Аўтобус з удзельнікамі акцыі затрымлівалі 8 разоў

У нядзелю, 3 сьнежня, актывісты Партыі БНФ, моладзь БНФ, грамадзкія актывісты, журналісты (сярод іх — наш карэспандэнт Сямён Печанко) выбраліся на гістарычную Случчыну. Мэтай вандроўкі была паездка па месцах, дзе 86 гадоў таму слуцкія паўстанцы мужна баранілі свой край ад бальшавікоў.

Удзельнікі акцыі таксама плянавалі раздаць буклеты з адукацыйнымі матэрыяламі аб Слуцкім збройным чыне. Усяго ў вандроўцы ўзялі ўдзел каля трох дзясяткаў чалавек: моладзь, людзі пэнсійнага ды сярэдняга веку. Некаторыя выбраліся ўшанаваць памяць случчакоў цэлымі сем’ямі.

Нягледзячы на вонкавую апалітычнасьць акцыі, удзельнікаў паездкі затрымлівалі некалькі разоў. Першы раз падчас наведваньня мясцовага музэя. Міліцыю цікавілі такія пытаньні, як: чаму вы гаворыце па-беларуску і навошта вам гітара. Франак Вячорка адказаў на найбольш актуальныя пытаньні.

Другі выпадак здарыўся ў гарадзкім парку, дзе быў зладжаны імправізаваны канцэрт. Да ўдзельнікаў падышлі двое міліцыянтаў і чалавек у цывільным, які адрэкамэндаваўся, як "сьведка". Праўда, дакумэнты, запытаныя ва ўдзельнікаў канцэрту, міліцыянты перадалі як раз "сьведку". У двух мясцовых удзельнікаў акцыі (Павал Філіпеня і Віталь Амяльковіч) былі ўзятыя тлумачэньні, а на менскага студэнта Міколу Якушава складзены пратакол за распаўсюд незарэгістраванай друкаванай прадукцыі.

Затым удзельнікі вандроўкі пакінулі Слуцак. Цягам усяго шляху іх суправаджала машына міліцыі, перадаўшы на мяжы з Капыльскім раёнам мясцовым калегам. А празь некалькі кілямэтраў аўтобус наогул спынілі ў чыстым полі, загадаўшы чакаць. Хутчэй жартам затрыманьне было патлумачана "парушэньнем правілаў перасячэньня межаў Слуцкага і Капыльскага раёнаў".

Прыкладна цераз гадзіну справа была вырашана. Удзельнікам вандроўкі было дазволена прадоўжыць акцыю з дзьвюма ўмовамі: ніякіх лёзунгаў і раздачы буклетаў, аўтобус суправаджае міліцыя.

У Семежаве ўдзельнікі акцыі запалілі зьнічкі ля Крыжа ў гонар палеглых слуцкіх паўстанцаў. Потым аўтобус накіраваўся ў Менск. Цягам ўсяго шляху іх суправаджала міліцыя. Толькі калі аўтобус пераехаў Менскую кальцавую, міліцэйскія аўто зьніклі. Усяго ж за дзень аўтобус з удзельнікамі акцыі спынялі восем разоў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)