Астапеня: Калі Захад прыме гэтую гульню, цягам года сто ці нават дзвесце палітвязняў могуць выйсці на волю

Кіраўнік «Беларускай ініцыятывы» у Chatham House Рыгор Астапеня — пра магчымае вызваленне палітычных зняволеных і перамовы з рэжымам.

Рыгор Астапеня

— Тое, што рэжым выпусціў некалькі палітвязняў, вельмі важна, — адзначыў Рыгор Астапеня на канале Гадзіннічак цікае. — Важна, што гэта адбылося, бо ўвесь час быў такі стандартны наратыў, што гэта немагчыма, што Захад у гэтым не зацікаўлены, што Лукашэнка ў гэтым не зацікаўлены.

У дэмакратычных сіл быў наратыў, што яны не хочуць займацца «гандлем людзьмі», а пасля, што яны ў прынцыпе не маюць ніякіх інструментаў, каб вызваляць людзей.

А тут раптам гэта адбылося. Год ці два такіх буйных вызваленняў не было, але аказалася, што гэта магчыма. Думаю, што гэта самая істотная змена, якая адбылася.

Вызваленне палітзняволеных Астапеня лічыць крокам Лукашэнкі наперад да Захаду і разважае пра адказныя крокі.

— Пазіцыя Лукашэнкі досыць празаічная. Ён шукае шляхі дээскалацыі, увесь час кажа, давайце размаўляць, мы спыняем нейкія вучэнні побач з Украінай, ідзе працэс вызвалення.

Гэта выразна паказвае, што нейкая размова бакоў адбываецца. Бо каб людзі выйшлі, трэба было перадаць нейкія спісы, пасля хтосьці выбіраў з гэтых спісаў канкрэтных людзей.

Гэта значыць, што нейкі працэс ёсць, нягледзячы на тое, што ўвесь час усе верылі, што ён немагчымы.

Я згодны з тым, што сігнал быў з Менску. Шчыра кажучы, нават калі ў мяне былі размовы з людзьмі ў Беларусі, яны яшчэ ў сярэдзіне вясны казалі, што рэжым, маўляў, гатовы да размовы «усе палітвязні — на ўсе санкцыі».

Пасля з’явілася інфармацыя пра тое, што адбылася сустрэча Борыс з Пачобутам. Здавалася, што нешта хутка будзе.

Але пасля з’явіўся той суддзя Шмідт, які сапсаваў усю сітуацыю, потым наогул было забойства польскага жаўнера. Было вось гэта пачуццё, што Менск накасячыў.

Тым больш, што для Захаду Беларусь ужо не такая важная, таму Лукашэнка павінен даказаць сваю нейкую адэкватнасць, што ён можа штосьці зрабіць.

Таму, мне падаецца, што гэта выразны сігнал: ён шукае нейкія спробы, каб пачаць размаўляць.

Але рэжыму ніхто не верыць. То бок яны ходзяць з гэтай прапановай, што мы гатовыя размаўляць, гатовыя вызваляць палітзняволеных, гатовыя зрабіць вам нейкія ўступкі, гатовыя весці з вамі перамовы.

А ім усе адказваюць: «Дзед, мы з табой не размаўляем, ты сябе праявіў за апошнія чатыры гады так, што ніякай размовы быць не можа».

Вось таму самому рэжыму ёсць сэнс штосьці зрабіць і сказаць, слухайце, насамрэч ёсць працэдура — вызваленне палітзняволеных — і мы можам яе пашыраць.

Яны вось гэта прадаюць на Захад. Захад, зразумела, не вельмі гэта купляе, бо для яго гэта не так важна, але як сама працэдура, мне падаецца, усё досыць проста.

Лічу, што Захаду, канешне, трэба падтрымаць гэты працэс. Бо каб выходзілі палітычныя зняволеныя, я не бачу ніякіх іншых альтэрнатыў.

Можна зноў праігнараваць і як бы не заўважыць альбо можна пачаць і ўключыцца ў працэс. Праз перамовы, — прапануе Астапеня.

Ён прагназуе: калі Захад падтрымае гэтыя перамовы, то ў хуткім часе на свабоду выйдуць некалькі соцень палітвязняў.

— Не думаю між тым, што санкцыі зараз на стале перамоў. Так, яны вяртаюцца да тэмы калію, але я не веру, што яны адчуваюць, быццам бы гэта рэалістычна. Хутчэй за ўсё, пра санкцыі рэжым кажа, таму што трэба казаць.

Але найхутчэй зараз размова пра тое, каб проста адбудаваць нейкія шляхі камунікацыі. Бо, відаць, у іх ёсць пачуццё, што мы крыху перагнулі палку, але ж ёсць і пачуццё, што перамаглі.

У часткі сістэмы сапраўды ёсць выразнае адчуванне, што ўсё зроблена, цяпер мы можам крыху адпачыць, таму давайце паспрабуем гэтую камунікацыю з Захадам, паспрабуем гэтыя бязвізы і г.д.

Чаго хоча рэжым? На мой погляд, ён досыць празрыста кажа: «Пазваніце мне, пазваніце, паразмаўляйце са мной». Так, цяпер яны хочуць, каб з імі проста размаўлялі.

І калі Захад прыме гэтую гульню, я спадзяюся, што цягам года сотня ці нават дзве палітвязняў выйдуць на волю. Гэта вельмі рэалістычна, — не выключае Астапеня.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.3(14)