нічога, – паказваючы ў доказ разлікоўку, кажа расчараваны ткач.
Заробку мігрантам ледзь хапае на тое, каб месяц пракарміцца – ткачы пераважна жывуць за прывезеныя з Бангладэш грошы:
– Я сюды ўзяў некалькі сотняў долараў – ежу купляць, неабходныя рэчы. Усе прыехалі з грашыма. А калі б не?! – задаецца пытаннем Махамад.
Некаторыя ўвогуле не паспелі зарабіць нічога – 5 чалавек адаслалі дадому пасля 2 месяцаў працы. Прычына адказу ад паслугаў прапісана ў маленькай паперцы, якую выдалі кожнаму адасланаму: “У вас адсутнічаюць навыкі працы па спецыяльнасці дапаможнік майстра, а менавіта: Вы не можаце ажыццявіць пуск ткацкага станка...”.
Самі працоўныя з такою фармулёўкаю цалкам не згодныя:
– Гэта ўсё лухта, – сцвярджае Махамад, з якім "ІР" пагаварыла напярэдадні ад'езду. – Я думаю, што яны (хто менавіта, суразмоўца не ўдакладняе) зарабляюць на такіх афёрах грошы.
Бангладэшцы лічаць, што адна група працоўных будзе кожны месяц змяняцца другою, працуючы амаль задарма – так, з іх слоў, яшчэ 40 чалавек неўзабаве прыедуць на працу ў Баранавічы.
Пытанні выклікаюць у ткачоў і дакументы з прычынаю адмовы.
– Я подпіс на той паперцы, дзе сказана, што мяне выганяюць, не ставіў. Але ён стаіць – у вас што, падрабляць дакументы не забаронена? – с іроніяй усміхаецца Махамад.
У сваёй рашучасці падманутыя бангладэшцы нават спрабавалі звярнуцца па дапамогу ў міліцыю – толькі там іх не прынялі, параіўшы спачатку звярнуцца да кіраўніцтва прадпрыемства. Аднак трапіць у кабінеты адміністрацыі бангладэшцам амаль немагчыма:
– Калі ў нас нейкія праблемы, то мы звяртаемся да свайго “боса”, які з намі працуе і разумее ангельскую, – распавядае Махамад, – але ён кажа: нешта не падабаецца – ніхто тут вас не трымае.
Аб тым, каб трапіць ўласна да дырэктара, не ідзе нават гаворкі, – сцвярджаюць бангладэшцы.
Каментар Івана Турчака, дырэктара баваўнянага аб'яднання
Са слоў кіраўніцтва баваўнянага аб’яднання, усе недарэчнасці выкліканы адсутнасцю досведу зносін з чужаземцамі, а маштабы апісаных праблем вельмі перабольшаныя.
– Ну так, грошы за першыя два месяцы мы ім плацім вельмі малыя. Але гэта не таму, што шкадуем, – запэўнівае дырэктар ВБПА Іван Турчак, – такая была дамова, што першыя два месяцы – гэта выпрабавальны тэрмін. Калі чалавек спраўляецца, то атрымлівае ўвесь заробак. А калі не, то за заробленыя грошы мы высылаем яго на радзіму – хіба несправядліва? Не за свае ж грошы ткачы туды-сюды лятаюць. Ім гэта ўсё казалі, і кожны дзень працягваем казаць. Але разумець адзін аднаго цалкам яшчэ не навучыліся.
Тое, што ў некаторых бангладэшцаў адсутнічаюць пашпарты, дырэктар пацвердзіў:
– Мы параіліся з прадстаўнікамі іх агенцтва і вырашылі, што лепей будзе, калі пашпарты будуць захоўвацца ў нас на прадпрыемстве. Мовай чужаземцы не валодаюць, можа рознае здарыцца, – разважае Іван Турчак, – але ўсе, хто здаў, распісваліся за тое, што добраахвотна пакідаюць нам свае дакументы. Ёсць і такія, хто не здаў, мы іх гвалтоўна не прымушалі.
Са слоў Івана Турчака, бангладэшцы ў любы момант могуць забраць свае пашпарты – дастаткова толькі напісаць заяву. У доказ дырэктар прыводзіць такія словы:
– А як бы яны вам патэлефанавалі? У нас жа падключэнне сім-карты толькі па пашпарце, а яны амаль усе з тэлефонамі ходзяць!
З’яўленне праблем з бангладэшцамі на прадпрыемстве звязваюць з фірмаю, якая іх прыслала.
– Разумееце, мы ж першы раз паспрабавалі прыцягнуць да працы замежных грамадзян, – працягвае аповед дырэктар, – да нас дзве партыі прыляцела – першую мы самі адбіралі – гэта 10 чалавек, а астатніх 20 па дамове прыслалі бангладэшскія фірмы. Вось тут і пачалося невядома што: іх не тое што давучваць трэба, але і адсылаем некаторых, уяўляеце?
На якіх умовах працоўных мігрантаў прывабліваюць ехаць у Беларусь, Іван Турчак не ведае і падкрэслівае, што абяцанкі ў 1000 долараў – гэта плён фантазіі бангладэшскіх вярбоўшчыкаў – на прадпрыемстве заробкі пачынаюцца з 4,5 млн.
– Мы плацім столькі, колькі чалавек зарабіў. А калі ён ні на што не здольны, то хоць бы ён і працаваў задарма, але навошта такі тут патрэбен? – смяецца дырэктар.
Адзінае пытанне, на якое не здолеў адказаць Іван Турчак, дык гэта падроблены подпіс на паведамленні аб скасаванні працоўнай дамовы:
– Я гэтага не бачыў і нічога сцвярджаць не буду. Калі сапраўды так, то хай звяртаюцца ў кампетэнтныя органы – гэта крымінальнае злачынства.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное