Женщины

Сяргей Цвярдычаў

Асабісты пратэст Вольгі Альшэўскай: «Фіналам стаў захоп у лазні»

Вольга Альшэўская — адна з тых, каго амаль год назад затрымалі ў жодзінскай лазні. Выпадковы фрагмент, аднак, не адлюстроўвае сапраўднае жыццё жанчыны. «Салідарнасць» выпраўляе недарэчнасць.

Прабабулi ў горадзе ўсталяваны помнік — як сімвал маці, патрыёткі

З хударлявай, інтэлігентнай жанчынай мы наўпрост ідзем па вуліцы аднаго з еўрапейскіх гарадоў і размаўляем па-беларуску, узгадваем агульных знаёмых, і такое ўражанне, нібыта ўжо вярнуліся ў родную краіну. Вольга Альшэўская выглядае супакоенай — зараз яна ў бяспецы, побач з блізкімі людзьмі і вельмі чакае магчымасць, калі можна будзе вярнуцца дадому.

— Маю прабабулю Настассю Купрыянаву ведае ўвесь Жодзіна, ёй нават помнік усталяваны. Яе пяцёра сыноў загінулі ў Другой сусветнай вайне. Адзін пасмяротна ганараваны званнем Героя Савецкага Саюза. Ён паўтарыў подзвіг Матросава, кінуўшыся на амбразуру дота, што дазволіла працягнуць наступ— свой аповед Вольга Альшэўская вырашае пачаць з гісторыі сям’і.

Дзяўчынка з кветкамі — Вольга Альшэўская. Разам з бабуляй каля помніка Пятру Купрыянаву Фота: e*-press.by

Суразмоўца робіць паўзу, а пасля задаецца пытаннем, як можна было ў 18 гадоў пайсці на такое — патрыятычная акцыя, гераічны момант ці прымус? Хаця, як прыгадвала яе бабуля (сястра Пятра Купрыянава), хлопец быў наравісты, меў задзірысты характар. Усё можа быць…

— Подзвіга за ўсім гэтым прабабуля не бачыла — калі прыходзілі піянеры, то сумавала, плакала, — працягвае жанчына. — Яна была простай, неадукаванай жанчынай. Нават выходзіла замуж у першы раз выпадкова. Пайсці да шлюбу павінна была яе сястра, якая раптоўна памерла. Але ж да вяселля ўсё было падрыхтавана, і ёй прыйшлося ісці пад вянец.

Сваіх дзяцей Настасся Купрыянава не змагла пахаваць, не пабачыла іх могілкі. Сэрца да апошніх дзён жыцця не верыла, што сыны загінулі. Недзе ў таямніцах душы яна спадзявалася, што хлопцы працягваюць жыццё, але чамусьці не выходзяць на сувязь.

«Не ўсе настаўнікі такія…»

У Жодзіна Вольгу Альшэўскую ведаюць найперш не як праўнучку знакамітай гараджанкі, а як настаўніцу малодшых класаў. Дагэтуль яе памятаюць вучні, іх бацькі, калегі…

— Чаму настаўніцтва?

— Гэта была дзіцячая мара, якой я рушыла ўсё прафесійнае жыццё. З 18 гадоў працавала ў школах: дваццаць гадоў у адной, дванаццаць — у другой. Самымі шчаслівымі лічу 1990-я, калі можна было праяўляць ініцыятыву, адступаць ад праграмы. Звязваю гэта з адраджэннем, прачнуўшымся духам беларускасці.

Жанчына цяжка ўздыхае, бо размова кранаецца цяжкай тэмы — ролі настаўнікаў у выбарах. Як сталася, што праваднікі ведаў сталі ўдзельнічаць у падмане?

— Трансфармацыя адбывалася паступова, нават непрыкметна. Заўтра трэба зрабіць тое і тое. Напрыклад, сабраць грошы на фіранкі. Калі не можаш — скажы, хто зробіць замест цябе. Кругавая парука. Настаўнікі сталі зацюканымі. Хто не пагаджаўся — звальняўся. Іншых выціскалі. А я заткнулася. Не хацелася губляць працу, якую я шчыра любіла.

Як прызнаецца настаўніца, прыходзілася недаробліваць у плане ідэалогіі. Але казаць пра погляды адкрыта было небяспечна, хаця пазіцыю прынцыповага педагога добра ведалі. Канечне, ціснулі, але заўсёды была магчымасць праігнараваць асабістае даручэнне.

«Калі мяне ўбачыла калега, яе твар скрывіўся»

Так доўжылася да 2010 года, калі Вольга Альшэўская акунулася ў электаральную кампанію, стаўшы незалежнай назіральніцай.

— Гэта быў асабісты пратэст. Я хацела зрабіць хоць нешта. Лічыла так: хто калі не я? Хай кожны зробіць, што можа — і ўсё атрымаецца. Тады шмат цікавых кадыдатаў было — Андрэй Саннікаў, Віталь Рымашэўскі, Уладзімір Някляеў. Калі ўбачыла іх выступы па тэлебачанні, я атрымала глыток свабоды. На адной з сустрэч пазнаёмілася з актывістамі і прапанавала дапамогу.

З усмешкай субяседніца «Салiдарнасцi» узгадвае, як партызанскімі шляхамі дабіралася на сустрэчы незалежных назіральнікаў — ужо ў той час была моцная канспірацыя.

— На ўчастку, на якім я назірала за выбарамі-2010, апынулася мая непасрэдная калега — настаўніца пачатковых класаў. Але ў супрацьлеглай пазіцыі. Калі яна мяне ўбачыла, яе твар скрывіўся.

Асабісты пратэст Вольгі Альшэўскай не прайшоў бясследна. У 2011 годзе яе спрабавалі звольніць. Настаўніца даведалася, што дырэктара прымушаюць пайсці на гэты крок.

— Ён ведаў, што я — добры педагог, але ж прычапіцца можна ж заўсёды: не так тое зрабіла, не тую паперку своечасова падала… Мяне выратавалі бацькі вучняў, да якіх дайшлі чуткі. Яны схадзілі ў выканкам, і ад мяне адчапіліся.

«Заставалася ў Жодзіна, каб бараніць сваё»

Пасля 2010 года з Вольгай Альшэўскай адбылася тыповая з’ява пасля жорсткіх пераследаў — дэпалітызацыя. У 2015 годзе жанчына прынцыпова не хадзіла на выбары. Яна страціла сувязі з іншымі назіральнікамі, не асабліва сачыла за палітычнымі падзеямі.

— На пачатку 2020-га я нават не ведала, хто такі Ціханоўскі, Бабарыка, Цапкала. Інфармацыйная хваля накрыла раптам. Хтосьці патэлефанаваў і сказаў, што ў горадзе збіраюць подпісы за Святлану Ціханоўскую. Тады я ўбачыла вялізарную чаргу, якая мяне натхніла… Людзі скалыхнуліся! У адзін момант я апынулася ў эпіцэнтры падзеяў і ўжо не магла выключыцца: ездзіла на сустрэчу аб’яднанага штаба, вырашыла зноў пайсці назіральніцай, далучылася да ініцыятывы «Сумленныя людзі»…

Як адбывалася незалежнае назіранне за выбарамі, пісалася шмат. Досвед Вольгі Альшэўскай быў не самым жорсткім: ёй спрабавалі перашкаджаць, але нават з міліцыянерамі даводзілася ўсталяваць нейкі кантакт.

— Мяне натхняла, што сярод назіральнікаў было шмат моладзі. Як самая вопытная, я тлумачыла, якім чынам пры падліках здзяйсняецца фальсіфікацыя. Працэс праходзіў нервова, але без асаблівых інцыдэнтаў.

Пасле галасавання жанчына паспела схадзіць да выканкама, убачыць людзей у чорным і… захварэць. Вялікая тэмпература не дазваляла сачыць за падзеямі. Самыя жудасныя дні 2020-га года Вольга Альшэўская правяла ў ложку, ачнуўшыся толькі падчас першага вялікага маршу.

— Вырашыла не ехаць у Мінск, каб застацца ў Жодзіна і бараніць сваё. З таго часу я ўвесь час удзельнічала ў пратэсце. Меркавала, што жанчын чапаць не будуць. Божачкі, як я памылялася! Першы раз затрымаць спрабавалі напроўст на вуліцы. Нейкі хлопец у цывільным выйшаў з аўтамабіля і схапіў адну з нашай кампаніі: «Дзяўчаты, трэба пагутарыць!» Мы пачалі лямант і неяк адбілі сяброўку. Нават думалі напісаць заяву. Тады мы былі такія наіўныя…

«Мы ішлі адпачнуць, а не пратэставаць»

Шпацыры з парасонамі, збор подпісаў за адкліканне дэпутатаў, шматлікія вулічныя акцыі. У 2020-м годзе Вольга Альшэўская ўжо не працавала ў школе і з галавой акунулася ў пратэст.

— У адзін момант я зразумела, што я патрапіла на ўсіх відэа. У дзверы пачалі грукаць, пад вокнамі часяцом стаяў характэрны «бобік», на тэлефон званілі з незнаёмых нумароў. Я пачала сцерагчыся, нават дзень народзінаў святкавала не дома.

Так працягвалася да красавіка 2021 года. А фіналам стаў захоп у лазні, кажа жанчына.

— У той дзень мы сабраліся ў сауне. Гэта была звычайная сустрэча, мы ішлі адпачнуць, а не пратэставаць. Ні сімволікі, ні сцягаў не бралі. Нават дамаўляліся пакінуць дома тэлефоны. Аднак…

У нейкі момант у лазню ўварваліся людзі ў чорным. Спачатку не ўсе зразумелі, што гэта не розыгрыш, а насамрэч захоп.

— Убачыла міліцыянера, якога ведала па выбарах — ён прыходзіў на ўчастак і я запісала яго прозвішча. Хацела спытацца: Міхаіл, што вы робіце? Але не паспела, бо мяне жорстка за руку схапіў амапавец, паставіў да сцяны. Я не ведаю, якімі ворагамі яны нас бачаць…

Як кажа жанчына, сцяг, фатаграфія якога была размешчана ў праўладных Telegram-каналах, хутчэй за ўсё прынеслі самі захопнікі. Гэта стала падставай для затрымання дваццаці чалавек, якіх судзілі па адміністратыўным артыкуле 24.23 — каму далі штрафы, каму «содні».

— Чалавек, які можа ужываць сілу супраць жанчыны, на што ён увогуле здольны? — пытаюся.

— На ўсё… Гэта людзі без твараў. Аднак вочы аднаго з іх я запомніла. У аддзеле яны нас сцераглі. Мы скарысталіся магчымасцю паразмаўляць. Гэта былі не мясцовыя хлопцы. Яны наганялі важнасці, мацюкаліся. Я зрабіла заўвагу. Тады сталі размаўляць ужо не з дапамогай табуіраванай лексікі. Спрабавала разумець, чаму яны б’юць затрыманых. У адказ — адныя прапагандысцкія штампы…

Вольгу Альшэўскую пратрымалі ў міліцыі дванаццаць гадзін. Яна была ўпэўнена, што пасадзяць у ІЧУ. Аднак у апошні момант адпусцілі. Тады першы раз прыйшла думка: можа пара з’язджаць?

Пасля інцыдэнту ў лазні прынцыпова стаўленне да сітуацыі ў краіне ў жынчыны не змянілася. Аднак рэпрэсіі робяць сваё — з’явіўся страх.

— Cуд праходзіў па скайпе, бо я захварэла. Дома стаяла торба. Я хадзіла вакол яе цэлы дзень — тое дастану, тое пакладу. Думала — толькі б грашыма адплаціцца. Так і адбылося — мне далі вялічэзны штраф.

Грошы дапамаглі сабраць родныя. Выплаціць штраф памерам з больш за сем яе пенсій, Вольга Альшэўская самастойна не змагла б.

Асобная гісторыя тычыцца тэлефоннага зліва, які з’явіўся ў інтэрнэце. На запісы меркавана міліцэйскія начальнікі абмяркоўвалі спецаперацыю ў лазні.

— Яны казалі, што ўзялі «увесь бамонд». Гэта было прыемна чуць. Аднак інфармацыя прынесла для нас разуменне, як яны нас знайшлі. Гэта было вялікае аблягэчнне. Бо мы ніяк не маглі зразумець, хто ж нас здаў. Сорамна казаць, але мы думалі на адну з нашых дзяўчат. Калі ж стала зразумела, што яны сачылі па тэлефонах, мы выдахнулі. Ніхто нікога не здаваў!

…Зараз Вольга Альшэўская знаходзіцца за межамі Беларусі. Кажа, што адчувае сябе ў бяспецы. Хаця спачатку шукала вачамі амапаўцаў у таніраваных бусах. Але цяпер поўнасцю супакоілася і чакае магчымасці вярнуцца дадому.

— Палітычнага прытулку не прашу прынцыпова. А тое, што змагу вярнуцца дадому, не сумняюся! Я ж чакала зменаў амаль трыццаць гадоў. Што ж тычыцца шкадаванняў, то іх няма. Адзінае, я б не хацела зноў перажыць такія ж эмоцыі, як падчас захопу ў лазні.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(31)