Политика
Радыё Свабода

Арыштамі пакараныя каля 300 удзельнікаў пратэстаў у Менску

9 раённых судоў Менску цягам дня судзілі затрыманых удзельнікаў акцыі на Кастрычніцкай плошчы і шэсьця 25 сакавіка. Каля трох сотняў чалавек пакараныя арыштамі. Цягам дня менчукі назіралі як па сталічных вуліцах у аўтобусах з танаваным шклом і аўтазаках вазілі затрыманых у суды, а потым з судоў у ізалятары.

Напрыканцы працоўнага дня ў дзевяці раённых судах Менску пакаралі 293 чалавекі. Больш за палову гэтага сьпісу складаюць студэнты сталічных унівэрсытэтаў. Сярод арыштаваных грамадзяне Францыі, Канады, Польшчы, Украіны і Расеі. Былога амбасадара Польшчы ў Беларусі Марыюша Машкевіча за тое, што быў уначы на Кастрычніцкай плошчы арыштавалі на 15 сутак. А польскую журналістку Вераніку Самалінскую – на 10. Расейскі журналіст і праваабаронцы Аляксандр Падрабінек адбудзе за кратамі беларускага ізалятара 15 сутак арышту. Журналістаў беларускіх выданьняў арыштавалі ад 10 да 15 сутак. Амаль усе пакараныя ў судзе сваю віну не прызнавалі. Яны спасылаліся на Канстытуцыю і казалі, што закон не парушалі.

Ля спэцпрымальніка на Акрэсьціна зноў стаяць сваякі арыштаваных. Сытуацыя паўтарылася – невядома куды накіравалі людзей пасьля судоў адбываць арышты. Бацькі абураюцца, адміністрацыі ізалятараў не кажуць прозьвішчаў. Апроч таго, студэнтам пагражае адлічэньне з унівэрсытэтаў. Гаворыць адна з жангчынаў, што прыйшлі ў суд.

(Васілеўская:) “Мы шукаем сваіх сяброў студэнтаў. Сьпіскаў няма. Мы толькі бачым аўтобусы, бачым, што там ёсьць людзі”.

Людзі з 5 раніцы займаюць чэргі каля брамаў спэцпрымальніка і ізалятараў, каб паспець перадаць харчы і цёплыя рэчы. Цяпер невядома яны ня ведаюць куды трэба ісьці. Ім абяцаюць, што 28 сакавіка будуць адпаведныя сьпісы ў кожным ізалятары. Пакуль дакладна вядома, што арыштаваных дзяўчат будуць трымаць у ізалятары менскага раёну.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)