“Бацькаўшчыну” прызналі пажаранебяспечнай
Апячатана грамадскае аб’яднанне «Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”». Падставай таму стала пажаранебяспечнасць будынка. Калі быць дакладным, «пажаранебяспечным» прызнаны не ўвесь будынак па Рэвалюцыйнай, 15, а толькі яго першы паверх, дзе якраз і знаходзіцца гэтая арганізацыя.
Як расказала «Салідарнасці» кіраўнік «Бацькаўшчыны» Алена
Макоўская, у пятніцу раніцай да іх прыйшлі прадстаўнікі пажарнай бяспекі і
наклалі штраф памерам 90 тысяч рублёў. У пратаколе былі адзначаны такія
парушэнні, як нетэрміновая запраўка вогнетушыцеля, нерэгулярнае правядзенне
інструктажу супрацоўнікаў па пажарнай бяспецы і іншыя досыць нязначныя
парушэнні. Пасля складання пратаколу правяральнікі сышлі, аднак а 17-й гадзіне яны вярнуліся і загадалі ўсім
тэрмінова вызваліць памяшканні. Супрацоўнікі «Бацькаўшчыны» ледзь угаваралі
інспектараў даць ім час сабраць рэчы.
Адметна, што разам з прадстаўніком арэндадаўцы УП «Спадчына»
і інспектарам па пажарнай бяспецы, у арганізацыю завітаў таксама і чалавек у
цывільным, які прадставіўся інжынерам-электрыкам. Аднак, па словах намесніка
кіраўніка «Бацькаўшчыны» Ніны Шыдлоўскай, у выніку праверкі высветлілася, што
гэты чалавек не працуе ў той арганізацыі, якую ён назваў.
— Зараз нам далі час выправіць усе заўвагі інспектараў да
чацвярга, — кажа Алена Макоўская. — Што будзе далей, мы не ведаем. На сённяшні
дзень у будынку працаваць немагчыма: няма электраэнергіі, рабочыя мяняюць
элекраправодку. Чаму ўзнікла такая тэрміновая неабходнасць, незразумела. На
восень ва ўсім будынку запланаваны капітальны рамонт. Я таксама не бяруся
тлумачыць, чаму закрылі менавіта першы паверх. Дом будаваўся адначасова, прычым
падчас праверкі на другім паверсе таксама былі заўвагі наконт праводкі.
Читайте еще
Избранное