Спорт
Яўген Валошын, Еўрарадыё

Астапчук, магчыма, зможа выступіць на Гульнях у Рыа

Такую верагоднасць Еўрарадыё пацвердзіў чыноўнік Міжнароднай федэрацыі лёгкай атлетыкі.

Нацыянальны антыдопінгавы камітэт ужо абвесціў сенсацыйныя звесткі па “справе Астапчук”: бессэнсоўны допінг метэналон 30 ліпеня спартсменцы падсыпаў трэнер. Цяпер з гэтымі звесткамі павінны азнаёміцца кампетэнтныя міжнародныя чыноўнікі.

Еўрарадыё тэлефануе ў Манака, дзе месціцца Міжнародная федэрацыя лёгкай атлетыкі (МФЛА). Пытаемся ў Яніса Нікалаоу, мэнэджэра па сувязях, як яго ведамства паставілася да вынікаў беларускага расследавання?

Яніс Нікалаоу: Выпадак пакуль не быў абмеркаваны і падсумаваны. Для гэтага патрэбны час. Звычайна – каля двух месяцаў. У дадзены момант мы атрымоўваем дакументы з Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі.

Еўрарадыё: І што будзе прадпрымацца пасля атрымання дакументаў з Беларусі?

Яніс Нікалаоу: Будзем правяраць, ці ўсё зроблена адпаведна правілам. Мы праверым, якія маюцца доказы, дакументы. І дадзім адказ у Беларускую федэрацыю лёгкай атлетыкі: ці ўсё нармальна з нашага пункту гледжання. Пасля беларуская Федэрацыя прыме сваё рашэнне.

Еўрарадыё: То бок, рашэнне застаецца за нашай федэрацыяй легкай атлетыкі?

Яніс Ніколау: Першыя, хто вырашыць пытанне па дыскваліфікацыі - беларуская федэрацыя. Пасля яны звяртаюцца ў Міжнародную федэрацыю па візу. Мы альбо зацверджваем іх рашэнне, альбо не. Часам не даем візы і звяртаемся ў Нацыянальную федэрацыю, каб там змянілі рашэнне, калі яно няправільнае.

Еўрарадыё: Якое пакаранне можа чакаць Надзею Астапчук?

Яніс Ніколаоу: Можа быць год, два гады дыскваліфікацыі і больш. З майго досведу такі выпадак цягне за сабой двухгадовую дыскваліфікацыю, але зараз складана сказаць.

Еўрарадыё: Калі будзе двухгадовая дыскваліфікаваная, ці зможа Астапчук выступіць на наступных Гульнях у Рыа-дэ-Жанэйра?

Яніс Ніколаоу: Так, ёсць верагоднасць, што зможа.

Еўрарадыё: Ёсць меркаванне, што беларускіх атлетаў празмерна засуджваюць, стаўленне з палітычных прычын неаб’ектыўнае…

Яніс Ніколаоу: Дыскваліфікацыі здараюцца са спартсменамі з розных краін. Перад Алімпіядай у Лондане у нас быў допінгавы выпадак у Злучаных штатах: Дэбі Дан, 400 метраў, атлетка з нацыянальнай зборнай. Беларусь для нас – як усе іншыя краіны. Як любая іншая краіна. Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі – сябар нашай арганізацыі. Але калі атлет робіць нешта дрэннае, то гэта непрымальна. Прымаць стэроіды – гэта дрэнна.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)