Анастасія Зелянкова
«Бацька» беларускага супраціву

Навуковыя чытанні, прысвечаныя светлай памяці ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага, пройдуць 23 снежня ў мінскім касцеле св.Сымона і Алены. Пра выдатнага дзеяча беларускай культуры, асветніка, кіраўніка нацыянальнага супраціву ў гады вайны і яго ролю ў нашай гісторыі ўзгадаюць ксёндз-магістр Уладзіслаў Завальнюк, паэт Рыгор Барадулін, філосаф Уладзімір Конан, гісторык Леанід Лыч і іншыя вядомыя навукоўцы, літаратары і грамадскія дзеячы.

У савецкія часы звесткі пра асобу Гадлеўскага старанна замоўчваліся. Калі ж ксяндза і згадвалі, то звычайна называлі калабарантам і здраднікам, абвінавачвалі ў супрацоўніцтве з нямецкімі акупантамі, нават не зважаючы на той факт, што сам Вінцэнт Гадлеўскі загінуў ад рук нацыстаў.

У апошнія часы інфармацыі пра яго стала значна больш. Пра Вінцэнта Гадлеўскага пачалі гаварыць як пра выдатнага палітыка і святара ў часы Беларускай Народнай Рэспублікі, згадвалі пра яго высілкі ў справе арганізацыі беларускага школьніцтва ў часы нямецкай акупацыі, адзначалі як публіцыста і перакладчыка. Аднак вельмі мала вядома пра ягоны ўдзел у беларускім нацыянальным антынацысцкім руху супраціву, адным з кіраўнікоў якога ён з’яўляўся.

Неспадзяванка для органаў савецкай дзяржбяспекі

Каб ацаніць ролю Гадлеўскага ў падрыхтоўцы і стварэнні нацыянальнага супраціву, трэба мець уяўленне пра тыя часы. На пачатку другой сусветнай вайны беларускі нацыянальны рух прадстаўляў досыць сумнае відовішча — гэта былі паасобныя групкі людзей, адзінкі, якія жылі ў Вільні, Варшаве, Празе, Берліне.

— На той час большая частка нашых нацыянальных палітыкаў была знішчана савецкай уладай або рэпрэсавана польскімі ўладамі, — сведчыць аўтар кнігі пра ксяндза Гадлеўскага “Рыцар Свабоды” даследчык Сяргей Ёрш. — Арганізацый практычна не было ніякіх, нямала дзеячоў не хацелі лезьці ў палітыку, чакалі. Гадлеўскі таксама быў адным з тых, хто ацалеў. Але ён не толькі сам не склаў рукі ў той сітуацыі, але прымусіў узняцца і іншых.

За палітычную дзейнасць Гадлеўскі ўзяўся вельмі актыўна. Прычым паставіў сабе канкрэтную мэту — здабыццё незалежнасці Беларусі. І, што цікава, меў для гэтага вельмі выразны план.

Летам 1940 года Гадлеўскі выязджае з Вільні перад прыходам туды бальшавікоў у акупаваную немцамі Варшаву. Там, у Варшаве, Гадлеўскі і пачынае арганізоўваць беларускія структуры, у тым ліку нелегальныя. Да гэтай дзейнасці ён далучае шмат моладзі, частку складалі беларусы, якія служылі ў польскім войску ды трапілі ў нямецкі палон, беларускія дзеячы, якія жылі ў Нямеччыне і Польшчы. Даследчыкі дагэтуль ламаюць галаву, як за такі кароткі час — меней чым за год — Гадлеўскаму ўдалося ўлучыць у нацыянальны рух вялікую колькасць людзей.

— Гэта была сапраўная неспадзяванка для органаў савецкай дзяржбяспекі, — адзначае Сяргей Ёрш. — Яны ж думалі, што зачысцілі ўсіх беларускіх дзеячоў і ніякага нацыянальнага руху ўжо не можа быць у прынцыпе. А вось аказалася, што ўсяго за некалькі год у Беларусі з’явіліся не тое, што нейкія асобныя групы, а паўстаў цэлы нацыянальны супраціў. Рэальны рух, які дзейнічаў фактычна ўжо з 1940-га года, а аформіўся структурна дзесьці ў канцы 1941 - пачатку1942 года.

Калі пачалася вайна, беларускія арганізацыі ўжо не толькі існавалі, але і актыўна дзейнічалі. Яшчэ толькі рыхтуючыся да савецка-нямецкага канфлікту, яны сталі супрацоўнічаць з нямецкімі ўладамі — вайсковымі, грамадзянскімі — і гэткім чынам здабылі сабе права легальна вярнуцца ў краіну.

— У Гадлеўскага спачатку былі спадзяванні, што немцы дазволяць стварыць беларускі ўрад адразу ж пасля заняцця Беларусі, — сведчыць гісторык. — Аднак гэтыя спадзяванні хутка разбіліся аб тую рэальнасць, якую ён ўбачыў. Стала зразумела, што немцы не дадуць беларусам ніякай незалежнасці, а значыць выхад адзін: трэба браць уладу на месцах у свае рукі.

На той момант у гарадах і мястэчках у створаную немцамі паліцыю і адміністрацыю ішлі пераважна палякі альбо расейцы, у тым ліку былыя НКВДысты. Зразумела, што стаўленне да беларускіх актывістаў было адпаведнае — іх папросту вынішчалі. Так, у Слоніме быў выпадак, калі пад прыкрыцём беларускіх дакументаў з Варшавы прыехаў адзін паляк. Ён правёў рэгістрацыю беларускіх актывістаў, а пасля здаў іх як камуністаў немцам. Вядома, што ўсе тыя “камуністы” былі тэрмінова расстраляныя.

Гадлеўскі паставіў задачу — трэба самім займаць усе легальныя пасады, браць у рукі паліцыю і адміністрацыю, а адначасова арганізоўваць нацыянальнае падполле. Дзейнічалі асцярожна, Гадлеўскі працаваў у асноўным праз сваіх памочнікаў — вельмі не многія ведалі, што менавіта ён кіраўнік беларускага супраціву. Адны лічылі, што гэта Янка Станкевіч, іншыя, што, магчыма, Усевалад Родзька ці Францішак Аляхновіч.

Пра тое, што існуюць нацыянальныя беларускія падпольныя арганізацыі, нямецкія спецслужбы ведалі, але да пэўнага часу глядзелі на гэта скрозь пальцы. Проста праз сваю агентуру імкнуліся адсочваць іх дзейнасць. Вядома ім было і тое, што Гадлеўскі меў да гэтага пэўнае дачыненне, але немцы лічылі, што пакуль не ідзе гаворка пра антынямецкую дзейнасць, можна яго не чапаць. Сам жа Гадлеўскі ў той час быў інспектарам беларускіх школ, займаўся справай беларусізацыі, выдаваў падручнікі, а з’яўляўся ксяндзом у Чырвоным касцёле.

Чаго саромеюцца расійскія спецслужбы

Сітуацыя змянілася, калі ў чэрвені 1942 года Гадлеўскі склікае ў Мінску падпольную канферэнцыю. На з’езд беларускіх нацыяналістаў былі запрошаны некалькі дзесяткаў вядомых дзячоў руху — так званы нацыянальны актыў.

— Гадлеўскі лічыў, што ў той час беларускі супраціў ужо мае пэўную сілу, і таму можна ставіць новую задачу — падрыхтоўку паўстання, — адзначае Сяргей Ёрш. — Гэта павінна было быць шырокае антынямецкае паўстанне, якое Гадлеўскі збіраўся ўзняць вясной 1943 года. Для гэтай барацьбы патрэбна было аб’яднаць усе беларускія палітычныя групы, якія дзейнічалі ў той час. Патрымку многіх беларускіх узброеных фармацый Гадлеўскі ўжо меў. Але вельмі нямногія дзеячы падтрымалі Гадлеўскага. Адны казалі, што антынямецкая барацьба — гэта вар’яцтва: калі не перадушаць немцы, дапамогуць Саветы. Іншыя сцвярджалі, што варта яшчэ пачакаць. З Гадлеўскім згадзіліся толькі тагачасны бурмістр Мінска Вацлаў Іваноўскі і Францішак Аляхновіч. Тым не менш Гадлеўскі пачаў падрыхтоўку да паўстання.

Нямецкія спецслужбы атрымалі інфармацыю пра з’езд дзесьці ў ліпені 1942 года. Адразу ж была стварана спецыяльная група, якая пачала адсочваць Гадлеўскага і яго бліжэйшых памочнікаў. Неўзабаве ў руках немцаў аказаўся кампрамат пра кантакты ксяндза з савецкай разведкай. Як гэтая інфармацыя аказалася ў руках немцаў — асобная гаворка.

Перамовы з савецкай разведкай Гадлеўскі пачаў весці з лета 1942 года. Саветы лічылі, што на той час гэта адзіны прадстаўнік беларускага нацыянальнага руху, з якім можна весці дыялог. Перамовы ўзяў на сябе Дзяржаўны камітэт абароны СССР, якім кіраваў сам Сталін. Яму асабіста і дакладвалі пра іх вынікі.

Для чаго ж спатрэбіліся Маскве саюзнікі сярод беларускіх нацыяналістаў? Усё проста: Саветы мелі вельмі слабыя пазіцыі ў Заходняй Беларусі, савецкія партызаны ў большасці знаходзіліся ў цэнтральнай і ўсходняй Беларусі, а становішча на фронце было цяжкае. Каб праводзіць маштабныя дыверсіі, неабходна мець інфармацыю, доступ у нямецкія ўстановы. Гадлеўскі ж і яго асяроддзе без праблем уладкоўвалі туды сваіх людзей.

Перамовы ішлі да верасня-кастрычніка 1942 года. У сваю чаргу, Гадлеўскі патрабаваў ад Масквы вызвалення з концлагераў беларускіх дзеячоў, стварэння ў Чырвонай Арміі беларускіх частак і нават асобнай беларускай арміі пад кантролем заходніх саюзнікаў.

— Усе гэтыя патрабаванні акуратна запісваліся і перапраўляліся ў Маскву, — сцвярджае даследчык. — Адтуль прыходзіў адказ: патрабаванні пакуль прымаць, але нічога не абяцаць. І вось нечакана загад: змяніць усе паролі і яўкі. У раз Гадлеўскі стаў непатрэбны — савецкія разведчыкі ўжо былі ўладкаваныя ў нямецкія ўстановы. Выходзіла, што Саветы папросту выкарысталі яго. Хутчэй за ўсё, самі ж яны і падкінулі гэты кампрамат немцам.

Звесткі пра кантакты беларускага супраціву з Масквой атрыманыя даследчыкам з аднаго з расійскіх архіваў. Матэрыялы гэтыя, дарэчы, дагэтуль засакрэчаныя. Відаць, пра тое, як спецслужбы выкарысталі і падставілі Вінцэнта Гадлеўскага, яны дагэтуль лічаць за лепшае не распаўсюджвацца.

Тайная смерць Гадлеўскага

Атрымаўшы кампрамат на Гадлеўскага, Берлін адразу ж дае каманду неадкладна арыштаваць ксяндза. Спачатку планавалася, што ён будзе зняволены ў канцлагеры, аднак раптоўна прыходзіць новы загад — расстраляць.

Пра падрыхтоўку ліквідацыі спрабавалі Гадлеўскага папярэдзіць супрацоўнікі Мінскага гестапа-беларусы. Невядома, ці паспелі яны гэта зрабіць, але хутка немцам стала вядома, што з тымі сакрэтнымі дакументамі азнаёміліся і два беларускія службоўцы. Вінаватых тут жа расстралялі.

Абставіны арышту і смерці Гадлеўскага доўгі час заставаліся невядомымі. 24 снежня 1942 года а 20-й гадзіне ў кватэру да ксяндза завітаў сам начальнік аддзела SSPF (паліцыі бяспекі і СД) Г. Хойзер. Гадлеўскаму было паведамлена, што ён мусіць ехаць у Берлін. Спачатку ксяндза прывезлі ў касцёл св.Сымона і Алены, дзе быў правераны ягоны сейф. Каб папярэдзіць магчымыя пытанні пра адсутнасць Гадлеўскага, ксянзу Ігнатавічусу, які ў той час знаходзіўся ў касцёле, было паведамлена, што Гадлеўскі ад’язджае на два тыдні. Адразу ж з касцёла яго вывезлі ў Трасцянец, дзе Хойзер асабіста выканаў прысуд.

— Гадлеўскага нават не дапытвалі, проста расстралялі, — згадвае Сяргей Ёрш. — Немцы зрабілі гэта тайна, бо вельмі баяліся, што беларускія вайсковыя і паліцыйныя фармацыі могуць высці з-пад кантролю і сыйсці ў лес. Так яны выйгравалі час. Нямецкія спецслужбы пачалі распаўсюджваць чуткі, што Гадлеўскі нібыта арыштаваны і вывезены некуды ў Латвію ці Нямеччыну. Прыкладна тое самае, як гэта было ў нас з Ганчаром, Завадскім і іншымі. Прапаў чалавек і ўсё.

Такая спешка з ліквідацыяй Гадлеўскага была невыпадковай. Немцы выдатна разумелі той ўплыў, які ксёндз аказваў на беларускіх патрыётаў.

— СД, калі даведалася пра падрыхтоўку Гадлеўскім паўстання, праз сваіх агентаў-беларусаў пазандзіравала настроі ў розных беларускіх фармацыях, суполках і пабачылі, што Гадлеўскага падтрымліваюць літаральна паўсюль, — адзначае даследчык. — Нямецкія спецслужбы пралічылі, што калі адбудзецца масавы сыход у лес гэтых беларускіх фармацый, актывістаў, то нацыянальны партызанскі рух складзе нават на самым пачатку дзесяткі тысяч чалавек. Калі ж да яго далучацца яшчэ польскія, украінскія групы, савецкія ваеннапалонныя, то гэта будзе ўжо вельмі рэальная сіла. Магчыма, калі б тады Гадлеўскаму ўдалося ажыццявіць свае планы, сёння ў нас зусім інакш падавалася б дзейнасць беларускага нацыянальнага руху ў часы нямецкай акупацыі.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)