Анастасія Зелянкова
“Бацькаўшчыну” прызналі пажаранебяспечнай

Апячатана грамадскае аб’яднанне «Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”». Падставай таму стала пажаранебяспечнасць будынка. Калі быць дакладным, «пажаранебяспечным» прызнаны не ўвесь будынак па Рэвалюцыйнай, 15, а толькі яго першы паверх, дзе якраз і знаходзіцца гэтая арганізацыя.

Як расказала «Салідарнасці» кіраўнік «Бацькаўшчыны» Алена Макоўская, у пятніцу раніцай да іх прыйшлі прадстаўнікі пажарнай бяспекі і наклалі штраф памерам 90 тысяч рублёў. У пратаколе былі адзначаны такія парушэнні, як нетэрміновая запраўка вогнетушыцеля, нерэгулярнае правядзенне інструктажу супрацоўнікаў па пажарнай бяспецы і іншыя досыць нязначныя парушэнні. Пасля складання пратаколу правяральнікі сышлі, аднак а 17-й гадзіне яны вярнуліся і загадалі ўсім тэрмінова вызваліць памяшканні. Супрацоўнікі «Бацькаўшчыны» ледзь угаваралі інспектараў даць ім час сабраць рэчы.

Адметна, што разам з прадстаўніком арэндадаўцы УП «Спадчына» і інспектарам па пажарнай бяспецы, у арганізацыю завітаў таксама і чалавек у цывільным, які прадставіўся інжынерам-электрыкам. Аднак, па словах намесніка кіраўніка «Бацькаўшчыны» Ніны Шыдлоўскай, у выніку праверкі высветлілася, што гэты чалавек не працуе ў той арганізацыі, якую ён назваў.

— Зараз нам далі час выправіць усе заўвагі інспектараў да чацвярга, — кажа Алена Макоўская. — Што будзе далей, мы не ведаем. На сённяшні дзень у будынку працаваць немагчыма: няма электраэнергіі, рабочыя мяняюць элекраправодку. Чаму ўзнікла такая тэрміновая неабходнасць, незразумела. На восень ва ўсім будынку запланаваны капітальны рамонт. Я таксама не бяруся тлумачыць, чаму закрылі менавіта першы паверх. Дом будаваўся адначасова, прычым падчас праверкі на другім паверсе таксама былі заўвагі наконт праводкі.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)