В мире
Алена Струвэ, ”Радыё Свабода”

Бандажэўскі дэманструе доказы "чарнобыльскіх" хваробаў

6 верасьня ва ўнівэрсытэцкім клюбе нямецкага гораду Ваймар адбудзецца сустрэча зь беларускім прафэсарам Юр’ем Бандажэўскім. Арганізатар сустрэчы, старшыня мясцовай чарнобыльскай арганізацыі Хартмут Кёплер не выключае, што менавіта тут, у нямецкай Цюрынгіі, неўзабаве будзе жыць і працаваць вядомы беларускі лекар і навуковец пасьля сканчэньня ягонага працоўнага кантракту ў Францыі.

У Ваймар з Францыі Бандажэўскі прывёз рукапіс сваёй будучай кнігі. Як падае выданьне Thüringische Landeszeitung, у гэтай навуковай працы ўтрымліваюцца доказы аб узьдзеяньні малых дозаў радыяцыі на арганізм чалавека, ілюстрацыі канкрэтных “чарнобыльскіх” захворваньняў сярод беларускіх дзяцей.

На здымках — хлопчыкі і дзяўчынкі з рознымі генэтычнымі дэфэктамі, сур’ёзнымі пашкоджаньнямі цэнтральнай нэрвовай сыстэмы, разнастайнымі паталёгіямі ўнутраных органаў. “Беларусь рухаецца насустрач дэмаграфічнай катастрофе”, — адзначае беларускі навуковец.

Паводле Бандажэўскага, Чарнобыль ёсьць ягоным “сапраўдным крыжам”. “За жаданьне данесьці суайчыньнікам праўду пра наступствы гэтай тэхнагеннай катастрофы, навукоўцу прыйшлося правесьці шмат гадоў у зьняволеньні, вытрымаць цяжкія фізычныя і псыхічныя выпрабаваньні,” — піша Thüringische Landeszeitung.

На пытаньне нямецкага журналіста, ці спадзяецца прафэсар вярнуцца на радзіму, Бандажэўскі адказвае: “Надзея ёсьць, аднак цяперашнія шанцы выглядаюць кепскімі. Бо мая мара — гэта магчымасьць працаваць дома, а таксама магчымасьць свабодна жыць і свабодна выказвацца.”

Кіраўнік ваймарскай чарнобыльскай ініцыятывы Хартмут Кёплер паведаміў, што ўжо меў размовы з уплывовымі нямецкімі палітыкамі адносна стварэньня для Бандажэўскага неабходных умоваў для жыцьця і працы. Кёплер таксама мае намер у дзень 50-годзьдзя Бандажэўскага, 9 сьнежня, прапанаваць кандыдатуру прафэсара ў якасьці новага старшыні гэтай арганізацыі. Беларускі вучоны і палітвязень прадстаўлены таксама на атрыманьне Ваймарскай прэміі ў галіне правоў чалавека.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)