Общество
Алена Струвэ, ”Радыё Свабода”

«Бабуля дабраславіла маё рашэньне застацца ў ЗША”

У нядзелю а 14-й гадзіне паводле мясцовага часу (ці 24-й паводле менскага) 24 беларускія дзяўчынкі і хлопчыкі, якія знаходзіліся на аздараўленьні ў амэрыканскім горадзе Пэталума, адляцелі дадому. 16-ці гадовая Таня Казыра засталася ў ЗША.

Нагадаем, што першапачаткова вылет 25 дзяўчынак і хлопчыкаў і двух дарослых кіраўнікоў групы быў прызначаны на 5 жніўня. Аднак у той дзень у аэрапорт Сан-Францыска не зьявілася 16-гадовая школьніца з Барысава Таня Казыра. Як высьветлілася, яна пажадала працягнуць сваю візу і зьвярнулася з адпаведнай просьбай да іміграцыйных уладаў ЗША. У выніку беларускія кіраўнікі групы прынялі рашэньне адкласьці вылет.

Адвакат службы іміграцыі Сан-Францыска Крыстафэр Кероскі заявіў у інтэрвію каліфарнійскаму выданьню “Santa Rosa Press Democrat”, што 16-гадовая беларуская школьніца Таня Казыра знаходзіцца ў ЗША на законных умовах, паколькі яе турыстычная віза сапраўдная да лістападу.

“Ніхто не аказвае ціску на дзяўчынку і ніхто не прымушае яе да нейкіх дзеяньняў”, падкрэсьлівае ў размове з журналістамі Кероскі. Паводле яго слоў, дзяўчынка знаходзіцца ў амэрыканскай сям’і, якую любіць і ведае ўжо 10 гадоў.

“Гэтыя людзі, сужэнцы Мануэль і Дэбі Запата, сталі блізкімі для дзяўчынкі, сьведчыць адвакат. Адзінае, чаго цяпер хоча Таня, дык гэта як мага болей часу правесьці ў сям’і разам з той, каго лічыць сваёй сястрой – Ашлітай Запата”.

Паводле адваката, будучыня Тані невядомая. “Цяпер яна просіць падоўжыць яе візу яшчэ на шэсьць месяцаў, – кажа Кероскі. – Аднак зь цяперашняй дзеючай візай яна не парушае ніякіх законаў іміграцыі”.

Тым часам у Сан-Францыска прыбылі прадстаўнікі беларускай амбасады ў ЗША і амэрыканскага Дзярждэпартамэнту. Беларускі віцэ-консул Папоў заявіў, што ўрад краіны патрабуе неадкладнага вяртаньня дзяўчынкі дадому. Ён пацьвердзіў, што Таня ў размове зь ім сказала, што хоча застацца па ўласнай волі.

“Аднак дома яе чакаюць. Яна ня можа тут заставацца, бо гэта парушае пагадненьне (паміж арганізатарамі паездкі беларускай ініцыятывай “Мэдыцына і Чарнобыль” і амэрыканскай “Chernobyl Children's Project”), згодна зь якім яна знаходзілася тут. Мы разглядаем сытуацыю як выкраданьне”, падкрэсьліў беларускі дыплямат.

Таня Казыра таксама дала інтэрвію каліфарнійскаму выданьню “Santa Rosa Press Democrat”. "Я люблю гэтую сям’ю”, кажа на ламанай ангельскай мове беларуская дзяўчынка пра сужэнцаў Дэбі і Мануэля Запатаў і іх дачку Эшлі.

Размова адбываецца ў гасьціннай дома Запатаў у горадзе Пэталума, што непадалёк ад Сан-Францыска. Тут яна ўжо ў дзявяты раз. За гэты час Запаты сталі для яе вельмі блізкімі людзьмі. Для Тані Дэбі і Мануэль – як мама і тата, а Эшлі яна лічыць сястрой. Разам з 18-гадовай Эшлі беларуская дзяўчынка шмат падарожнічала, займалася спортам і сьпевамі.

“Я хачу быць тут даўжэй, – працягвае Таня. – Гэта мая сапраўдная сям’я”.

Дзяўчынка распавядае і пра сваю сям’ю ў Барысаве: бацьку-алькаголіка, маці, якую ніколі ня бачыла, і хворую бабулю – адзіную, хто клапоціцца аб ёй. Учора Таня размаўляла з бабуляй па тэлефоне і сказала пра сваё рашэньне. Паводле яе слоў, бабуля дабраславіла яе і сказала: “Гэта тваё жыцьцё”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)