Общество

Бацька хлопца, якога забілі ў Стоўбцах: «Саша хацеў сысці з гэтай школы, казаў, што там шмат двудушша»

11 лютага дзесяцікласнік Вадзім М. забіў у школе дваіх чалавек: настаўніцу Марыну Пархімовіч і вучня 11 класа Аляксандра Раманава. Вадзіма затрымалі, але матывы яго і па сёння незразумелыя, піша Наша Ніва.

Сям’я Раманавых жыве ў вялікім прыгожым доме на адным са стаўпецкіх завулкаў. Бацька займаецца бізнэсам у Мінску. Кажа, заможным сябе не лічыць, але грошай на сям’ю хапае. У Раманавых двое дзяцей — старэйшая дачка і малодшы сын — Саша.

Цяпер Сашы больш няма.

***

«Саша хацеў сысці з гэтай школы, паступіць у Ліцэй БДУ. Калі шчыра казаць, то яму не падабалася гэтая школа. Ён у мяне быў вельмі дарослы, не па гадах.

Саша казаў, што шмат двудушша ў школе. Ёсць пару педагогаў нармальных, а астатнія, можа, і ведаюць свае прадметы, але выкладаюць іх… карацей, не педагогі. А ён вельмі не любіў такое.

Саша не быў замкнёны, ён сябраваў з аднакласнікамі, падтрымліваў зносіны. Але і кніжкі чытаў пастаянна, і яму не хапала. Хацелася размаўляць з разумнейшымі, са старэйшымі людзьмі. А тыя ж школьнікі бываюць зусім розныя. Мне яшчэ гады два-тры таму Саша неяк распавёў, што некаторыя дзеці ў Стоўбцах з нажамі ходзяць. А для яго гэта было дзіка, ён не прызнаваў гэтую гапату, не лаяўся матам.

Яму падабалася гаварыць з тымі настаўнікамі, якія размаўлялі з ім на роўных. Саша вельмі не любіў такога, калі проста заціскаюць аўтарытэтам дарослага чалавека, як робяць некаторыя настаўнікі.

Тая настаўніца, якую забілі, Марына Пархімовіч, была разумным чалавекам, з дзецьмі заўсёды размаўляла як з роўнымі. Сашу гэта вельмі падабалася. Ён быў ужо дарослы самастойны чалавек.

Мы з ім заўсёды падоўгу размаўлялі. У нас была такая традыцыя ў сям’і, увечары разам з сынам садзіліся піць чай. Удвух, як правіла. Жонка, канечне, таксама магла папрысутнічаць, але мы з сынам вялі мужчынскія размовы: пра палітыку, пра жыццё…

Мы з ім як сябры размаўлялі заўсёды. І каб штосьці было: пагроза нейкая ці што, то сын мне бы абавязкова штосьці сказаў.

… Так, той Вадзім біў менавіта ў шыю. У Сашы пад левым вухам была вельмі глубокая рана.

Усе кажуць рознае. Дырэктарка казала, што перад здарэннем яна яго (нападніка) бачыла, нібыта нават адчытвала на калідоры, што той прагуляў ваенную падрыхтоўку.

Вадзім забіў настаўніцу, выйшаў і пайшоў па калідоры ў самы апошні кабінет, дзе Саша мой вучыўся. Зайшоў туды. Там настаўніцкі стол стаіць высока, на подыуме. Нападнік ўвайшоў і пайшоў уздоўж сцяны да Сашы. А мой сын сядзеў апошнім: там маленькі клас, па тры парты было занята ўсяго на рад. І ў Сашы была якраз трэцяя, далей — пустыя парты.

Дзеці яшчэ, кажуць, смяяліся: ты што, заблукаў, кабінеты пераблытаў?

А ён моўчкі да майго Сашы падышоў, узяў яго за валасы і нанёс удар ці два яму ў сонную артэрыю. Я бачыў парту, і там, і па ўсім кабінеце лужыны крыві.

Пасля нападнік спусціўся праз чорны ход на першы паверх, там, кажуць, адчыніў акно і выскачыў. Далей яго затрымалі ў пад’ездзе, гэта ўжо ўсе ведаюць».

* * *

«Мы хочам праўды. Смерці яго [нападніка] ніхто не хоча. Але калі тут ёсць нейкія яго прыспешнікі ці нехта, хто яго схіліў да таго, то трэба, каб іх знайшлі і ізалявалі ад людзей.

Бацька гэтага Вадзіма прыходзіў да нас. Гэта было ў дзень перад пахаваннем, труна з Сашам стаяла ў нас тут… І брат мне кажа: вось, прыйшоў той, ты выйдзеш ці мне яго выгнаць? Я кажу, не выганяй, я выйду.

Я выйшаў на вуліцу. Той пачаў на калені падаць, казаць, маўляў, выбачайце, прабачце, мы самі не можам зразумець… Я сказаў: «Не трэба выбачацца, але і выбачыць я ніколі не змагу, ані вас, ані вашага сына».

Кажу, кепска вы сына выхоўвалі. Той адказвае, што не, нармальна выхоўваў. Я кажу: ну, значыць, штосьці дзесьці ўпусцілі. Не гаварылі, можа з сынам… Я ўяўляю сем’і, дзе бацькі цяжка працуюць, дзе занятыя людзі выжываннем…

Ён казаў там яшчэ ўсякае… Маўляў, лепш бы сына забілі пры затрыманні… Я кажу: ідзіце з Богам. Хай вашага сына суд судзіць.

Я ведаю, што таго забойцу не могуць растраляць, бо ён непаўналетні.

Але я і не хацеў бы яго смерці. Я супраць такога. Ды і Саша катэгарычна быў супраць смяротнага пакарання, казаў, што не можа чалавек у чалавека забіраць жыццё.

Ці віню я бацькоў таго нападніка? Можна і так сказаць. Так, я разумею, што яны такой бяды не хацелі, канечне, і не вучылі сына такому. Але ж у нас дарослыя нярэдка не займаюцца сваімі дзецьмі. Тое, што здарылася, — у тым ліку і пралік бацькоў нападніка.

Цяпер кажуць, што іх сын быў ціхі, адвакатам хацеў стаць, кніжкі чытаў. А на фота з яго пакою — кніга па анатоміі ляжыць. Навошта той будучы адвакат анатомію вывучаў? Каб ведаць, як нажом зручней у артэрыю трапіць? Ён жа ведаў, куды біць.

Ці вінаватая школа? Не ведаю. Школа не займаецца дзецьмі, там адно двудушша дзеля паказчыкаў. Але, з другога боку, зразумела, што за ўсімі не ўглядзіш.

Чаму менавіта настаўніца гісторыі стала ахвярай? Чаму мой сын? Я не ведаю. У нас няма абсалютна ніякіх версій, чаму гэта ўсё здарылася.

Усё, што мы можам сказаць, гэта тое, што Марына Пархімовіч была самай любімай настаўніцай сына. Ён любіў гісторыю. Пархімовіч была класным кіраўніком і маёй старэйшай дачкі…

Але каб былі нейкія канфлікты паміж нападнікам і Сашам… Наколькі мы ведаем, паміж імі увогуле не было ніякіх кантактаў. Мы самі аддалі следчым мабільнік Сашы, але яны сказалі, што нібыта не змаглі яго ўзламаць».

«Марынка выйшла не на свой урок», — сваячка забітай у Стоўпцах настаўніцы