Байкер на «Хондзе» трапіў пад колы «Крайслера» ў дзень нараджэння

Раніцай ён прымаў віншаванні, а ўвечары разбіўся.

Андрэю 14 мая споўніўся 31 год. «Хонду» ён прыгнаў з Польшчы на продаж.

Здарэнне адбылося ў аўторак каля 17-й гадзіны ў Брэсце. На скрыжаванні вуліц Гаўрылава і Ленінградскай, што ў мікрараёне Усход.

Па інфармацыі ДАІ, матацыкліст выехаў на чырвонае святло і сутыкнуўся з «Крайслерам». Ад удару матацыкл і яго ўладальніка адкінула ў розныя бакі.

«Я з ім знаёмы быў два гады дзесьці — заязджаў да мяне кавы папіць. Казаў, што ёсць дзяўчына, але не ведаю, мо паспелі ўжо і ажаніцца, — расказаў знаёмы загінулага. — Ён матацыклы на продаж ганяў, ну і сам ездзіў. Наколькі ведаю, пад гэтую «Хонду» была замова ў Расію. Хлапчына добры быў — усміхаўся ўсё».

Жыхары Брэста на форумах ужо пачалі абурацца паводзінами матацыклістаў з прыходам вясны. «Колькі ім трэба яшчэ, каб супакоіцца? Жыву ў Брэсце — што вытвараюць, асабліва аматары на Кобрынскім мосце разганяцца. Нездарма, чуў ад знаёмых, на байк-злётах сапраўдныя байкеры нават не знаёмяцца з маладняком на спартачах. Бо яны кожны год розныя...» — напісаў адзін з фарумчукоў.

Нагадаем, 21 красавіка ва Урыцкім (Гомельскі раён) у ДТЗ загінулі матацыкліст і яго пасажыр. Кіроўца матацыкла «Хонда» не справіўся з кіраваннем і ўрэзаўся ў грузавы аўтамабіль «ГАЗ», які стаяў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)