«Бачу ў асобе Шушкевіча прыклад, як важна бывае не ўпусьціць час і не ісьці на кампрамісы з тымі, каму ня варта давяраць»

Публіцыст і прадстаўнік Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце Сяргей Навумчык – пра ролю Станіслава Шушкевіча ў гісторыі Беларусі.

– Не хацеў пісаць пра гэта ў дзень юбілею Станіслава Шушкевіча (15 сьнежня споўнілася 90 гадоў з дня ягоных народзінаў), бо калі ацэньваць яго як палітыка, даводзіцца казаць ня толькі пра станоўчае, – піша Навумчык. – Рэжым, натуральна, юбілей праігнараваў, гісторыя Беларусі ў іх пачалася з 1994 году.

Зрабіла заяву Сьвятлана Ціханоўская, адзначыўшы, што «менавіта дзякуючы яго працы і прынцыповасці, Беларусь у 1991 годзе зрабіла выбар на карысць незалежнасці».

Канешне, калі мы ўспрымаем Незалежнасьць як ня нешта аднамомантнае, а як гістарычны працэс (у некаторых краінах — напрыклад, ЗША — ён займаў дзесяцігодзьдзі), роля кожнага палітыка, які да яго спрычыніўся, адметная.

І ў гэтым сэнсе подпіс Шушкевіча пад Белавескімі пагадненьнямі аб спыненьні існаваньня СССР, бяспрэчна, і важная, і гістарычная.

Але я заўсёды кажу, што Белавескія пагадненьні (як і іх ратыфікацыі Вярхоўнымі Саветамі Беларусі, Расеі і Ўкраіны праз некалькі дзён), пры ўсёй іх значнасьці, былі толькі актам юрыдычнай канстатацыі распаду СССР. Актам важным — паколькі Бог ведае, колькі яшчэ магла цягнуцца няпэўная сытуацыя, пры якой т.зв.

Цэнтар у асобе Гарбачова скукожыўся да памераў Крамля, але ўсё яшчэ трымаў палец на ядзернай кнопцы. Між іншым, ні ЗША, ні Захад у цэлым не падтрымлівалі распаду СССР аж да моманту адстаўкі Гарбачова 25 сьнежня 1991 г.

Аднак да моманту Віскулёў Беларусь (як і Ўкраіна) ужо была незалежнай дзяржавай, што было зафіксавана рашэньнем Вярхоўнага Савета 25 жніўня 1991. І адбылося гэта найперш дзякуючы Беларускаму Народнаму Фронту, дэпутацкай Апазыцыі БНФ у ВС-12, а калі пэрсаніфікаваць — Зянону Пазьняку, які яшчэ раней вылучыў Незалежнасьць як палітычную мэту і чый выступ перад галасаваньнем адыграў вызначальную ролю.

Гэта гістарычны факт, і ад таго, што яго прыхоўвае афіцыйная гістроыяграфія, ён не перастае ім быць. (Да гонару Шушкевіча, калі ў першы дзень Сэсіі ён не падтрымліваў абвяшчэньне Незалежнасьці, на другі дзень зьмяніў сваю пазыцыю і як сьпікер сэсіі паспрыяў).

Праўда, падобна, афіцыйная гістрорыяграфія ўжо гатовая падаваць Незалежнасьць як «генацыд беларускага народа», рыхтуючы беларусаў да ўваходу ў склад Расеі.

Паўтару: не Незалежнасьць узьнікла ў выніку распаду СССР (што і па сёньня пішуць некаторыя заходнія, ды і беларускія, аглядальнікі) — а распад СССР быў выенікам абвяшчэньне незалежнасьці былымі савецкімі рэспублікамі.

... Дрэнна, калі палітык у патрэбныя моманты не жадае ісьці на кампрамісы — але кепска, калі ён ідзе на іх празьмерна, асабліва страчваючы час. Тады ўпускаецца гістарычны шанец. На вялікі жаль, на пасадзе старшыні ВС Шушкевіч паспрыяў зусім ня тым, хто імкнуўся гэта шанец скарыстаць.

Найперш маю на ўвазе ягонае адмоўнае стаўленьне да ініцыятывы БНФ правесьці ў 1992 годзе новыя парлямэнцкія выбары. Няма сумневу, што калі б выбары былі праведзеныя менавіта тады, у 1992-м, прыхільнікі Незалежнасьці і дэмакратыі калі б і не атрымалі большасьць, дык значна ўмацавалі б свае пазыцыі ў парлямэнце.

Перакананы, што быў бы абраны дэпутатам і сам Шушкевіч (а магчыма — і ізноў сьпікерам).

Галоўнае — удалося б запазьбегчы ці хаця б адцягнуць на 5-7 гадоў і ўвядзеньне прэзыдэнцтва. У электаральны ўзрост уступіла б новае пакаленьне, якое б у значнай ступені «збалянсавала» галасы сваіх дзядоў зь іх настальгіяй па СССР.

Менавіта 1992 год быў апошнім шанцам для пераменаў — далей ужо палітычная актыўнасьць людзей істотна зьменшылася, затое (ня без уплыву кебічаўскіх праімперскіх СМІ) ўзьніклі азлобленасьць на «дэмакратаў» («Дэмакраты ва ўладзе — Ельцын, Гайдар, Чубайс!» — асноўная маса ўсё яшчэ ўспрымала Маскву як камандны цэнтар) і жаданьне «вярнуцца ў СССР».

Станіслаў Станіслававіч імкнуўся знайсьці кампрамісы з тымі, для каго Незалежнасьць была альбо пустым гукам, альбо варожай ідэяй.

Крок за крокам здаваў ён пазыцыі, і скончылася ўсё сумна — падпісаньнем 31 сьнежня 1993 Дамовы аб далучэньні Беларусі да сыстэмы Калектыўнай бясьпекі СНД.

Я ведаю, што ён не хацеў падпісваць гэты дакумэнт. Але — падпісаў, магчыма, убачыўшы ў гэтым усяго толькі чарговы кампраміс. Але адбылося тое, пра што яго папярэджвалі дэпутаты БНФ (зафіксавана ў стэнаграмах і дакумэнтах): вырваўшы ў яго подпіс пад здачай Беларусі пад фактычны кантоль маскоўскага Генштабу, праімпэрскія сілы праз некалькі дзён адправілі яго ў адстаўку.

Ясная справа, маглі адправіць і раней, і Дамову падпісаў бы ўжо Грыб (увесь 1993 год ён якраз найбольш дамагаўся яе падпісаньня як старшыня Камісіі ВС па абароне і нацбясьпецы), але імпэрцам трэба быў подпіс менавіта Шушкевіча — як гаворыцца, для эфэкту, для зьдзеку.

Аддаючы належнае подпісу Шушкевіча пад дакумэнтамі аб ліквідацыі СССР, бачу ў ягонай асобе і прыклад, як важна бывае для палітыка не ўпусьціць час і не ісьці на кампрамісы з тымі, каму ня варта давяраць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(9)