Спорт
Яўген Валошын, «Еўрарадыё»

Астапчук расказала, чаму тэрміны яе дыскваліфікацыі дагэтуль не вызначаны

Разгледзець пытанне абяцалі цягам двух месяцаў. Але штурхальніца ядра ўжо паўгода ў падвешаным стане: сыходзіць са спорту ці не?

“Гэты тэрмін падаецца працяглым, але ён не такі і доўгі, ― па-філасофску ўсміхаецца Яніс Нікалау, менеджар па камунікацыях Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных асацыяцый (IAAF). ― Часам разгляд займае два-тры месяцы, бывае, шэсць, восем, дзевяць месяцаў. Можа быць нават адзін год. Залежыць ад выпадку”.

Еўрарадыё: Чаму канкрэтная справа Астапчук разглядаецца так доўга?

Яніс Нікалау: “Выпадак не падсумаваны, ён дагэтуль на стадыі расследавання. Я не праінфармаваны наконт дэталяў і не магу іх каментаваць”.

Допінг-спроба штурхальніцы ядра Надзеі Астапчук, узятая падчас Алімпіяды ў Лондане, паказала станоўчы вынік. У беларускі забралі залаты алімпійскі медаль.

Афіцыйная версія, якую падала наша Нацыянальнае антыдопінгавае агенцтва, заблытала справу яшчэ больш. Аказалася, што трэнер Яфімаў перад самым стартам страціў псіхалагічную раўнавагу і падмяшаў метэналон вучаніцы ў ежу. Пры гэтым практычнай карысці ад допінгу не было, бо метэналон, каб быў эфект, прымаецца працяглым курсам.

Пазней трэнер у эпатажна-здзеклівай форме адкаментаваў журналістам, што дадаў вадкі метэналон у каву. Хоць, як высветліла Еўрарадыё, незаўважна падліць стэройд у каву немагчыма.

Карацей, чыноўнікам антыдопінгавай камісіі IAAF было што паўдакладняць у калег з Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі.

“І ніякай інфармацыі па дыскваліфікацыі дагэтуль няма, ― канстатуе Надзея Астапчук. ― Справа ў тым, што звычайна перапіскай займаецца нацыянальная федэрацыя, якая прадстаўляе інтарэсы спартсменкі. Але мне самой давялося перапісвацца з IAAF”.

Еўрарадыё: Мы таксама не маглі дабіцца ад Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі інфармацыі. Пасада прэс-сакратара пустуе, генеральнага сакратара злавіць амаль немагчыма…

Надзея Астапчук: “Генеральны сакратар Федэрацыі, якая павінна была займацца перапіскай, гэтым не займалася і не паведамляла інфармацыю пра некаторыя лісты. Такая вось была работа. Можа быць, мэта была адваротная ― нашкодзіць. Мне давялося самой наўпрост звярнуцца ў антыдопінгавую камісію IAAF, паскардзілася, што мне не даюць ніякай інфармацыі. Яны доўга думалі, але скончылася тым, што перапісваемся з імі наўпрост. А наша федэрацыя дагэтуль не можа паведаміць IAAF, што ў іх новы старшыня, новы галоўны трэнер зборнай, новы генеральны сакратар. Дагэтуль лісты дасылаюць на імя супрацоўніцы Патупчык, якая з кастрычніка ўжо не працуе”.

Еўрарадыё: Які сэнс займаць пасіўную пазіцыю? Гэта, на вашу думку, расхлябанасць?

Надзея Астапчук: “Ёсць, напэўна, і расхлябанасць. А, можа, была і банальная помста з боку былога кіраўніцтва федэрацыі”. (Паводле адной з версій, пасля скаргі Астапчук былы кіраўнік Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Бадуеў быў зняволены. ―заўв. Еўрарадыё).

Еўрарадыё: Дык калі можа вырашыцца пытанне па дыскваліфікацыі?

Надзея Астапчук: “Зыходзячы з перапіскі, IAAF таксама імкнецца ўсё вырашыць як мага хутчэй. Разумеюць, што разгляд зацягнуўся. Спадзяюся, што цягам сакавіка ўсё будзе вядома”.

Еўрарадыё: Вы, страціўшы залаты медаль, апынуліся ў здзеклівай сітуацыі. А тут яшчэ і тэрміны дыскваліфікацыі не могуць вызначыць так доўга. Жывяце ні там, ні сям…

Надзея Астапчук: “Гэта мякка кажучы. Я зараз тры-чатыры разы на тыдзень лёгка падтрымліваю форму. Таксама пішу лісты ў IAAF, хоць трошкі складана самой гэта перакладаць і правільна складаць. Мяне падтрымліваюць сябры, блізкія. Я чакаю вынікаў разгляду, каб прыняць канчатковае рашэнне, што рабіць і чым займацца”.

Ці прымала Надзея Астапчук допінг па сваёй волі ― дагэтуль адкрытае пытанне. За некалькі дзён да старту на Гульнях яе правярала адна з міжнародных лабараторый. Спартсменка аказалася чыстай. Хоць метэналон, па ідэі, мусілі знайсці ўжо тады.

Надзея Астапчук абяцае раскрыць усю праўду пасля таго, як рашэнне па дыскваліфікацыі будзе прынята.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)