Асобы года па версіі сябраў ГА «БАЖ» — Кацярына Сінюк і Эдуард Пальчыс

Прэс-служба ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» правяла сярод сябраў арганізацыі невялікае апытанне па выніках 2016 года.

АСОБАМІ года ў беларускай медыясферы большасць прагаласаваўшых назвалі Кацярыну Сінюк і Эдуарда Пальчыса.

ПАДЗЕЯЙ года сябры арганізацыі часцей за ўсё называлі забойства Паўла Шарамета, стварэнне часопіса «Имена» і судовую справу Антона Матолькі супраць Белтэлерадыёкампаніі.

Удзельнікі апытання мяркуюць, што найбольш паспяхова сёлета арганізацыя працавала ў адукацыйнай і праваабарончай галінах, на гэтых жа накірунках прапанавалі засяродзіцца і ў 2017 годзе. Таксама сярод прыярытэтаў назвалі ўзмацненне журналісцкай салідарнасці, падтрымку фрылансераў, пошук працы для журналістаў і іншае.

Рэспандэнтам не прапаноўвалі выбіраць адказы са спісу. Пытанні былі адкрытыя і прэс-служба арганізацыі прасіла называць менавіта тыя падзеі і накірункі, якія сапраўды запомніліся ў 2016 годзе ўдзельнікам апытання.

А 3 снежня рэдактар «Советской Белоруссии» Павел Якубовіч ў эфіры БТ заявіў, што траціна сябраў БАЖ выступаюць за забарону трансляцыі ў Беларусі расійскіх тэлеканалаў. Каб пацвердзіць ці абвергнуць здагадкі Якубовіча, апошні пункт апытання акурат быў прысвечаны расійскаму інфармацыйнаму прадукту.

У выніку 67 % апытаных выказаліся за забарону трансляцыі расійскіх каналаў, і толькі 33 % мяркуюць, што расійскія тэлеканалы не трэба прыбіраць з эфіру.

Оцени статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)