І ўсё, што мы робім, што робяць дэмакратычныя сілы — гэта расказы, што Лукашэнка ў крызісе, а мы — топ. Але калі мы глядзім на сітуацыю ўнутры краіны, то я не ведаю, дзе мы топ.
Астапеня: «Рэжым кайфуе, яны адчуваюць, што перамаглі»
Кіраўнік «Беларускай ініцыятывы» Chatham House Рыгор Астапеня – пра настроі ў беларускім грамадстве.
Нядаўна Астапеня на пытанне, ці трэба дэмакратычным сілам выходзіць з цыклу ціску на рэжым, адказаў: «Калі ў вас задача разрадзіць дзеда, то вы павінны выказацца так, каб усе зразумелі: «Мы любім рэпрэсіі». Калі дзед сходзіць з розуму, ён пачынае мацней душыць».
Сацыёлаг патлумачыў свае словы ў інтэрв’ю ЧестнОК-Live:
— Я проста апісваю, што Лукашэнка з намі зрабіў, чаму ён здолеў выйсці з крызісу. У 2020 годзе Лукашэнка быў у велізарнейшым крызісе. І крок за крокам ён здолеў з яго выйсці.
Рэжым цяпер кайфуе, і яны адчуваюць, што перамаглі. І што мы з гэтым робім — кажам: не, вы не перамаглі? Думаю, проста трэба прызнаваць факты. Калі ты іх прызнаеш, ты можаш нешта з імі зрабіць.
Мы бачым, што шматлікія інструменты, у якія мы верылі, не працуюць. Напрыклад, што тычыцца санкцый: мы даведаліся, што ў Захаду няма эканамічных рычагоў, каб зрабіць нешта вельмі дрэннае беларускай эканоміцы. Беларуская эканоміка расце. Ці прызнаем мы гэта?
Мы не кажам зараз пра добрага ці дрэннага Лукашэнку. А пра тое, што зрабіў ён, і што зрабілі мы. І ў выніку акажацца, што ён са свайго крызісу выйшаў, а мы ў свой увайшлі.
Па меркаванні Астапені, палітвязняў можна паспрабаваць вызваліць, калі ўлічыць, што Лукашэнка хоча «грошаў і прызнання».
— Ці правільна ісці на такія дамоўленасці? Думаю, што можна, калі гэта прывядзе да вызвалення людзей. Ёсць скепсіс у часткі людзей адносна таго, што Лукашэнка не дамоваздольны і не хоча гэтага рабіць.
Трэба адшукаць фігуру, якая гэта зможа зрабіць. Хтосьці, у каго ёсць адпаведны калібр, павінен гэта зрабіць.
Канешне, гэта павінен быць не беларус. З ніякім беларусам ніякай дамовы быць не можа. Беларусам могуць прапанаваць напісаць прашэнне (аб памілаванні — С.), і на гэтым увесь дыялог, які можа прапанаваць рэжым.
Гэта павінны быць людзі, якія кіруюць краінамі або маюць аўтарытэт і раней імі кіравалі. У выпадку з Шкляравым (паліттэхнолаг Віталій Шкляраў, былы палітвязень — С.) гэта быў Пампеа (Майкл Пампеа, былы дзяржсакратар ЗША — С.), Сафіі Сапегі — губернатар Прыморскага края, Наталлі Хершэ — праз амбасадара.
Нехта кажа, што гэта могуць быць топавыя дыпламаты. Я ў гэта не веру. Усё ж такі трэба разумець, чаго хоча той бок, а ён хоча прызнання. І не ад дыпламатаў, а ад палітыкаў. Ён хоча кайфануць ад уласнай перамогі.
Ну вось зараз напішуць: ты прапануеш, каб Лукашэнка кайфануў? Але для мяне пытанне не ў тым, якое задавальненне атрымае Лукашэнка, а ў тым, чаго мы можам дасягнуць, для мяне гэта прыярытэт. Пра Лукашэнку я шмат не думаю.
Для мяне праблема — гэта сітуацыя, у якой мы знаходзімся. А мы знаходзімся ў сітуацыі беспрасветных рэпрэсій. Ці можам мы неяк прыпыніць гэты цягнік? Напэўна, неяк крыху можам.
Сацыёлаг таксама выказаў думку, у якой Беларусі хочуць жыць грамадзяне краіны.
— Праўдзівы адказ у тым, што розныя беларусы хочуць рознай Беларусі. Мы грамадства, якое моцна падзеленае, і ў якога ёсць дзве выразныя меншасці. Гэта ўмоўна кажучы мы з табой (Рыгор Астапеня і Аляксандр Івулін — С.) і прыхільнікі Лукашэнкі.
І тыя, і другія з’яўляюцца меншасцю пры тым, што значная частка беларускага грамадства пераважна гэтым усім не цікавіцца.
Мы не з’яўляемся грамадствам таго патрыятызму, які нам прапаноўвае, напрыклад, Зянон Пазняк. Досыць значная частка людзей адносна савецкія, і вялікая частка людзей знаходзяцца ў стадыі фармавання, яны ўжо адыходзяць ад савецкіх наратываў, але не паспелі яшчэ да незалежніцкіх ідэй.
Беларусы па знешняй палітыцы хочуць сябраваць і з тымі, і з тымі. У нас у апошнім апытанні быў тэзіс, што беларусы павінны сябраваць і з Расіяй, і з Украінай. І большая частка беларусаў кажа: так, мы хочам і з тымі, і з другімі.
Калі ты паказваеш гэта ва Украіне, у Расіі, Польшчы, змагарам, ябацькам, яны адразу закіпаюць і не разумеюць, што гэтыя лічбы значаць.
А гэта паказвае, што беларускі народ мае сваё ўласнае меркаванне ў знешняй палітыцы, і гэтае меркаванне не можа перамалоць ніхто. Людзі хочуць міру і любві, — заключае Рыгор Астапеня.
Читайте еще
Избранное