Комментарии
Аляксандр Класкоўскі, «Наша Ніва»

Байнет за горла возьмуць мякка

Розгалас ўсё ж даў плён. Той праект, што ў снежні паставіў на вушы сеціўную публіку, трохі змякчылі.

Пастараліся прыгожа ўпакаваць: клопат пра аўтарскія правы і ўсё такое… Схавалі вушы палітычнай цэнзуры, прыбралі шэраг адыёзных момантаў, затушавалі ролю Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце. Але не сумнявайцеся: шчоўкаць дзюбай там не будуць.

Дакумент напісаны цьмянай, блытанай тэхнічнай мовай, будзе дапаўняцца рознымі пастановамі аб парадку рэгістрацыі і г.д. Карацей, дае шырокі абсяг для чыноўніцкага шчыравання. А ў які бок яны шчыруюць, мы добра ведаем.

Рэгістрацыя інфармацыйных сетак, сістэм і рэсурсаў — вось вам адзін гемарой. Ідэнтыфікацыя «абаненцкіх прылад» (кампоў) і карыстальнікаў (нас саміх) — яшчэ адзін.

Ну і нарэшце — абмежаванне доступу «на запыт карыстальнікаў». На практыцы яно можа выліцца ў глушэнне неўпадабаных рэсурсаў, найперш падчас выбарчых кампаній. Гэта рабілі і раней, але зараз можна ўжо не тоячыся, не маскуючы пад «непаладкі на лініі».

Іначай кажучы, дакумент хоць фармальна і тэхнічны, аднак заточаны пад выбарачнае глушэнне крамолы.Улюбёны метад: усіх трымаць пад каўпаком і час ад часу рабіць трапную «акупунктуру».

Ва ўказе няма наўпроставага загаду зладзіць рэгістрацыю вэб-СМІ. Аднак не расслабляйцеся. Магчыма, проста не захацелі дражніць Еўропу. Даць жа адмашку можна ў любы момант. Бо пункт пра патэнцыйную рэгістрацыю інтэрнет-медый закладзены ў дзейны закон аб СМІ.

Пры гэтым указ атрымаўся сыры і эклектычны, трохі падобны месцамі на славутую дырэктыву аб умацаванні дысцыпліны. Штосьці спехам выкрэслівалі, штосьці упісвалі, як спічрайтэры ў даклад, што кроў з носу мусіць быць падрыхтаваны да пэўнай даты.

Комплекснага асэнсавання Сеціва як з’явы ў тэксце няма, пануе дробнатэм’е. Ну не царская гэта справа — загадваць, каб ставілі гіперлінкі (адчуваецца лабізм пэўных агенцтваў). Дзеля абароны аўтарскага права дастаткова шліфануць адпаведны закон.

А загад, каб дзяржорганы мелі сайты ды аператыўна напаўнялі іх, наўрад ці падвысіць ступень галоснасці. Што ўтойвалі, тое і будуць утойваць.

Зрэшты, галоўнае дасягнута: падведзена база пад болей жорсткі кантроль над анамальным арэалам вольніцы ў аўтарытарнай дзяржаве. Як і кляліся чыноўнікі, указ не здушвае Байнет. А толькі мякка кладзе на горла чэпкую руку.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)