Археолаг: «На каменьчыку XVII ст. герб Гародні і Пагоня. Якія яшчэ трэба доказы?»
Гонар, з якога складаецца нацыяльная ідэя беларусаў.
— Духоўнасць у беларусаў, безумоўна, ёсць, дастаткова ўзгадаць: «Чаго ж захацелася ім, сляпым, глухім? — Людзьмі звацца». Гэта вельмі істотны чыннік, — разважае аб складніках нацыянальнай ідэі археолаг, даследчык, пісьменнік Сяргей Тарасаў у эфіры Еўрарадыё. — Духоўнасць можна разумець па-рознаму. Можна ў прамым сэнсе — рэлігійная духоўнасць вернікаў, вера ў Бога. А можа быць нейкая культурная духоўнасць, гонар за сваё мінулае, гонар за сваіх творцаў, паэтаў, пісьменнікаў, мастакоў, гонар за сваіх гістарычных дзеячаў.
Але, на мой погляд, ёсць яшчэ адзін такі складнік вельмі істотны — уласны чалавечы гонар, які ты мусіш трымаць ў сябе. Гонар не падстаўляць другую шчоку, калі табе лепяць аплявуху, гонар не рабіць тое, што супярэчыць тваім чалавечым, маральным нейкім поглядам, гонар адстойваць свой пункт гледжання і гонар змагацца за тое, каб ты мог мець свой пункт гледжання.
Так, дзяржава абавязана гэта гарантаваць. І вось гэты ўнутраны чалавечы гонар — гэта яшчэ адзін неабходны чыннік і складнік нацыянальнай ідэі.
Археолаг таксама расказаў, пра адзін з матэрыяльных доказаў нацыянальнай ідэі, які яму давялося знайсці.
— Уявіце сабе, 1987-88 год, калі з’явілася публікацыя Пазняка і Шмыгалева «Курапаты – дарога смерці», калі паднялася моцная хваля другога беларускага адраджэння, і пачаліся, кажучы сённяшнімі словамі, наезды на бел-чырвона-белы сцяг, на Пагоню, што, маўляў, гэта ўсе не наша, усё чужынскае…
Вось уявіце сабе, у гэты ж час у цэнтры Полацка я праводжу раскопкі на месцы сядзібы ювеліраў. Натуральна мы капаем зверху ўніз. Зверху ў нас там XX стагоддзе, унізе — XXI стагоддзе. І вось на адным участку дайшлі да вулічнага насціла, і прама на гэтым вулічным насціле XVII стагоддзя ляжыць каменьчык такі пляскаты, а на каменьчыку — дзве выявы. З аднаго боку — алень Святога Губерта, герб Гародні, а з другога боку — Пагоня.
Якія трэба яшчэ доказы, што гэта нашае, што яно вот пад нагамі ў зямлі ляжала і археолагі выкапалі гэту нацыянальную ідэю?
Сяргей Тарасаў, археолаг
Читайте еще
Избранное