Аўтар новай кнігі пра Курапаты: «Гэта проста айсбэрг!»
Гэта 17 тэматычных нарысаў пра трагедыю ў Курапатах, пра драматычныя лёсы ахвяраў і катаў, больш за 100 унікальных фатаздымкаў і малюнкаў, пiша Радыё Свабода.
Журналіст, сябра грамадзкай ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў» Марат Гаравы напярэдадні прэзэнтацыі падзяліўся некаторымі падрабязнасьцямі:
— Кніга — мая рэакцыя на ўсё тое, што адбываецца ў Курапатах і вакол іх, асабліва на апошнія падзеі з «крыжаломам». Мяне гэта вельмі закранула, і я вырашыў тэрмінова напісаць кніжку, бо ў нас няма сучаснай папулярнай літаратуры і публіцыстыкі пра Курапаты. Я востра адчуў, што гэта так патрэбна — напісаць кнігу, у першую чаргу для моладзі, для падлеткаў, дзяцей, для ўсіх, хто цікавіцца гэтай тэмай. І выкласьці ўсё тое, што ў мяне баліць.
Сур’ёзна цікавіцца тэмай Курапатаў Марат Гаравы пачаў з 1996 году, пасьля таго як пераехаў з Гомля ў Менск. Так атрымалася, што ягонае сталічнае жытло аказалася літаральна за 200 мэтраў ад урочышча Курапаты:
— Я падумаў: гэта наканаваньне лёсу. Хоць я і да гэтага цікавіўся Курапатамі, бо сам шмат займаўся археалёгіяй. І з 1996-га вывучыў кожны квадратны мэтар, я быў там кожны дзень, шмат пісаў, і мне гэта настолькі балюча...
Кніга невялікая: 62 старонкі. Складаецца яна з 17 тэматычных нарысаў: «Адкрыцьцё таямніцы старога бору», «Адкуль назва Курапаты», «Гістарычная тапаграфія Курапатаў», «Як працавала «фабрыка сьмерці», «Ахвяры і каты», «Праведнікі», «З гісторыі сем’яў, што жылі каля плота», «Як нішчылі і баранілі Курапаты» ды іншых. Яна багата ілюстраваная — каля 100 здымкаў і малюнкаў.
Кніга грунтуецца ў асноўным на сьведчаньнях людзей, успамінах, тлумачыць аўтар.
— Я сам гісторык і ведаю: калі абмежаваныя гістарычныя крыніцы, асабліва архіўныя, то менавіта сьведчаньні людзей становяцца галоўнай крыніцай. Галоўнай, як паказвае мой досьвед. А я ўсё жыцьцё займаюся краязнаўствам, гісторыяй, аднаўляю невядомыя старонкі нашай айчыннай гісторыі, і заўсёды ў гэтым пераконваўся.
Курапацкая тэма — гэта проста айсбэрг! Але я маю досьвед, за сваё жыцьцё апытаў тысячы сьведак, я ведаю, як гэта трэба рабіць, і да таго ж баліць у душы, — кажа Марат Гаравы.
Адна з кранальных гісторый, якую ён адкрыў, — пра Антона Матусевіча, што жыў на хутары ў Зялёным Лузе. Ягоная жонка Тацяна была ў саўгасе «Зялёны Луг» за вартаўніка і добра ведала ўсю гэтую тэрыторыю, у тым ліку і расстрэльны палігон.
— Уначы прыйшлі да іх і забралі Антося на вачах у малых дзяцей — маўляў, ён польскі шпіён. Дарэчы, потым яго рэабілітавалі.
Жонка пачакала свайго Антося дзень, другі, а потым уначы пайшла ў Курапаты. Чуе: за загарадку заяжджае машына, потым усё сьціхла, празь некаторы час мужчынскі голас гучна прамовіў: «Птушкі, птушкі, раскажыце людзям, што мы ні ў чым не вінаватыя!»
Тацяна распавяла гэта дзецям, а таксама сяброўцы, зь якой працавала. А дачка сяброўкі распавяла гэтую гісторыю мне. І неяк на выставу, прысьвечаную трагедыі ў Курапатах, мы запрасілі родзічаў — унучку і праўнучку Антося Матусевіча. А яны прынесьлі сямейнае фота. Яно ёсьць у кніжцы.
Для мяне самае галоўнае — захаваць памяць пра гэтую трагедыю, — кажа Марат Гаравы.
Кніга «НКВД забіваў у Курапатах...» выйшла ў выдавецтве «Колас». Рэцэнзэнты — археолягі, кандыдаты гістарычных навук Валянціна Вяргей, Мікола Крывальцэвіч, Алег Іоў.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное