Политика

«Бацькаўшчына» адхрысцілася ад Казуліна

Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» абвяргае заявы пра далучэнне арганізацыі да асацыяцыі «Беларускі дом», якую стварае экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін.

Прапануем вашай увазе заяву старшыні “Бацькаўшчыны” Ніны Шыдлоўскай, змешчаную на сайце zbsb.org .

«Апошнімі днямі ў прэсе (сайты BelMy.info, tut.by, газета “Народная воля”) з’явілася інфармацыя аб ініцыятыве стварэння новага грамадскага аб’яднання “Беларускі дом”. Сама па сабе ідэя аб’яднання адных з найстарэйшых і іміджавых арганізацый Беларусі дзеля супольнай працы на ніве развіцця нацыянальнай духоўнасці, культуры і самаідэнтыфікацыі, не выклікала б пытанняў, калі б не наступная акалічнасць. Адным з ініцыятараў новага аб’яднання названа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”.

Насамрэч, колькі месяцаў таму да кіраўніцтва Згуртавання звярнуўся вядомы палітык, экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін з прапановай аб стварэнні асацыяцыі пад умоўнай назвай “Беларускі дом” з наступным стварэннем унітарнага прадпрыемства. Сцвярджалася, што гэта будзе новае грамадскае аб’яднанне кшталту асацыяцыі, якое збіраецца працаваць дзеля павышэння нацыянальнай свядомасці беларусаў. Аднак Згуртаванне “Бацькаўшчына” шмат гадоў і так працуе на гэтай ніве, у тым ліку апошнім часам – каардынуючы досыць паспяховую кампанію “Будзьма беларусамі”, і гэты накірунак дзейнасці мае вялікія перспектывы. Відавочна і іншае: усе палітычныя нішы ўжо занятыя. Таму іншага шляху, як праз культуру, вярнуцца на грамадска-палітычнае поле Беларусі сп. Казулін, падобна, не бачыць.

Ніхто не збіраецца прынізіць ролю палітыка Аляксандра Казуліна. Асабіста я ўвогуле схіляю галаву перад мужнасцю і стойкасцю чалавека, які з высокай годнасцю прайшоў цяжкія выпрабаванні, захаваўшы і выкрышталізаваўшы моцны патэнцыял як асоба і палітык. Аднак узнікае цалкам абгрунтаванае пытанне: наколькі структура, якая ствараецца настолькі вядомым палітыкам насамрэч можа заставацца выключна ў культурніцкай нішы і не будзе палітызаваная як самімі ініцыятарамі ідэі, так і ва ўспрыняцці яе грамадскасцю. Тым больш, што неаднаразова публічна сам Аляксандр Казулін заяўляў пра свае цалкам абгрунтаваныя палітычныя амбіцыі.

Але прапанова паступіла. Таму Рада “Бацькаўшчыны” прыняла адносна ўдзелу ў стварэнні “Беларускага дома” наступнае рашэнне: у сувязі са сканчэннем паўнамоцтваў дзейснай Рады (што з’яўляецца сусветнай дэмакратычнай практыкай), у выпадку актуальнасці вярнуцца да разгляду гэтага пытання пасля правядзення чарговага Пятага з’езда беларусаў свету. На станоўчае рашэнне аб удзеле ў стварэнні “Беларускага дому” гэта, пагадзіцеся, абсалютна не падобна.

Таму і здзіўляе, якім чынам падчас інтэрв’ю для “Народнай Волі” (№ 77-78) у пытанні Алеся Пашкевіча (сябра Рады “Бацькаўшчыны” і старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў), згаданае вышэй рашэнне Рады, на якім ён сам, дарэчы, і прысутнічаў, з’явілася выснова, што СБП разам з ТБМ “і згуртаваннем “Бацькаўшчына” прапанаваў стварыць грамадскае аб’яднанне “Беларускі дом”. Тым больш, што ў адпаведнасці са Статутам “Бацькаўшчына” мае права ўваходзіць выключна ў міжнародныя грамадскія аб’яднанні, блізкія па мэтах і задачах.

Больш таго, пачынаючы ад 1990-х Беларускі дом дзейнічаў на базе “Бацькаўшчыны”, пакуль аб’яднанне разам з інфармацыйным цэнтрам, бібліятэкай і архівам беларускай дыяспары, што складалі аснову Беларускага дома, не выселілі з памяшкання. І дасюль маёмасць Беларускага дома знаходзіцца па кватэрах ды гаражах сяброў Згуртавання. А цяпер новая ініцыятыва скарыстоўвае напрацаваную назву – Беларускі дом, якая ўжо была на слыху не толькі ў Беларусі, але і ў асяродках беларускай дыяспары.

Дык чым тады з’яўляецца нявольнае ўцягванне “Бацькаўшчыны” ў ствараемую палітызаваную арганізацыю: неразуменнем, што такім чынам немагчыма пабудаваць новую і дзейсную структуру, ці свядомым выкарыстаннем у палітычнай гульні напярэдадні чарговай прэзідэнцкай кампаніі незалежнай арганізацыі, якая за шмат год напрацавала вялікі досвед і станоўчы імідж у галіне кансалідацыі нацыі і адраджэнні культуры?

Каму і дзеля чаго выгадна ўводзіць у зман кіраўнікоў дыяспары, якія супрацоўнічаюць з “Бацькаўшчынай”, аб аб’яднанні з вядомым палітыкам, такім чынам парушаючы адзін з асноўных прынцыпаў пабудовы Згуртавання – аб’яднанне беларусаў незалежна ад палітычных поглядаў, прыхільнасцяў, рэлігійных канфесій і г.д. на ніве захавання і пашырэння беларускай прысутнасці ў свеце? Мы паважаем палітычныя погляды сваіх сябраў, таму не маем ні магчымасцяў, ні падставаў заключаць юрыдычны альянс ні з якім канкрэтным палітыкам.

Інтарэс да падобнай інфармацыі з боку журналістаў зразумелы. Але ўсё ж такі хочацца звярнуцца да сродкаў масавай інфармацыі з просьбай уважліва ставіцца да інфармацыі, з якой яны працуюць, і правяраць факты, перш чым выносіць іх на шырокае абмеркаванне.

“Бацькаўшчына” будавалася і будзе заўсёды дзейнічаць на прынцыпах дэмакратыі, свабоды слова і павагі да іншых поглядаў і меркаванняў. Таму такога ж стаўлення мы патрабуем і да сябе.

Ніна Шыдлоўская,

намесніца старшыні Рады МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)