Таццяна Якубоўская, Новы час
Бацька і сын Гарэцкія

Споўнiлася 90 гадоў Радзіму Гаўрылавічу Гарэцкаму — акадэміку, геолагу, грамадскаму дзеячу, пісьменніку, прадстаўніку знакамітага роду Гарэцкіх і Чалавеку, які сваёй шматграннай плённай дзейнасцю ўмацоўвае незалежную Беларусь.

Гаўрыла Гарэцкі з братам Парфірам і сынам Радзімам. Магілёў. 3 мая 1974 г. Фота movananova.by

Бацька яго, Гаўрыла Іванавіч Гарэцкі, — адзін з заснавальнікаў Беларускай акадэміі навук, быў абраны акадэмікам у снежні 1928 года, калі ў Менску нарадзіўся яго другі сынок, названы ў гонар правадыра племя радзімічаў, што жылі ў старажытнасці на ўсходзе нашай краіны. Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі — аднагодак цяперашняй Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

На сайце акадэміі пра Р. Г. Гарэцкага можна даведацца, што ён вучоны ў галіне геалогіі і геатэктонікі, з’яўляецца замежным членам Расійскай адэміі навук, доктарам геолага-мінералагічных навук, прафесарам, Заслужаным дзеячам навукі, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР і Дзяржаўнай прэміі БССР, а таксама Прэміі НАН Беларусі і Прэміі Расійскай АН, узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі і іншымі адзнакамі.

Але згаданы афіцыйны сайт акадэміі не дае даведкі аб усебаковай дзейнасці нашага знакамітага сучасніка. У навуковай, навукова-арганізацыйнай, грамадскай і асветніцкай працы Радзім Гаўрылавіч прадоўжыў справы бацькі, асноўныя напрамкі якіх дзіўна супадаюць: у абодвух любімая навука геалогія, абодва былі дырэктарамі навуковых інстытутаў, абодва працавалі ў вядучых вышэйшых навучальных установах, сталі выбітнымі спецыялістамі ў прафесійнай дзейнасці, абодва — лідэры Адраджэння, абаронцы незалежнасці і беларускасці роднай краіны.

Навуковыя дасягненні Р. Г. Гарэцкага ў геалогіі — тэктоніцы і геадынаміцы платформаў і радовішчаў карысных выкапняў — добра вядомы ў колах геолагаў не толькі Беларусі, але і Еўропы, і многіх краін свету. Яны адлюстраваны ў сотнях навуковых публікацый, сярод якіх фундаментальныя манаграфіі і тэктанічныя карты, створаныя на падставе тэорыі тэктонікі пліт і адмыслова распрацаванай методыкі картаграфавання структур зямной кары, матэрыялы міжнародных праектаў, даклады на сесіях Міжнароднага геалагічнага кангрэса, Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА і шматлікіх іншых форумаў навукоўцаў свету і розных краін.

90 год Радзіму Гарэцкаму: «Маё жыццё прайшло пад дамоклавым мячом. Нас у Беларусь не пушчалі»

Навукова-арганізацыйная праца Радзіма Гаўрылавіча ў якасці дырэктара Інстытута геахіміі і геафізікі НАН Беларусі ў часы яго росквіту (1977–1993 гг.), калі інстытут налічваў 300 супрацоўнікаў, стваральніка, прафесара і загадчыка кафедры дынамічнай геалогіі геаграфічнага факультэта БДУ (ён вярнуў у БДУ геалагічную спецыялізацыю), віцэ-прэзідэнта Акадэміі навук Беларусі, арганізатара і кіраўніка міжнародных навуковых праграм і нарад па тэктоніцы, не могуць не выклікаць захаплення.

Працяг тут

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)