Аўтар шыкоўнага роліка: «Людзі, якія кажуць, што ў Беларусі няма чаго паглядзець, альбо сьляпыя, альбо недаацэньваюць сябе»
Павал Супаненка выпускнік Коласаўскага ліцэю і Кракаўскага эканамічнага ўнівэрсытэту — жыве і працуе ў Кракаве, гадуе малую дачку і распавядае пра сваю радзіму.

Больш за 35 тысяч чалавек паглядзелі на Youtube польскамоўны ролік усяго за некалькі тыдняў.
Аўтар віруснага роліка «20 фактаў пра Беларусь» зрабіў беларускую вэрсію
Праца над ролікам заняла 2–3 месяцы, кажа Павал. Рабіць яго даводзілася ў вольны ад працы час. Пасьля ўнівэрсытэту Павал працуе ў сфэры IT, а відэа і анімацыя — ягонае хобі.

Музыку да роліка напісаў ягоны брат Ян. Як кажа Павал, музычнае суправаджэньне — палова посьпеху. Адрэдагаваў тэкст выкладчык інстытуту ўсходнеславянскай філялёгіі Ягелонскага ўнівэрсытэту філёляг і культуроляг Зьміцер Клябанаў. Рабіў відэа Павал на хатнім кампутары, а гук запісваў ва ўласным аўтамабілі — дома, дзе малое дзіця, зрабіць якасны запіс было б складана.
— Гэта была ідэя для канала The Emigrants, які мы з маім сябрам вядзем на фэйсбуку. Ён з Партугаліі, я зь Беларусі. Робім ролікі з польскім кантэнтам, — кажа Павал пра тое, як зьявілася відэа. — Апошнім часам Беларусь дае нагоды для пазытыўных навінаў, зьвязаных з адкрыцьцём межаў. Таму вырашылі распавесьці пра краіну для палякаў так, каб у іх зьявілася жаданьне яе наведаць.
Павал тлумачыць:
— Ня тое каб яны нічога ня ведалі — ведаюць шмат, але збольшага нэгатыўнае. Таму ідэя была простая — паказаць палякам станоўчую Беларусь.
Павал кажа, што пры стварэньні сцэнара былі думкі дадаць і менш пазытыўнай інфармацыі, але ад іх адмовіліся.
— Думалі, ці ня ўставіць пра тое, што Беларусь — адзіная краіна ў Эўропе, дзе ёсьць сьмяротнае пакараньне, або што Лукашэнка больш за 20 гадоў пры ўладзе, — кажа аўтар. — Але гэта ня тое, чым можна заахвоціць людзей. Да таго ж гэта з гумарам было зроблена. Нельга ўспрымаць літаральна тое, што там паказана, бо ў пяць хвілін 20 фактаў нельга зьмясьціць так, каб падрабязна пра іх напісаць.
Досьвед жыцьця ў польскім грамадзтве падказаў Паўлу, якія факты падабраць найлепш:
— Калі спытаць у палякаў, з чым асацыюецца Беларусь, то скажуць — «ну, Лукашэнка, дыктатура. У СМІ мала інфармацыі пра Беларусь. Напрыклад, у мяне на працы ёсьць сяброўка, муж якой увесь час гуляе ў World of Tanks. Я пытаюся: «Ты ведаеш, што гэта ў Беларусі робяць?». І яна была ў шоку.
Рэакцыя на ролік і шматлікія перапосты ў сацыяльных сетках Паўла вельмі цешаць. Кажа, нават не чакаў, што столькі людзей зацікавяцца ягонай працай. Ролік разьмясьцілі папулярныя ў Польшчы інтэрнэт-парталы, і да Паўла зьвяртаюцца з прапановамі зрабіць такое ж відэа на іншых мовах.
У беларускіх сацыяльных сетках пасьля паведамленьня пра бязьвізавы ўезд у Беларусь для грамадзян 80 краін на пяцідзённы тэрмін адразу зьявіліся разнастайныя меркаваньні — ад «тут глядзець няма на што» да «што можна пасьпець за пяць дзён?». Павал кажа, што тут беларусы падобныя да палякаў — «любяць паскардзіцца там, дзе можна парадавацца».
— Мы з жонкай-полькай і дачкой былі зараз у Беларусі тры тыдні. Паглядзець можна вельмі шмат, нават Менск і навокал. Дарогі ў нас вельмі добрыя — за гадзіну можна паўсюль даехаць. У Менску шмат выдатных паркаў, ёсьць дзе шпацыраваць зь дзіцём. Шмат музэяў. Мы зьезьдзілі ў Мірскі замак, у Дукорскі маёнтак. У нас шмат прыгожых месцаў, дзе можна проста гуляць, знайсьці недарагую рэстарацыю, паехаць катацца на сноўбордзе, на лыжах, — кажа Павал. — Людзі, якія кажуць, што ў Беларусі няма чаго паглядзець, альбо сьляпыя, альбо недаацэньваюць сябе. Гэтаксама і тыя, хто кажа, што Беларусь — «малая краіна». Гэта сьмешна і трошкі «савок». Калісьці нам убілі ў галаву, што Беларусь — нейкі прыдатак, малая, недаРусь і навошта тут затрымлівацца. Нават дырэктар гатэлю калісьці сказаў, што турысты ў Беларусь прыяжджаюць, ядуць і едуць на Маскву.
Фактаў з савецкай гісторыі краіны ў Паўлавым відэа няма. Хоць вобраз Беларусі як «маўзалея» СССР дагэтуль жывы. Павал кажа, што для яго ў гэтым факце няма нічога пазытыўнага:
— Калі расейцы прыяжджаюць і лічаць, што «Беларусь — гэта закансэрваваны Савецкі Саюз», то для мяне гэта не камплімэнт. І я з гэтым абсалютна не згаджуся. Можа, архітэктура і нейкія дзяржаўныя ўстановы грамадзкага харчаваньня — яшчэ так. Але я гэтага «саўка» ня бачу. Нават дзяржаўныя ўстановы, як на мяне, лепш працуюць, чым у некаторых краінах Эўропы. Таму не паказваць Беларусь як выспу «савецкасьці» — гэта плюс.

Павал і ягоная сям’я даўно жывуць у Польшчы.
— Ёсьць трошкі шкадаваньня, але цяперашнім часам усе мультыкультуралісты, — кажа ён. — Я не адчуваю сябе адасоблена ад Беларусі. Я свабодны чалавек, падарожнічаю, жыву там, дзе мне ў гэты момант зручна. І стараюся ўплываць на імідж Беларусі, распавядаю пра Беларусь. Раблю, што магу.
Оцените статью
1 2 3 4 5Избранное