Скандалы
Радыё Свабода

Аўтуховіча шукае міліцыя

Ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч не зьявіўся 9 лютага на судовы працэс у Горадні, які меў пачацца ў Кастрычніцкім раённым судзе гораду. Міліцыянт, які павінен быў даставіць яго з Ваўкавыску, не знайшоў прадпрымальніка дома, дзе той меўся знаходзіцца пад хатнім арыштам.

Наш карэспандэнт патэлефанаваў дахаты прадпрымальніку. “Няма яго, пайшоў з дому”, – ляканічна адказвае жонка прадпрымальніка Алена Аўтуховіч.

Начальнік ваўкавыскай міліцыі спадар Берасьнеў паведаміў нашаму Радыё, што Мікалая Аўтуховіча, які зьнік учора, пакуль што не знайшлі. Яго пошукамі займаецца спэцгрупа. Начальнік РАУС зазначыў, што прадпрымальнік ня выканаў пастановы судзьдзі аб зьяўленьні ў суд. Аўтуховіч знаходзіўся пад хатнім арыштам, пастанову аб якім падпісаў у канцы сьнежня. У пастанове былі пералічаныя абмежаваньні, якія накладаліся на Аўтуховіча, у прыватнасьці, ён ня меў права пакідаць свайго дому, што стаіць на тэрыторыі базы таксовак, якую заснаваў прадпрымальнік. Міліцыянт, які меў ахоўваць Аўтуховіча, дзяжурыў кругласутачна на прахадной базы, ён там знаходзіцца і сёньня, хаця прадпрымальнік уцёк.

Нагадаем, прадпрымальніка абвінавачваюць у тым, што ён ухіляўся ад выплаты падаткаў, што пацягнула страты для бюджэту ў асабліва буйным памеры. Мікалай Аўтуховіч праводзіў галадоўку пратэсту супраць свайго арышту на час сьледзтва спачатку ў гарадзенскай турме, потым у рэспубліканскім турэмным шпіталі, адкуль яго 28 сьнежня перавезьлі і Ваўкавыск і зьмясьцілі пад хатні арышт. За 74 дні галадоўкі ён страціў 38 кіляграмаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)