Экономика

Багданкевіч: «Расея сёньня дзікая. Хіба можна думаць пра аб’яднаньне з такой краінай?»

На пытаньне, ці ўдасца Расеі прымусіць Беларусь да аб’яднаньня нацыянальных валют і іншых інтэграцыйных крокаў, Радыё Свабода адказаў былы старшыня Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч.

— І тады, у пачатку 2000-х, не ўдалося, і цяпер наўрад ці ўдасца. Беларусь хоча захаваць сувэрэнітэт і незалежнасьць. Аб’яднаньне з Расеяй — гэта страта незалежнасьці, — перакананы Багданкевіч.

Паводле яго, паколькі Расея вялікая і памерамі валавога нацыянальнага прадукту несупастаўная зь Беларусьсю, яна заўсёды будзе дамінаваць. Таму, каб ня быць у падпарадкаваньні, Беларусі трэба захаваць і незалежную валюту, і іншыя атрыбуты незалежнасьці.

Адносна імавернай грашовай выгады ад аб’яднаньня грашовых сыстэм дзьвюх краінаў Станіслаў Баганкевіч сказаў, што ёсьць рэчы, якія не павінны прадавацца ні за якія грошы, — гэта незалежнасьць:

— І чаму абавязкова трэба прадавацца ад таго, што няма сваёй нафты і газу? Колькі краінаў ёсьць, якія ня маюць нафты і газу, але жывуць, разьвіваюцца эканамічна і палітычна.

Ён дадаў, што падзяляе думку Станіслава Шушкевіча, які нядаўна ў інтэрвію сказаў, што мы маглі б сябраваць з Расеяй, калі б яна была іншай — дэмакратычнай, прадказальнай у палітычным пляне, — але яна такой не зьяўляецца.

— Калі б яна была цывілізаванай эўрапейскай краінай, можна было б яшчэ пра гэта думаць, але Расея, якую мы сёньня назіраем — гэта дзікая Расея. Якая гатовая парушаць міжнародныя дамовы, гатовая страляць у так званых сваіх братоў. Хіба можна думаць пра аб’яднаньне з такой краінай? — лічыць Багданкевіч.

Ён назваў «дзікасьцю» інцыдэнт у Керчанскай пратоцы, калі 25 лістапада расейскія вайскоўцы адкрылі агонь па караблях украінскіх ВМС, захапілі іх і арыштавалі ўкраінскіх маракоў, абвінаваціўшы іх у парушэньні дзяржаўнай мяжы:

Аб’яднаньне валют — апошні этап, толькі калі ўсе іншыя пытаньні адзінства вырашаныя»

У пачатку 2000-х гадоў, калі Расея зноў прапанавала Беларусі аб’яднаць грошы, Станіслаў Багданкевіч ужо быў на пэнсіі. Што вядома былому старшыні Нацбанку Беларусі пра захады Расеі ў аб’яднаньні валют? Ці моцным тады быў ціск зь яе боку на Беларусь?

— Ціск заўсёды быў, але калі краіна займае ясную пазыцыю, дык ніякі ціск ня дасьць выніку. Тады і Лукашэнка цьвёрда выказаўся за захаваньне незалежнасьці. Магчыма, найперш для захаваньня асабістай аўтарытарнай ўлады, на якую замахваецца Расея.

Паводле Багданкевіча, тады ўдалося не саступіць ня толькі дзякуючы Аляксандру Лукашэнку, які адхіліў прапанову аб’яднаць валюты, але і дзякуючы пазыцыі старшыні Нацбанку Паўла Калавура:

— Іншыя высокія асобы ў дзяржаве таксама былі супраць. Як Павал Калавур, які абараніў дысэртацыю на тэму сувэрэнітэту нацыянальнай валюты. Ён пісаў у гэтай працы, што аб’яднаньне валют — апошні этап аб’яднаньня; толькі калі ўсе іншыя пытаньні адзінства вырашаныя, можна думаць пра адзіную валюту.

Мусіць быць адзіная сыстэма фармаваньня цэнаў, адзіная мытная сыстэма, шмат чаго. А ў нас жа нічога гэтага ня вырашана. Нездарма ж нядаўна Лукашэнка пасварыўся з Пуціным. Няма адзінай сыстэмы.

«Мы эўрапейская краіна, і ідэал для нас — дэмакратыя, а не аўтарытарызм»

На думку былога старшыні Нацбанку, з аднаго боку, Расея больш рынкавая, з другога — ня менш аўтарытарная. Таму ягоная пазыцыя застаецца нязьменнай — сёньня трэба захоўваць сувэрэнітэт, і ня толькі з эканамічных рэзонаў, але і палітычных:

— Мы ўсё ж эўрапейская краіна, і ідэал для нас — гэта дэмакратыя, а не аўтарытарызм.

«Колькі можна быць нахлебніцай? Адсюль і пагроза незалежнасьці»

Ці ўдасца беларускаму кіраўніцтву дамовіцца пра кампэнсацыю стратаў ад падатковага манэўру ў Расеі? Станіслаў Багданкевіч мяркуе, што шанцы застаюцца.

— Мяркую, Расея саступіць чарговы раз, ёй важна захоўваць Беларусь як прыдатак сваёй імпэрыі, і таму яна пойдзе на некаторыя саступкі. Іншая рэч, што Беларусі трэба заканчваць з гэтым. Колькі можна быць нахлебніцай? Менавіта адсюль галоўная пагроза незалежнасьці.

Паводле яго, Лукашэнка пакуль манэўруе, і гэта яму ўдаецца нядрэнна, але было б добра, каб яму яшчэ хапіла палітычнага духу перабудоўваць сыстэму кіраваньня дзяржаўнымі кампаніямі і прадпрыемствамі:

— Велізарныя прыбыткі маем, прыкладам, ад калійнай солі ці некаторых іншых тавараў, а куды іх трацім? Трацім на ўтрыманьне стратнага «Гомсельмашу» ды іншых стратных кампаній. Маглі б падняць заробак настаўнікам, іншым бюджэтнікам, а трацім упустую, і так шмат дзе. Такія ясныя рэчы, а Лукашэнка 20 гадоў не вырашае гэтай праблемы і давёў да таго, што яму зноў ставяць ультыматум — аб’ядноўвай грошы.

Сигнал тревоги: Кремль вспомнил о мине замедленного действия

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)