Комментарии

Бацька школьніцы: «Няўжо нельга знайсьці годны верш Купалы, каб не трэба было ляцець у «Крэмль»?»

‎Салігарчанін Віктар Малочка — пра тое, як дачцэ задалі ў школе той самы верш, які ён вучыў 50 год таму.

Варвара Малочка з бацькам Віктарам. Фота з Фэйсбуку Віктара Малочкі

— Падыходзіць Варвара Віктараўна да мяне і кажа: «Бацька,можна я табе прачытаю верш,які нам задалі у школе?» — «Чытай», —кажу, — напісаў Віктар Малочка ў Фэйсбуку. —І што я чую? «Хлопчык і лётчык» Янкі Купалы. І што, запытаеце Вы? Толькі і усяго, што гэты верш я вучыў роўна 50 (пяцьдзесят) год таму, калі вучыўся у школе. Стабільна ўсё. Але што было у нас, у савецкі час, то, лічу, не зусім падыходзіць зараз! Асабліва вось гэта: «Ляцеці далёка, высока Ды так пабываць у Крамлі….»

Навошта нам зараз ляцець у Крэмль? Што мне сказаць Варвары на гэта? Чаму у беларускіх дзяцей павінна быць такая мара? Не у Парыж, Лондан альбо Кіеў, а абавязкова у Маскву, у Крэмль?

Усе больш/менш,адукаваныя грамадзяне Беларусі разумеюць, у які час пісаўся гэты, ды і не толькі гэты, верш Купалам ды іншымі.

Падручнік выпушчаны у 2016 годзе пад кіраўніцтвам Н.У.Антонава. І.А.Буторына, Г.А.Галяш. Няўжо за усе гады незалежнасьці Беларусі нельга была знайсьці годны верш Купалы пра Беларусь,каб не трэба было ляцець у «Крэмль»?

Калі я падрастаў і чытаў творы Я.Купалы, Я.Коласа і іншых беларускіх пісьменнікаў і даведаўся аб рэпрэсіях, то увесь час думаў, за што ж іх маглі арыштаваць, забіць? Што дрэннага у такіх вершах, як гэты, што вучыць Варвара? Потым толькі даведаўся, што было і іншае, якое не магла прабачыць савецкая улада.

Чаму ж што-небудзь з таго і не давесці шкалярам?Чаму не сказаць праўду аб тых часах, каб дзеці ведалі, што здарылася з Купалам і сотнямі іншых пісьменнікаў Беларусі у 30-х гадах.

Чаму аб гэтым «не паложана» казаць? Пытанне і да настаўнікаў,у тым ліку.

P.S. Ведаеце, нешта у гэтым ёсьць трагічнае: Купала піша аб мары «пабываць у Крамлі», а потым сам гіне ў Маскве пры загадкавых абставінах. Але настаўнікі вучням аб гэтым не кажуць. Ці я памыляюся?

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.4(143)