Скандалы

«Ахоўнік пачаў плакаць. Сказаў, што яму сорамна». Сведчанні яшчэ аднаго вязня «слуцкага лагера»

Свабода публікуе чарговыя сведчаньні былога вязня лагера для пратэстоўцаў, створанага ў жніўні на тэрыторыі ЛПП №3.

Суразмоўца пажадаў застацца ананімным, яго кантакты ёсьць у рэдакцыі.

Ён па-ранейшаму непакоіцца за сваю будучыню. Увечары 9 жніўня жыхара аднаго з райцэнтраў Менскай вобласьці затрымалі ля стэлы, пасьля чаго адвезьлі на Акрэсьціна. Там ён правёў трое сутак, зьмяніў некалькі камэр, атрымаў 15 дзён арышту за ўдзел у масавай акцыі пратэсту.

«Выйшлі і пабачылі плот з калючым дротам, вышкі»

«На Акрэсьціна мяне трымалі трое сутак прыкладна, — расказвае сьведка. — У камэры былі 27 чалавек. Суд прайшоў там жа, незразумелы зусім. А пасьля суду прыйшоў ці то сьледчы, ці то яшчэ нехта. І сказаў, што ўсіх, каго асудзілі, будуць выпускаць. Мы ўзрадаваліся. Але нас вывелі, пашыхтавалі і паведамілі, што павязуць у Жодзіна. Пагрузілі ў шэрыя аўтазакі. У шчыліну можна было бачыць, куды мы едзем. У нейкі момант я зразумеў, што паварот на Жодзіна мы праехалі, што нас вязуць некуды не туды».

Суразмоўца гаворыць, што праз пэўны час аўтазакі з шашы зьвярнулі ў лес. У той момант вязень зусім не разумеў, што адбываецца. Ён кажа, што калёна аўтазакаў была вельмі вялікай. Па дарозе можна было зразумець, што некалькі аўтазакаў сапсаваліся. Камусьці з асуджаных канваіры давалі пакурыць, вады, пазваніць дадому нават. А нехта усю дарогу да Слуцку ехаў тварам у падлогу.

«Калі мы выйшлі, то пабачылі плот, калючы дрот, вышкі, — кажа суразмоўца. — Ахоўнікі нам патлумачылі, што тут быў ЛПП. Сказалі паводзіць сябе нармальна, тады ў нас усё будзе таксама добра. На вышках ахоўнікі былі, ахова з сабакамі, вайскоўцы з аўтаматамі хадзілі. Пасьля прыезду мы чакалі каля 40 хвілін, магчыма, каля гадзіны. Пасьля нас адвялі ў душ, крыху патрымалі на вуліцы і завялі ў барак. Ад гэтага месца спачатку было вельмі не па сабе. На Акрэсьціна хоць і было вельмі жорстка, але там з аўтаматамі я нікога ня бачыў».

«Вялікае памяшканьне з двухпавярховымі ложкамі»

Суразмоўца кажа, што быў зьдзіўлены стаўленьню аховы. Расказвае, што калі загледзеўся на сабаку аднаго з жаўнераў, то да яго падышоў афіцэр і ветліва папрасіў глядзець уніз, а не на вайскоўцаў.

Па словах былога вязьня, у параўнаньні з Акрэсьціна гэта быў піянэрскі лягер. Была нават крама на тэрыторыі. Ахоўнікі сказалі прывезеным пратэстоўцам, што яны могуць там нешта купіць сабе, калі хочуць. Але грошай не было ні ў кога, усё забралі на Акрэсьціна. Суразмоўца кажа, што пазнаў лягер па раней апублікаваных Свабодай фатаздымках. Гэта было дакладна тое самае месца.

«Барак быў падобны на вайсковую казарму, — працягвае аповед сьведка. — Адно вялікае памяшканьне з двухпавярховымі ложкамі. У кожнага чыстая пасьцельная бялізна. У бараку была нават прыбіральня; хто хацеў, мог памыць адзеньне. Выводзілі пакурыць, калі хто меў цыгарэты. Для мяне быў шок, калі я ўначы прачнуўся і папрасіў цыгарэту ў маладога вайскоўца, які нас ахоўваў. Зусім малады, ці то толькі прыйшоў на кантракт, ці то ўвогуле тэрміновай службы. Мы курылі ля барака, ён пачаў распытваць, што з намі адбылося. Я расказваў пра ўсё. І ён пачаў плакаць. Паказаў на пагоны, сказаў, што яму сорамна».

Па словах сьведкі, людзей у слуцкі лягер прывозілі пераважна 13 жніўня, калёны аўтазакаў прыяжджалі некалькі разоў, нават позна ўвечары.

Ахова была і ўнутры баракаў, службоўцы ўнутраных войскаў находзіліся ў бараку з дубінкамі. Аднак не выкарыстоўвалі іх, з затрыманымі абыходзіліся нармальна. Прасілі не хадзіць у вялікім праходзе паміж шэрагамі ложкаў, але камунікаваць паміж сабой не забаранялі, можна было перамяшчацца паміж суседнімі ложкамі. У прыбіральню выводзілі па 5 чалавек.

Вызвалілі суразмоўцу 14 жніўня, адным зь першых. Ахоўнік назваў яго прозьвішча, потым вывелі да брамы і адпусьцілі пасьля падпісаньня паперы з абавязаньнем ня ўдзельнічаць больш у пратэстах.

«Улады рыхтуюцца да новых пратэстаў, такія лягеры могуць зьявіцца зноў»

«Канваіры нам казалі, што гэта ЛПП, — расказвае сьведка. — Для алкашоў, груба кажучы. Мы бачылі тых, хто быў там да нас. Але ім забаранілі з намі размаўляць. Мы маглі выйсьці ў агароджаны дворык ля барака, папрасіць цыгарэту ў гэтых людзей. А яны стаялі і адыходзілі адразу, нават не падымалі на нас вачэй. Высьветліць у адміністрацыі, чаму мы там знаходзіліся, мы не спрабавалі. Я для сябе пасьля Акрэсьціна вырашыў, што ня варта ўвогуле такімі рэчамі займацца. Зразумела, што абсалютная большасьць з нас там была ні за што».

Суразмоўца кажа, што, калі даведаўся пра выказваньні аб магчымым стварэньні лягераў для пратэстоўцаў, то адразу падумаў пра Слуцак. Ён лічыць, што гэта непрымальна і дзіка ў ХХІ стагодзьдзі.

«Ужо тады, у жніўні, гэта выглядала дзіка, — кажа ён. — Калі нас прывезьлі, то гэта была проста нібы вайсковая казарма. Але, пакуль мы там знаходзіліся, гэта паўтара дні, усё абнесьлі плотам, нацягнулі калючы дрот. Літаральна за вечар і раніцу. Ужо тады гэта стала падобна да лягера. Я падумаў, ну ладна. Магчыма, нейкія захады бясьпекі. Але калі цяпер пачуў пра лягеры для тых, хто зараз выходзіць на мітынгі… Я тады зразумеў, што ўсё да гэтага ідзе. Яны рыхтуюцца да новых пратэстаў увесну, такія лягеры могуць зноў арганізаваць».

Загнать людей в лагеря – давнее стремление Лукашенко. Что он предпринимал для этого раньше

Оцени статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.6(22)